Драйверы росту сталічнай адукацыі

- 13:16Актуально, Калегіі, пасяджэнні

Вынікі работы сістэмы сталічнай адукацыі ў 2021 годзе і перспектывы яе развіцця на бягучы год былі акрэслены на пасяджэнні калегіі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, якая прайшла ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ранак”.  

У рабоце калегіі прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран, старшыня Мінгарсавета дэпутатаў Андрэй Бугроў. 

Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць азнаёміцца з выставай “Паспяховыя практыкі ўстаноў адукацыі сталіцы”, якая была арганізавана ў форме інтэрактыўных пляцовак і майстар-класаў па асноўных напрамках развіцця сістэмы сталічнай адукацыі. Гасцям прадэманстравалі лепшыя напрацоўкі ў сферы інавацыйных тэхналогій, грамадзянска-патрыятычнага выхавання, прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Сярэдняя школа № 37 падзялілася вопытам па арганізацыі даследчай дзейнасці па вывучэнні гісторыі стварэння кнігі ўспамінаў беларускіх дзяцей пра вайну “Ніколі не забудзем”. Яслі-сад № 76 прадставіў свае напрацоўкі ў сферы інфарматызацыі адукацыйнага працэсу і псіхолага-педагагічнага суправаджэння законных прадстаўнікоў ва ўмовах дыстанцыйнага адукацыйнага цэнтра “Дашкольнік.бай”, а таксама педагогі правялі анлайн майстар-клас з бацькамі выхаванцаў. 

Старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Наталля Праскурава падвяла вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця галіны, акрэсліла яе перспектыўныя напрамкі развіцця, засяродзіла ўвагу прысутных на пытаннях, якія патрабуюць вырашэння. Яна адзначыла, што сістэма адукацыі сталіцы змагла захаваць не толькі высокі стандарт якасці, але прыўмножыць многія паказчыкі работы. 

-У 2021 годзе забяспечаны рост даступнасці дашкольнай адукацыі. Сёння ёй ахоплены 98,9% юных мінчан. У дзіцячых садах сфарміравана здароўезберагальнае асяроддзе, якое дазваляе скарачаць захворвальнасць выхаванцаў, — падкрэсліла Наталля Варленаўна.

Высокая якасць агульнай сярэдняй адукацыі пацверджана ўпэўненымі вынікамі выпускнікоў мінскіх школ і гімназій на цэнтралізаваным тэсціраванні: 58 дзяцей атрымалі стабальныя вынікі, 93,5% працягнулі навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Мінск захаваў лідарства ў рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах, конкурсе даследчых работ і рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў.

У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі акцэнты робяцца на павышэнні якасці адукацыі праз паглыбленне прафілізацыі і пашырэнне сеткі профільных класаў. У сёлетнім навучальным годзе ў школах і гімназіях адкрыта 257 профільных 10-х класаў (60% ад агульнай колькасці). Галоўная мэта прафілізацыі заключаецца ў арыентацыі вучняў на запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці. Вывучаючы прадметы на павышаным узроўні, вучні павінны рыхтавацца да паступлення ва УВА на тыя спецыяльнасці, у аснове якіх прадметы, якія яны вывучаюць. Сёння эканоміка адчувае патрэбу ў спецыялістах з высокай інжынерна-тэхнічнай падрыхтоўкай. База такой падрыхтоўкі — паглыбленае вывучэнне прадметаў прыродазнаўча-матэматычнага цыкла, таму неабходна павялічыць ахоп вучняў фізіка-матэматычнымі і хіміка-біялагічнымі профілямі.

Па словах Н.В.Праскуравай, галіной выкананы ў поўным аб’ёме асноўныя мэтавыя параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця. Сур’ёзныя пераўтварэнні закранулі арганізацыю харчавання: пачынаючы ад рэарганізацыі гарадскога камбіната школьнага харчавання, змяненняў падыходаў да закупак сыравіны, кардынальнага перагляду рацыёнаў, укаранення сэрвісу “Разумны буфет” да фарміравання сістэмы кантрольна-рэвізійнай дзейнасці на аб’ектах харчавання. 

Да пачатку наступнага навучальнага года плануецца ўкараніць ва ўсіх школах і гімназіях горада шматфункцыянальны вучнёўскі білет.

Увага прысутных была звернута на пытанні грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў. Галоўная мэта работы — праз структураванне сістэмы выхаваўчай работы абудзіць моладзь фарміраваць уласную грамадзянскую пазіцыю. 

-Нам удалося надаць новае гучанне грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню ва ўстановах адукацыі. Па-першае, мы ўкаранілі лінейны прынцып планавання, які прадугледжвае круглагадовыя агульнагарадскія акцыі. Такім чынам, мы адышлі ад бяззвязнага набору мерапрыемстваў. Сёння ў сістэме адукацыі сталіцы 18 маштабных круглагадовых грамадзянска-патрыятычных акцый, якія прадугледжваюць больш за 650 мерапрыемстваў. Па-другое, у школах і гімназіях уведзены пасады кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. Сёння гэтыя спецыялісты становяцца галоўнымі каардынатарамі работы па фарміраванні грамадзянскасці і патрыятызму. Па-трэцяе, новым крокам у сістэме выхавання стала стратэгія стварэння ваенна-патрыятычных клубаў. Такія клубы адкрыты ў Першамайскім, Ленінскім і Маскоўскім раёнах. Ваенна-патрыятычныя клубы павінны з’явіцца ў кожным раёне Мінска. У такіх клубах забяспечваецца не толькі якасная фізічная падрыхтоўка навучэнцаў, але і праводзяцца ідэалагічныя, прафарыентацыйныя мерапрыемствы, — адзначыла старшыня камітэта.

Яшчэ адным новым крокам у пытаннях выхавання навучэнцаў стаў перафармаціраваны інфармацыйна-адукацыйны праект “ШАГ”. З верасня па сакавік удзельнікамі праекта сталі больш за 700 прадстаўнікоў дзяржкіравання, ветэранаў, вядомых палітычных, грамадскіх і культурных дзеячаў, спартсменаў.

Захаванне патрыятычнай памяці — адзін з найважнейшых напрамкаў сёння. Важнае месца ў арганізацыі гэтай работы належыць музеям устаноў адукацыі. Сёння іх дзейнічае 114. “Музей павінен быць у кожнай установе адукацыі. Работа па яго стварэнні і напаўненні павінна стаць стрыжнем выхаваўчай сістэмы”, — лічыць Наталля Праскурава.

Як было адзначана, у горадзе расце колькасць непаўналетніх, уцягнутых у незаконны абарот наркотыкаў. Так, у мінулым годзе 10 школьнікаў і 9 навучэнцаў каледжаў і ліцэяў здзейснілі злачынствы, звязаныя са збытам забароненых рэчываў. Колькасць такіх супрацьпраўных дзеянняў у параўнанні з 2020 годам вырасла ўтрая. Ужо зараз у горадзе вядзецца работа па стварэнні гарадской антынаркатычнай пляцоўкі для школьнікаў на базе Рэспубліканскага адукацыйнага цэнтра бяспекі МНС. Па гэтай жа тэматыцы выпускаецца комплексны метадычны дапаможнік для настаўнікаў, класных кіраўнікоў, куратараў груп. Ужо працуюць спецыялізаваныя інфармацыйна-прафілактычныя каналы ў месенджары, праводзяцца тэматычныя гарадскія бацькоўскія ўніверсітэты. Ёсць шэраг сумесных праектаў з органамі ўнутраных спраў і медыкамі. На думку Наталлі Праскуравай, сёння ў кожнай установе адукацыі павінна быць свая дарожная карта па гэтым пытанні. Нельга недаацэньваць маштаб праблемы прыцягнення дзяцей і моладзі ў незаконны абарот наркотыкаў, патрэбна нацэліць на гэта ўсіх педагогаў, а не толькі службы СППС у прафілактыку, максімальна паглыбіць іх у праблему.

Традыцыйна па выніках работы ў 2021 годзе адбылася цырымонія ўзнагароджання лепшых устаноў адукацыі. Сярод уладальнікаў “Знака якасці” — гімназія № 41 Мінска, Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 9 аўтамабілебудавання, упраўленне па адукацыі адміністрацыі Цэнтральнага раёна. 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.