Для сям’і, у якой выхоўваецца дзіця з парушэннямі ў развіцці, жыццё часам ператвараецца ў суцэльны працэс дыягностыкі, карэкцыі і рэабілітацыі дзіцяці. Цяжкасці могуць і аб’яднаць сям’ю, і, на жаль, разбурыць яе. Каб такое не здарылася, бацькам і дзецям неабходна падтрымка спецыялістаў самага рознага профілю. Аб сучасных методыках правядзення дыягнастычнай і карэкцыйнай работы з дзецьмі з АПФР, а таксама аб магчымасцях сямейнай псіхатэрапіі ў нашай краіне ішла размова падчас рэспубліканскага навукова-практычнага семінара, які адбыўся днямі ў АПА.
Загадкавы сіндром
Найбольш складана выяўляць і карэкціраваць тыя парушэнні ў развіцці дзяцей, якія не звязаны з арганічным і фізічным паходжаннем, а менавіта псіхічныя і функцыянальныя адхіленні, бо трактаваць іх можна па-рознаму. Адно з такіх парушэнняў у дзяцей — гіперкінетычныя расстройствы або сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці (СДУГ).
“Аб праблемах дзіцячай псіхіятрыі ў апошнія гады часцей сталі з’яўляцца публікацыі, у якіх гаворыцца, што лекавыя сродкі вычарпалі сябе пры карэкцыі гіперкінетычных расстройстваў у дзяцей, — адзначыла Таццяна Аляксандраўна Емяльянцава, намеснік дырэктара па медыцынскай частцы (па псіхіятрыі) Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя. — Але пры гэтым прымяненне псіхатропных сродкаў пры лячэнні асоб з АПФР павялічылася ў свеце ў 9 разоў за апошнія 15 гадоў. За апошнія 20 гадоў павялічылася колькасць псіхічных расстройстваў у дзяцей: сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці (СДУГ) сталі выяўляць у 3 разы часцей, а колькасць расстройстваў аўтычнага спектра ўзрасла ў 20 разоў! Безумоўна, неабходна і далей ствараць эфектыўныя лекавыя сродкі, але важна шукаць і больш перспектыўныя шляхі рэабілітацыі дзяцей з АПФР”.
Ключавая тэорыя аб узнікненні СДУГ сведчыць: праблемы ў дзіцячым арганізме існуюць з-за таго, што галаўны мозг выпрацоўвае малую колькасць дафаміну — гармону задавальнення. Прэпарат, які лічыцца эфектыўным пры карэкцыі такога парушэння — метамфетамін. Ён адначасова з’яўляецца і лекавым сродкам, і наркотыкам. На 85 працэнтаў гэты прэпарат знімае праблемы паводзін. Але ці заўсёды гэта добра для дзіцяці? Яно становіцца адэкватным толькі на той час, пакуль дзейнічае прэпарат. Відавочна, што рашэнне аб назначэнні метамфетаміну можа прымацца толькі пры самых цяжкіх формах СДУГ, калі з дзіцем зусім немагчыма справіцца. У іншых выпадках неабходна карыстацца метадамі псіхолага-педагагічнага ўздзеяння.
Таццяна Аляксандраўна агучыла некалькі пунктаў гледжання на гіперкінетычныя расстройствы, якія сёння абмяркоўваюцца. Ёсць меркаванне, што гэтыя расстройствы з’яўляюцца проста асаблівасцямі дзіцяці, з якімі спецыялісты не заўсёды могуць справіцца. Некаторыя лічаць, што гэта — вынік дрэннага выхавання ў сям’і. Існуе меркаванне, што СДУГ з’яўляецца пачаткам іншага псіхічнага парушэння, напрыклад, расстройства шызафрэнічнага спектра. Дзеці з сіндромам гіперактыўнасці ў дарослым жыцці часцей за іншых маюць розныя эмацыянальныя перажыванні, у іх могуць развіцца псіхапатыя, трывожныя станы, дэпрэсіі.
Як жа праяўляецца СДУГ? Часта ў дзяцей з гэтым сіндромам нядрэнныя паказчыкі інтэлектуальнага развіцця, але з-за неадэкватных паводзін, дэфіцыту ўвагі, павышанай стамляльнасці і праблем з запамінаннем дзеці вучацца ніжэй за ўзровень сваіх магчымасцей. Яны дэзарганізаваны, схільны да пратэстаў, у адказ на просьбы дарослых у іх першае слова — “не”. Такія дзеці вельмі імпульсіўныя, ім трэба “ўсё і адразу”, яны не здольныя адрозніць галоўнае ад другаснага. Яны не ўмеюць пераадольваць сябе, іх цяжка матываваць да нейкай дзейнасці. Прааналізаваць вынікі таго ці іншага свайго дзеяння ім таксама не па сілах.
У дзяцей са СДУГ парушаны сенсорныя функцыі, ім не падабаецца яркае святло, яны баяцца нават нязначнага шуму, а некаторых з іх, наадварот, шум супакойвае. У такіх дзяцей павышаная тактыльная адчувальнасць, таму пры іх апрананні ўзнікаюць праблемы. Часта яны не адчуваюць голаду, мала ядуць, адмаўляюцца ад ежы з кавалачкамі. У іх назіраюцца парушэнні маўлення. Такія дзеці вельмі жадаюць зносін, толькі іх не ўсе запрашаюць у сваю кампанію, бо паводзяць яны сябе з пункту погляду звычайных дзяцей па-дзівацку. Да 10 гадоў такіх дзяцей нельга адных выпускаць на вуліцу, яны часцей, чым іх равеснікі, траўміруюцца.
Якімі б ні былі дзеці з гіперкінетычнымі расстройствамі, іх абавязкова трэба ўключаць у асяроддзе здаровых людзей. І інфармаваць бацькоў, педагогаў, урачоў, што не асаблівых дзяцей трэба “ламаць”, прыстасоўваючы да незнаёмага асяроддзя, а акружэнне павінна прымаць іх такімі, якія яны ёсць, і дапамагаць ім.
Сёння на базе прафесарскага кансультацыйнага цэнтра Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта працуюць групы псіхадапамогі па пытаннях гіперкінетычных расстройстваў у дзяцей, спецыялісты цэнтра праводзяць трэнінгі, кансультацыі для ўсіх жадаючых. Мэта такой дзейнасці — навучыць дарослых паслядоўнасці, пазітывізму і большай гібкасці пры выхаванні дзяцей, навучыць дапамагаць дзецям пры пераадоленні імі пратэстных паводзін і фарміраванні ў іх адэкватнай самаацэнкі.
“Мішэні” псіхалагічнай дапамогі
Аб “псіхалагічным дыягназе” і яго значэнні ў дыягностыцы адхіленняў у псіхічным развіцці дзіцяці расказаў дацэнт кафедры псіхалогіі БДУ Аляксей Міхайлавіч Палякоў. Ён нагадаў, што ёсць некалькі ўзроўняў дыягностыкі. На першым вызначаецца сімптаматычны дыягназ, які зводзіцца толькі да фіксавання фактаў паводзін, маўленчай актыўнасці, якія заўважаюцца пры непасрэдным назіранні прымет развіцця. Наступны ўзровень дыягностыкі мяркуе пастаноўку функцыянальнага псіхалагічнага дыягназу, калі псіхолаг не толькі канстатуе факты, якія назірае, але і апісвае праяўленне асобных псіхічных функцый і характэрныя рысы дзіцяці (яго памяць, увагу, мысленне, самаацэнку, тэмперамент і інш.). Ацэнка псіхолага, як правіла, адлюстроўваецца ў лічбах, часта ён выкарыстоўвае тэсты (напрыклад, на інтэлект).
Ацэнка адхіленняў дзяцей павінна быць не толькі колькаснай, але і якаснай, важна зразумець саму структуру дэфекту, механізм узнікнення парушэнняў. Калі да функцыянальнай дыягностыкі псіхолага дадаць інфармацыю аб сістэмных сувязях паміж асобнымі псіхічнымі функцыямі дзіцяці, аб узроўні яго ўключанасці ва ўзаемаадносіны з іншымі людзьмі і яго ўменні спраўляцца з рознымі жыццёвымі задачамі, — можна казаць аб сістэмным псіхалагічным дыягназе. Пры правядзенні сістэмнай дыягностыкі неабходна супастаўляць атрыманыя даныя аб развіцці дзіцяці з данымі аб развіцці іншых дзяцей — як тых, хто развіваецца нармальна, так і тых, хто мае адхіленні.
Для таго каб псіхалагічная дапамога была эфектыўнай, яна павінна быць “кропкавай”, інакш кажучы, мець канкрэтныя мішэні ўздзеяння, якія і неабходна адзначаць у працэсе дыягностыкі. Адной з ключавых ідэй, якія неабходна выкарыстоўваць у дыягностыцы, з’яўляецца ідэя “зоны найбліжэйшага развіцця”. Яна дапамагае ацаніць перспектывы псіхічнага развіцця канкрэтнага дзіцяці ў канкрэтных сацыяльных умовах і ўклад навучання і выхавання ў стан дзіцяці ў гэты момант.
“Усё больш дзяцей з АПФР сёння ідуць вучыцца ва ўстановы агульнай адукацыі па месцы жыхарства, — адзначыла загадчык кафедры алігафрэнапедагогікі БДПУ імя Максіма Танка Алена Анатольеўна Лемех. — Галоўная мэта псіхолага-педагагічнай службы такіх устаноў адукацыі — дапамагаць у асобасным развіцці асаблівых дзяцей, у іх пазітыўнай сацыялізацыі. Асноўнымі кірункамі дзейнасці педагога-псіхолага з’яўляюцца дыягностыка і карэкцыйная работа. Каб вызначыць правільны псіхалагічны дыягназ дзіцяці, за ім трэба даволі доўга назіраць, весці з ім размовы, адным словам, вывучаць. На пачатковым этапе псіхолаг праводзіць скрынінг-дыягностыку, каб вызначыць для сябе, што ў паводзінах дзіцяці блізкае да нормы, а што не. Калі псіхолаг высвятляе наяўнасць парушэнняў, ён накіроўвае дзіця на псіхолага-медыка-педагагічную камісію ў ЦКРНіР, дзе каманда спецыялістаў ажыццяўляе больш дакладную яго дыягностыку і вызначае пэўны адукацыйны маршрут. Зразумела, што за 30—40 хвілін ва ўмовах ПМПК немагчыма правесці поўную дыягностыку. Яна абавязкова працягнецца ва ўстанове адукацыі, дзе педагог-псіхолаг будзе паэтапна ажыццяўляць паглыбленую дыягностыку і на падставе атрыманых даных складаць індывідуальны план карэкцыйна-развіццёвай работы з дзіцем”.
“Калі ў спецыялістаў з’яўляецца думка, што ў дзіцяці парушэнне ЦНС, яны звычайна раяць бацькам накіраваць яго на камп’ютарную або магнітна-рэзанансную тамаграфію, прайсці праверку на энцэфалографе, зрабіць ультрагукавое даследаванне галаўнога мозга. Аднак гэтыя метады даследаванняў дапамагаюць выявіць толькі грубыя (структурныя) парушэнні галаўнога мозга. Лёгкія парушэнні функцыянавання ЦНС, недаразвіццё мазгавых зон і структур яны не могуць зафіксаваць, — адзначыла дацэнт кафедры клінічнай псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка Ганна Аляксандраўна Давідовіч. — Апаратныя метады малаэфектыўныя і пры дыягностыцы ў дзяцей гіперкінетычных расстройстваў, мінімальнай мазгавой дысфункцыі, дзіцячага аўтызму. Тут на дапамогу можа прыйсці нейрапсіхалагічны метад даследавання, які дазваляе дыферэнцыраваць недаразвіццё і пашкоджанні на тонкіх узроўнях. У нашай краіне, на жаль, нейрапсіхалогія не развіта, няма асобнай кафедры гэтага навуковага адгалінавання, няма спецыяльных інстытутаў, толькі лічаныя ўстановы сістэмы аховы здароўя маюць адпаведных спецыялістаў. Хаця сёння ў свеце нейрапсіхалогія вельмі актуальная галіна ведаў, якая пастаянна развіваецца. Праграмы нейрапсіхалагічнай рэабілітацыі і карэкцыі каштуюць вельмі дорага. Каб развіваць гэты напрамак псіхалогіі, быў створаны своеасаблівы філіял нашай кафедры на базе ЦКРНіР Партызанскага раёна Мінска, дзе розныя спецыялісты спрабуюць рэалізоўваць нейрапсіхалагічны падыход да дыягностыкі і карэкцыі парушэнняў у дзяцей, праводзяць кансультацыі”.
Псіхолаг псіхалагічнай лабараторыі гарадскога клінічнага дзіцячага псіханеўралагічнага дыспансера Акцябрына Веніямінаўна Дароніна, якая працуе ў Цэнтры ранняга ўмяшальніцтва (гарадскім рэсурсным цэнтры) на базе 19-й дзіцячай паліклінікі Мінска, расказала, што “асноўная задача службы ранняга ўмяшальніцтва — прафілактыка інвалідызацыі дзяцей з АПФР і сацыяльнага сіроцтва, а таксама падтрымка сям’і такога дзіцяці. Бацькі, якія даведаліся аб нараджэнні дзіцяці з парушэннямі ў развіцці, адчу-ваюць шок. Псіхалагічная дапамога ў гэты перыяд для іх не заўсёды эфектыўная, яны яшчэ не гатовы прыняць яе. Праходзіць час, і бацькі настройваюцца на дзеянні, яны гатовы зрабіць усё для свайго дзіцяці. Хаця іх дзеянні спачатку не заўсёды правільныя, часта пад уплывам эмоцый яны спрабуюць знайсці нейкую чароўную палачку, якая павінна дапамагчы малышу, не прыслухоўваюцца пры гэтым да меркаванняў спецыялістаў. Калі ж эмоцыі саступаюць месца рацыянальным планам на будучае і адэкватнаму абмеркаванню перспектыў для ўсёй сям’і, з бацькамі можна размаўляць сур’ёзна і аб дыягностыцы, і аб спосабах лячэння, і аб карэкцыйнай рабоце з дзіцем”.
Адзіных патрабаванняў быць не можа
Аб асноўнай накіраванасці карэкцыйных заняткаў з малодшымі школьнікамі з цяжкімі парушэннямі маўлення — развіцці іх камунікатыўных здольнасцей, фарміраванні навыкаў маўлення расказала дацэнт кафедры лагапедыі БДПУ імя Максіма Танка Наталля Мікалаеўна Баль. Яна падкрэсліла, што пры адборы дыдактычнага матэрыялу, маўленчых практыкаванняў для правядзення заняткаў па карэкцыі парушэнняў вуснага маўлення вучняў з ЦПМ (у тым ліку і для фарміравання моўнага аналізу і сінтэзу), неабходна ўлічваць розныя ўзроўні разумовых здольнасцей у малодшых школьнікаў і, адпаведна, прадугледжваць рознаўзроўневую сістэму дапамогі навучэнцам. Да таго ж моўны матэрыял, які “працуе” на карэкцыйных занятках, павінен быць амаль поўнасцю падпарадкаваным задачам зносін. Такі матэрыял максімальна адпрацоўваецца ў разнастайных камунікатыўных сітуацыях.
Аб развіцці слыхавога ўспрымання і вуснага маўлення дзяцей з парушэннем слыху, аб рэалізацыі дыферэнцыраванага падыходу да навучання дзяцей з асаблівасцямі паведаміла Святлана Мікалаеўна Фяклістава, загадчык кафедры сурдапедагогікі БДПУ імя Максіма Танка: “У самым пачатку школьнага навучання дзеці з парушэннем слыху маюць розны ўзровень слыхамаўленчага развіцця: у некаторых адсутнічае нават рэакцыя на гукі, іншыя ж умеюць адрозніваць на слых маўленчы матэрыял. У кагосьці зусім адсутнічае самастойнае маўленне, хтосьці можа падоўгу і складна размаўляць. Таму адзіных патрабаванняў да навучэнцаў не можа быць, гэта зробіць неэфектыўным працэс навучання.
Галоўным кампанентам карэкцыйнай работы з рознымі катэгорыямі дзяцей з парушэннем слыху з’яўляецца развіццё слыхавога ўспрымання. Для гэтага, напрыклад, выкарыстоўваюцца методыкі па развіцці астаткавага слыху. Мэтазгодна таксама выкарыстоўваць дыферэнцыраваны падыход пры развіцці слыхавога ўспрымання школьнікаў: улічваць характар і ступень парушэння слыху і магчымасці для яго развіцця, а таксама агульны і маўленчы ўзровень развіцця вучняў. Укараненне ўжо распрацаваных праграм “Развіццё слыхавога ўспрымання” і “Развіццё вуснага маўлення” дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць карэкцыйнай работы з навучэнцамі, якія займаюцца па вучэбным плане другога аддзялення спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы для дзяцей з парушэннем слыху”.
Надзея ЦЕРАХАВА.