Драйвер руху да новага і лепшага

Брэсцкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя А.С.Пушкіна — 75 гадоў. З юбілеем калектыў установы павіншавалі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, аблвыканкама і гарвыканкама, Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і інш.

Урачыстае мерапрыемства пачалося з прагляду відэалетапісу “Універсітэт: год за годам” і фотарэпартажу, які адлюстраваў важныя па­дзеі і факты з гісторыі БрДУ. Рэктар Г.М.Сендзер акцэнтавала ўвагу на тым, што ўстанова з’яўляецца равесніцай Вялікай Перамогі. “Універсітэт — гэта найперш людзі, дзякуючы працы і намаганням якіх ён займае дастойнае месца сярод устаноў вышэйшай адукацыі краіны”, — адзначыла Ганна Мікалаеўна. Рэктар упэўнена, што згуртаванаму калектыву БрДУ ўдасца рэалізаваць усе намечаныя планы і ўвасобіць у жыццё новыя ідэі і праекты.

Да выкладчыкаў універсітэта звярнуўся начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі С.А.Каспяровіч. Ён зачытаў віншавальны адрас міністра адукацыі І.В.Карпенкі, у якім падкрэслівалася сувязь слаўнай гісторыі і трывалых традыцый з паспяховай будучыняй і выказвалася ўпэўненасць у тым, што калектыў БрДУ будзе і далей ставіць амбіцыйныя мэты і паспяхова дасягаць іх. У якасці падарунка С.А.Каспяровіч уручыў Г.М.Сендзер сертыфікат на 75 тысяч рублёў для ўдасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы ўніверсітэта.

Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Г.І.Барысюк агучыў віншавальны адрас кіраўніка вобласці А.В.Ліса, у якім гаварылася пра дасягненні БрДУ і пакарэнне новых вышынь. Старшыня Брэсцкага гарвыканкама А.С.Рагачук адзначыў, што адна з вядучых устаноў адукацыі вобласці арганічна інтэгравана ў гарадское асяроддзе і з’яўляецца драйверам руху горада да новага і лепшага.

Да віншаванняў далучылася і старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Т.Р.Якубовіч, якая заўважыла, што студэнцкая моладзь БрДУ атрымлівае не толькі якасныя веды, але і правільныя ідэалагічныя арыенціры.

Святочныя мерапрыемствы прадоўжыліся адкрыццём экспазіцыі “Адукацыя і выхаванне ў кан­тэксце традыцый і перспектыў”, дзе прадстаўлены важныя падзеі ўніверсітэцкага жыцця: адкрыццё зімовага саду, уручэнне прэміі Урада Беларусі за дасягненні ў галіне якасці, сустрэчы з кіраўнікамі міністэрстваў і ведамстваў, горада і вобласці і інш. Рэктар спадзяецца, што кожныя 10 гадоў экспазіцыю будуць дапаўняць новыя значныя падзеі.

У рамках юбілейных урачыстасцей адкрылася яшчэ адна экспазіцыя — “Доўгімі дарогамі вайны…”, у якой прасочваецца гісторыя станаўлення ўстановы ад настаўніцкага інстытута да ўніверсі­тэта. Акрамя таго, у экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, што працавалі ў БрДУ. Памяць аб людзях-легендах назаўсёды ў сэрцах тых, каму пашчасціла вучыцца ў гэтых выкладчыкаў.

Шмат цікавага можна было ўбачыць на выставе “75-годдзе БрДУ імя А.С.Пушкіна: уклад у навуку і адукацыю 2019—2020 гадоў”.

Лепшыя выкладчыкі атрымалі нагрудны знак “Выдатнік адукацыі”, граматы Міністэрства адукацыі, аблвыканкама, гарвыканкама і галіновага прафсаюза.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.