Досвед у псіхалогіі і павага ад бабулі

Факультэт філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта стаў ініцыятарам і арганізатарам “#Нясумнага фестывалю псіхалогіі”, зрабіўшы выклік нецікавай і сухой тэорыі.

Аўтарам ідэі фестывалю стала чацвёртакурсніца Настасся Сарокіна, якая абдумвала праект на працягу двух гадоў. Ініцыятыва атрымала грант на конкурсе “Лепшы маладзёжны праект БДУ”, і каманда, у якую ўвайшлі аднакурснікі дзяўчыны Ілья Кузняцоў, Кацярына Лесіна, Дзмітрый Сімюковіч і Іван Ткачоў, пачала кіпучую дзейнасць. Па словах куратара фестывалю Галіны Фофанавай, каб перадаць вопыт арганізацыі падобных мерапрыемстваў, у праекце задзейнічалі студэнтаў малодшых курсаў.

— Калі хочаш, каб ідэя жыла і рэалізоўвалася з году ў год, трэба арганізаваць пераемнасць, — пераканана Галіна Аляксандраўна. — Таму ўбаку не засталіся і выкладчыкі, якія прапанавалі ўласныя тэмы. Але ў тыднёвую праграму мерапрыемстваў трапілі не ўсе: спікераў выбіралі, абапіраючыся на шматграннасць псіхалогіі.

Адметна, што рэалізацыя ініцыятывы выпала на 140-ю гадавіну псіхалогіі як навукі. Праграма, прапанаваная арганізатарамі, уключала 27 семінараў, майстар-класаў, лекцый, трэнінгаў і дыягнастычных гульняў, што праводзіліся выкладчыкамі і студэнтамі кафедры псіхалогіі ФФСН, а таксама вядучымі спецыялістамі псіхалагічай службы БДУ.

— Наконт назвы мы доўга думалі, ладзілі мазгавыя штурмы, — дзеліцца Галіна Фофанава. — А пасля мне патэлефанавала Насця і сказала, што яны з сябрамі прыдумалі назву “#Нясумны фестываль псіхалогіі”.

Арганізатары імкнуліся ахапіць шырокую аўдыторыю: школьнікаў, студэнтаў непсіхалагічных спецыяльнасцей, а таксама дарослых. Некаторыя блокі арыентаваны на псіхолагаў-практыкаў, выкладчыкаў-куратараў і студэнтаў-псіхолагаў выпускных курсаў.

— Існуе шмат прафесійных фестываляў, але наша задача — паказаць прывабнасць псіхалагічнай навукі з розных бакоў, — заўважыла спецыяліст.

Каб зацікавіць людзей, да сустрэч падышлі нестандартна, нават з гумарам. Чаго варты назвы майстар-класаў “Самакапанне — як дасягнуць дна”, “Фантастычныя мэты і як у іх не заблытацца”, “Кола Фартуны”, “Антыстрэс і мастацтва здаровага пафігізму”! На фестывалі можна было наведаць практычныя заняткі па вырашэнні асабістых праблем, выяўленні прычын, праз якія з’яўляюцца звычкі, завітаць на трэнінгі па рацыянальным планаванні працоўнага дня і кантролі за эмоцыямі. Паказальна тое, што аўдыторыі, дзе праходзілі выступленні, былі запоўнены, а рэгістрацыя на фестываль скончылася ўжо на пяты дзень пасля з’яўлення першага анонса.

Невялікім спойлерам сустрэў слухачоў майстар-клас Аляксандра Лазоўскага “Аналіз звышнатуральных здольнасцей з пункту гледжання навуковай псіхалогіі”. Слайд з надпісам “Магіі не існуе” абазначыў асноўную думку сустрэчы.

— Дзякуючы атрыманым тут ведам, людзі не будуць верыць у тое, чаго няма, і змогуць супрацьстаяць любому задурванню, — звярнуў увагу прамоўца.

Згодна з меркаваннем спецыяліста, чалавек, у якога ёсць нейкія звышнатуральныя здольнасці, павінен мець нестандартную анатомію цела. Аднак пры навуковых даследаваннях арганізма такой асобы гэтыя асаблівасці павінны выдаць сябе. Калі гэта ніякім чынам не праяўляецца, значыць, і здольнасцей ніякіх няма. Станоўчым прыкладам слоў выступоўцы стала гісторыя Джой Мілн — жанчыны, якая магла сярод здаровых людзей вылучаць тых, у каго знайшлі хваробу Паркінсона. Яе асоба — доказ існавання нешматлікіх здольнасцей, пацверджаных навукай. Падчас вывучэння такіх людзей даследчыкі выключаюць у іх розныя органы ўспрымання і адкрываюць сакрэт. Жанчыне дапамагаў вылучаць хворых людзей менавіта нюх: яна не раз адзначала, што людзі з Паркінсонам пахнуць асабліва.

— Псіхіка кожнага з нас звязана з фізіялогіяй. Каб атрымліваць інфармацыю ад іншых людзей (іх думкі, перажыванні, эмоцыі), трэба мець як мінімум убудаваныя ў арганізм антэны. У выпадку з Джой Мілн здольнасці абумоўлены мутацыяй, якая праявілася яшчэ ў дзяцінстве, — адзначыў Аляксандр Валер’евіч. — Часта ў азіяцкіх краінах можна ўбачыць магаў, якія лётаюць. Карцінкі з адпаведнымі выявамі гуляюць па інтэрнэце. Ведаеце, у чым сакрэт? У правільным размеркаванні вагі ў паветры. Як правіла, гэтыя людзі абапіраюцца на дзве палкі, адна з якіх вялікая, а другая — амаль незаўважная.

У пацвярджэнне думкі пра тое, што экстрасэнсаў не існуе, спецыяліст прывёў і растлумачыў законы, якія ўплываюць на людзей, выклікаючы іх давер. Першы з іх — эфект плацэба (чалавек ажыццяўляе нейкія дзеянні, у выніку якіх яму быццам бы становіцца лепш, і пачынае верыць у гэтае ўяўнае паляпшэнне). Гэта працуе гэтак жа, як у сітуацыі, калі хворы ў якасці лекаў прымае аскарбінавую кіслату або крухмальныя таблеткі.

— Чалавеку становіцца лепш ад таго, што ён папросту перастае хвалявацца. Ён супакойваецца, яго настрой становіцца больш станоўчым. Кожнаму вядома, што дрэнны настрой не спрыяе выздараўленню. Тут жа спрацоўвае прынцып “калі нада мной зрабілі нейкія дзеянні, адназначна не магло не стаць лепш”. Так гэта дзейнічала ў гісторыі з Аланам Чумаком і яго “гаючымі” рукамі, якімі ён “зараджаў” ваду энергіяй праз тэлевізары па ўсім Савецкім Саюзе. Але нават калі б яго рукі і былі вытворцамі энергіі, то максімум, на што яна магла б паўплываць, — на камеру. І гэта не складанае даследаванне, а просты закон фізікі.

Другі закон — памылка таго, хто выжыў (калі нешта дапамагло аднаму чалавеку, зусім не абавязкова, што гэта дапаможа іншаму). Трэці — тэорыя вялікіх лічбаў (умова, пры якой з вялікай колькасці выпадкаў пэўны працэнт акажацца экстраардынарным).

Спіс працягнулі прынцыпы “убачыць — значыць паверыць” і “навокал бывалыя людзі” (спрацоўвае прынцып “я прафесіянал: убачу шарлатана — адразу ж змагу яго вызначыць”). Аднак псеўдаэкстрасэнсы, якія звяртаюцца ў сваёй дзейнасці да гэтага спосабу, па словах спецыяліста, якраз і гуляюць на недахопах ведаў сваіх кліентаў.

— Шматлікія феномены з экстрасэнсорнымі здольнасцямі, вядомыя свету, — гэта ў першую чаргу прадукт журналісцкай дзейнасці, — перакананы Аляксандр Лазоўскі. — Але сапраўдныя прафесіяналы не зарабляюць на чужых страхах.

Шосты закон — запасны выхад:

— Бачу, што ў дзяцінстве ў вас на каленях часта знаходзілася нешта мяккае і цёплае. Гэта жывёла? Адчуваю, што наперадзе вас чакае нешта няпростае, — звярнуўся Аляксандр Лазоўскі да прысутнай дзяўчыны. — Так званыя экстрасэнсы ў сваіх прамовах выкарыстоўваюць словы, якія аб’ядноўваюць многіх людзей. Калі раптам ім не ўдаецца адгадаць, можна лёгка адвесці ад гэтага ўвагу.
І апошнія фактары, якія “магічна” ўплываюць на чалавека — адчуванне сябе абраным (самападман, падстройванне сваіх інтарэсаў пад тое, што адбываецца), прынцып “паслізнуўся на банане — радуйся, што не зрабіў гэта двойчы”, прароцтва, якое выконваецца само па сабе, і заспакаенне чалавека (незалежна ад выніку, людзі адчуваюць сябе больш спакойна, чым у стане нявызначанасці).

— Калі экстрасэнсы сапраўды існавалі, чаму ніхто з іх не прадказаў значныя гістарычныя падзеі, ад якіх залежаў лёс многіх пакаленняў, краін? Чаму ніхто з іх не рабіў стаўкі на кампаніі Disney і Google, калі яны толькі-толькі пачыналі развівацца? Можа трэба задумацца?

Па ўзроўні прафесіяналізму ў правядзенні майстар-класа “Вучыць хутка і бясшкодна: усе сакрэты сына матулінай сяброўкі” старэйшаму калегу не ўступалі студэнткі 4 курса Ульяна Мельнік і Ганна Цыкунова. Яшчэ задоўга да пачатку сустрэчы дзяўчаты завалодалі ўвагай гасцей і нават паспелі адказаць на пытанні, звязаныя з навучаннем на факультэце.

— Веды па псіхалогіі — самыя карысныя і ўніверсальныя. Нават калі трапіш на аддаленую выспу ў моры і сустрэнеш там абарыгенаў, зразумееш, як гэта працуе, — перакананы дзяўчаты. — Калі ты вучышся гэтаму, пачынаеш заўважаць, як цалкам мяняюцца твае думкі, светапогляд, адносіны да многіх з’яў. Хаця часам ловіш сябе на думцы, што ёсць такая інфармацыя, якую лепш было б увогуле не ведаць. Але і без яе нікуды.

Ульяна расказала, што за гады вучобы нячаста ўдзельнічала ў студэнцкіх ініцыятывах, але на апошнім курсе да яе прыйшло ўсведамленне, што адкладваць далей няма куды. Так яна выказала жаданне дапамагаць з арганізацыяй “#Нясумнага фестывалю псіхалогіі”. Чацвёртакурсніца адзначае, што ёй вельмі пашанцавала з кампаньёнам Ганнай, таму ўзаемадзейнічаць з аўдыторыяй было лёгка. Студэнткі прызнаюцца: галоўны сакрэт іх поспеху — узаемадзеянне, заснаванае на даверы, і гумар.

— Хацелася, каб усе, хто прыйшоў да нас сёння, вынеслі з майстар-класа нешта такое, што можна было б у далейшым выкарыстоўваць, — падзяліліся дзяўчыны.

Сустрэча набыла фармат тэматычнай вечарыны супергерояў, дзе госці свядома перайшлі на бок зла, а вядучыя адстойвалі пазіцыі дабра. Суперздольнасцямі злых і добрых звышлюдзей моладзь надзялілі першыя літары іх імён: так, на сустрэчы можна было пазнаёміцца з Роспаччу, капітанам Агрэсіяй, Іроніяй і нават Апельсінам.

— Нельга сказаць, што навучанне заканчваецца пасля школы ці ўніверсітэта. Гэта зусім не так: усё жыццё маленькімі крокамі вам прыйдзецца спасцігаць веды з розных сфер, вучыцца іх прымяняць і рабіць карыснымі для сябе, — выказаліся студэнткі.

Супрацьстаянне бакоў пачалося з прапановы вызначыць прычыны, якія перашкаджаюць людзям вучыцца, засвойваць вялікую колькасць інфармацыі за кароткі час. Суперзлодзеі апелявалі наступнымі довадамі: пухнаты коцік з прыгожымі вачыма, маленькія сёстры і браты з іх нязменным “Вазьмі мяне на ручкі!”, няўрымслівыя бацькі і бабулі з дзядулямі, якія хвалююцца, што іх дзіця не ела ажно паўгадзіны, сябры, сацыяльныя сеткі і, зрэшты, “усё, што заўгодна, толькі б не вучыць”.

— Не забудзься, што мы супергероі і павінны усё ж аспрэчваць цёмны бок, — з гарэзлівым уздыхам усміхнулася адна з вядучых.

Трэба прызнаць, што прыводзіць супрацьлеглыя довады было няпроста, але тэзісы спікераў дабра змаглі зматываваць і скарэкціраваць вучэбны працэс. Сярод іх — адсутнасць побач тэлефона, строга акрэсленая мэта, дэдлайны, размеркаванне часу, адзінота і прынцып “хто, калі не я”.

Дзяўчаты-вядучыя параўналі ўласцівасці памяці са збанам вады і кубкамі: вада ў збане — гэта памяць, а кубкі — справы. Чым больш кубкаў трэба запоўніць, тым менш у іх будзе вады. Такім жа чынам размяркоўваецца ўвага. Чым больш у чалавека спраў, тым менш ён можа на іх доўга засяроджвацца. Ідэальная кампазіцыя — адзін кубак, у якім будзе сканцэнтравана ўся вада, паколькі магчымасці ўвагі абмежаваны і ўсё ахапіць не атрымаецца.

— Калі вы зразумееце, як працуе ўвага і памяць, зможаце з лёгкасцю атрымаць чырвоны дыплом і бясконцую павагу бабулі, — паабяцалі спікеры.

Сёння існуе шмат спосабаў запамінання інфармацыі. Ганна і Ульяна расказалі пра самыя дзейсныя з іх: эмацыянальную афарбоўку вобразаў, канцэнтрацыю на адным прадмеце, “працоўнае месца — мінімум прадметаў”, запамінанне пры дапамозе розных аналізатараў (хаджэння, спеваў), метад памідора, метад Карнела, скетчноўтынг, маляванне ментальных карт, эфект краю і іншыя.

Калі большасць спосабаў суперзлодзеям была вядома, то некаторыя з іх усё ж прыйшлося тлумачыць. Напрыклад, метад памідора абавязаны назвай кухоннаму таймеру ў выглядзе гэтай агародніны. Чалавек размяркоўвае час для запамінання інфармацыі (звычайна 25—30 хвілін), разбіваючы яго невялікімі прыпынкамі па 5 хвілін. Адзін этап, які складаецца з запамінання і прыпынку, называецца памідорам, і пасля трох памідораў можна рабіць большы перапынак. Галоўная ўмова — на этапе работы з інфармацыяй чалавек не павінен адцягваць увагу ні на што іншае.

Эфект краю — гэта працэс, пры якім чалавек добра запамінае толькі пачатак і канец таго, што ён прачытаў. Дзяўчаты параілі пры яго выкарыстанні структураваць інфармацыю такім чынам, каб галоўнае змяшчалася менавіта ў пачатку і канцы тэксту.

Метад Карнела заключаецца ў размеркаванні аркуша пры канспектаванні на тры часткі (з правага боку знаходзіцца асноўнае поле для агульнай інфармацыі, злева пакідаецца вертыкальная калонка для пытанняў, якія ўзнікаюць па ходзе запісвання, а ніжняя частка ліста абмяжоўваецца гарызантальнай лініяй, пад якой робяцца асноўныя вывады па тэме). Аналагам гэтага метаду выступаюць ментальныя карты (табліцы, пабудаваныя па пранцыпе “ад галоўнага да другараднага”), якія падыдуць людзям, што любяць структураваць матэрыял, і скетчноўтынг (канспектаванне пры дапамозе малюнкаў), блізкі творчым асобам.

— Але самае галоўнае, — падкрэслілі Ганна і Ульяна, — не адкладвайце ўсё на апошнюю ноч. Для таго каб памяць стала доўгатэрміновай, мозгу патрэбен працяглы час і пастаяннае паўтарэнне.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.