Драматызацыя на англійскай мове

- 11:40Адукацыйная прастора

Са старажытных часоў розныя формы тэатральнага дзейства служылі самым наглядным і эмацыянальным спосабам перадачы ведаў і вопыту ў чалавечым грамадстве. Пазней тэатр як від мастацтва стаў не толькі сродкам пазнання жыцця, але і школай маральнага і эстэтычнага выхавання падрастаючых пакаленняў. Пераадольваючы прастору і час, спалучаючы магчымасці некалькіх відаў мастацтва — музыкі, жывапісу, танца, літаратуры і акцёрскай ігры, тэатр валодае вялікай сілай уздзеяння на эмацыянальны свет дзіцяці. Заняткі сцэнічным мастацтвам не толькі ўводзяць дзяцей у свет прыгожага, але і развіваюць сферу пачуццяў, абуджаюць саўдзел, спагаду, а таксама здольнасць паставіць сябе на месца іншага, радавацца і непакоіцца разам з ім.

Элементы тэатральнага мастацтва даюць магчымасць успрымаць вучэбны матэрыял не толькі рацыянальна, але і эмацыянальна. Прырода тэатра патрабуе сутворчасці, актыўнасці мыслення, што зноў-такі адпавядае сучасным мэтам навучання замежнай мове. Такім чынам, прыём, запазычаны з тэатральнага мастацтва, з’яўляецца вельмі моцным сродкам навучання замежнай мове, што адпавядае ўзроставым асаблівасцям дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Пры ўмелым педагагічным падыходзе гэты прыём можа павысіць эфектыўнасць навучання.

Асноўная сутнасць драматычнага мастацтва — дзеянне, перадача таго ці іншага вобраза ці сюжэта праз матэрыял жывой асобы акцёра. Рысы драматызацыі як сродку навучання: матываванасць; адсутнасць прымусу; індывідуальная, глыбока асобасная дзейнасць; навучанне і выхаванне ў калектыве і праз калектыў; развіццё псіхічных функцый і здольнасцей.

Драматызацыя можа быць як у рамках урока, абагульняючых заняткаў, урокаў дамашняга чытання і развіцця маўлення, урокаў паўтарэння, так і ў пазакласнай рабоце. Інсцэніроўкі дапамагаюць замацаваць і пашырыць вывучаную лексіку, ненадакучліва і без манатоннасці адпрацаваць граматычны матэрыял. Драматызацыя, якая ўяўляе сабой не што іншае, як гульню, дапамагае дзецям адчуць твор, зразумець яго праз перадачу прачытанага з дапамогай выяўленча-выразных сродкаў.

Работа ў гэтым кірунку пачалася некалькі гадоў назад. У рамках Тыдня англійскай мовы было праведзена свята драматызацыі. Вучні 3—9 класаў інсцэніравалі народныя казкі і творы англійскіх пісьменнікаў. Дзеці з вялікім жаданнем рыхтаваліся да выступлення: вучылі ролі, дапамагалі адно аднаму на рэпетыцыях, шукалі найбольш выразныя жэсты, міміку. Артысты так ужыліся ў свае ролі, што гледачы былі здзіўлены як бездакорным вымаўленнем і інтанацыямі, так і тэмпам гаворкі на англійскай мове. А дзеці атрымалі вялікае задавальненне ад свайго выступлення. Мы ставілі “Алісу ў краіне цудаў”. Аліса і Кніжны Чарвяк выступілі ў ролі вядучых. Разыгралі сцэну з казкі і запрасілі гледачоў у захапляючае падарожжа па творах англійскай літаратуры. З таго моманту было вырашана працягваць гэтую традыцыю.

У наступным навучальным годзе настаўнікамі нашай школы была арганізавана дэкада тэатралізацыі. Работа па драматызацыі мае вялікае значэнне ва ўсёй галіне выхавання і ў прыватнасці выхавання эстэтычнага. Запрашальны білет на тэатралізаваны паказ можна было атрымаць, выканаўшы на працягу тыдня заданні віктарыны, якія былі размешчаны ў фае на 2 паверсе школы.

Акрамя таго, у спектаклі былі ўключаны элементы харэаграфіі, што вельмі ажывіла і ўпрыгожыла пастаноўкі. Дзеці паспяхова выступілі, але гэтаму папярэднічала велізарная работа. На рэпетыцыях адбываліся сумесныя пошукі сродкаў выразнасці, якія дапамаглі перадаць настрой і дакладную інтанацыю. Настаўнікі прапанавалі дзецям прачытаць дадатковы матэрыял, што дапамагло пашырыць іх веды, уважлівей чытаць твор, бачыць культурныя і літаратурныя рэаліі, элементы нацыянальнай і гістарычнай спецыфікі. Тэатралізацыя аб’яднала дзяцей з розным узроўнем падрыхтоўкі. Кожнаму вучню было прапанавана заданне па сілах: асобная рэпліка ці аб’ёмная роля, якая патрабуе добрай памяці, выдатнага валодання мовай і здольнасці да імправізацыі.

Настаўнікі на кожнай рэпетыцыі стараліся пашырыць уражанне вучняў пра той матэрыял, над якім яны працуюць, спрыяць таму, каб дзеці ігралі сваю ролю найлепшым чынам. Усе этапы падрыхтоўкі — гэта час займальнага навучання, сама- і ўзаемавыхавання, а пазнанне новага і сумесная работа з’яўляюцца абавязковай умовай агульнага поспеху.

Іна КУДРАШОВА,
Таццяна ГАЎРЫЛЮК,
настаўніцы англійскай мовы сярэдняй школы № 16 Баранавіч.