Гуляем і вучымся правільна пісаць і чытаць
Лакальная ініцыятыва “Дыслексія Беларусь”, якая аб’ядноўвае людзей з дыслексіяй і праблемамі ў навучанні, што ёй спадарожнічаюць, выступіла арганізатарам інтэнсіву для педагогаў і бацькоў “Нейрапсіхалагічны і гульнявы падыход да карэкцыі пісьма і чытання”. Адукацыйнае мерапрыемства, якое прайшло ў Мінску і сабрала 250 удзельнікаў з розных куточкаў краіны, правялі кандыдат псіхалагічных навук кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра дзіцячай нейрапсіхалогіі імя А.Р.Лурыі (Масква) Аляксандра Яўгенаўна Собалева і яе калега нейралінгвіст Кацярына Мікалаеўна Емяльянава.
Мэта ініцыятывы “Дыслексія Беларусь” — садзейнічаць сацыяльнай інклюзіі, павышэнню дасведчанасці грамадства аб праблемах, якія ўзнікаюць у людзей з дыслексіяй і цяжкасцямі ў навучанні. У каманду неабыякавых да праблемы людзей увайшлі Валерыя Бабкова (менеджар праектаў у сферы адукацыі), Вольга Мжэльская (PR- і арт-менеджар і чалавек з дыслексіяй), Алёна Мельчанка (даследчыца і менеджар праектаў у сферы адукацыі, чалавек з дыслексіяй). У рамках названай ініцыятывы фарміруецца супольнасць людзей, якія прыкладаюць намаганні, каб навучаць дзяцей, бацькоў, выкладчыкаў спосабам карэкцыі дыслексіі і падобных цяжкасцей, а таксама аказваць ім своечасовую кансультацыйную падтрымку, ствараць умовы і магчымасці для ранняй дыягностыкі маўленчых парушэнняў, забяспечваць свабодны доступ да міжнародных вучэбных матэрыялаў і ўнікальных адукацыйных праграм комплекснага развіцця інтэлекту і творчых здольнасцей.
Перад педагогамі ў Мінску выступіла Аляксандра Яўгенаўна Собалева, кандыдат псіхалагічных навук, кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра дзіцячай нейрапсіхалогіі імя А.Р.Лурыі (Масква), член Міжнароднага таварыства прыкладной нейрапсіхалогіі ISAN. Яна аўтар больш як 60 кніг і публікацый, у тым ліку гульняў, вучэбных дапаможнікаў, вядомых у Расіі і за мяжой. Сярод іх — “Пішам без памылак: нейрапсіхалагічны трэнажор для пачатковай школы”, гульні серыі “Руская мова: шлях да поспеху” (па падрыхтоўцы дзіцяці да навучання грамаце, чытанню, да вывучэння матэматыкі). Варта азнаёміцца з работамі “Комплексная карэкцыя цяжкасцей навучання ў школе” і “Нейрапсіхалагічная дыягностыка дзяцей школьнага ўзросту”, якія падрыхтаваны Ж.М.Глозман і А.Я.Собалевай.
У кожнага дзясятага чалавека ў свеце ёсць дыслексія. Гэта частковае расстройства навыкаў чытання, якое выклікана распадам або недастатковай сфарміраванасцю псіхічных функцый, якія задзейнічаны пры працэсе чытання. Асноўныя прыкметы дыслексіі: стойкасць, тыповасць і паўтаральнасць памылак пры чытанні (змешванне і замена гукаў, чытанне па літарах, скажэнне складовай структуры слова, аграматызмы, недастатковае асэнсаванне прачытанага, таму што дзіця няправільна распазнае літары, розныя знакі і сімвалы).
З Кацярынай Мікалаеўнай Емяльянавай, якая таксама завітала ў Мінск з майстар-класам, Аляксандра Яўгенаўна стварыла “Разумны блакнот. Руская мова з нейрапсіхолагам”. Навукоўцы працуюць разам на працягу 20 гадоў — з моманту заснавання Навукова-даследчага цэнтра дзіцячай нейрапсіхалогіі імя А.Р.Лурыі ў Маскве. Кацярына Мікалаеўна — вядучы нейралінгвіст, спецыяліст, які дапамагае дзецям авалодаць рускай мовай, мае стаж псіхолага-педагагічнай дзейнасці — больш за 30 гадоў. Яна аўтар навукова-папулярных артыкулаў, суаўтар серыі кніг і дапаможнікаў па ўзаемадзеянні з дзіцем і навучанні роднай мове. Выданні К.М.Емяльянавай — “Левшата в школе и дома: как определить левшество”, пропісы “Обводилки” і іншыя.
Падчас інтэнсіву спецыялісты расказвалі пра механізмы развіцця і фарміравання вуснага і пісьмовага маўлення (нейрапсіхалагічны падыход), канцэнтравалі ўвагу на прафілактыцы і карэкцыі цяжкасцей пачатковага этапу авалодання вусным маўленнем і пісьмом. Выступоўцы апісалі залежнасць граматнага маўлення ад развіцця вышэйшых псіхічных функцый, рэкамендавалі спецыяльныя практыкаванні і гульні для развіцця адвольнай рэгуляцыі, маторыкі, увагі, памяці, мыслення, маўлення, прасторавага ўяўлення, логікі. Госці прадставілі класічныя і аўтарскія метады дыягностыкі прычын дысграфіі, дыслексіі і карэкцыі асноўных памылак пры навучанні рускай мове: што рабіць, калі дзіця прапускае і блытае літары, як яму лепш запамінаць правілы і прымяняць іх на пісьме. Навукоўцы расказалі пра алгарытм запамінання слоўнікавых слоў і спосабы, якія яго аблягчаюць. Падчас майстар-класа “Гуляем і вучымся граматна пісаць” слухачам быў прадстаўлены ідэальны ўрок, яго пабудова і прынцыпы паводзін педагога падчас урока.
“Наша мэта — прадставіць дасягненні ў сферы дыягностыкі і карэкцыі дыслексіі і дысграфіі, якія існуюць у цэнтры, дзе мы працуем, даць педагогам пэўны інструментарый, карысныя практыкаванні, дыягнастычныя метады работы з дзецьмі, у якіх падобныя праблемы, — адзначыла Аляксандра Яўгенаўна. — Цяжкасці ў авалоданні пісьмом і чытаннем пачынаюцца ў дзіцяці, як правіла, з прыходам у школу. Бацькі ў трывозе, часта не ведаюць, да якіх спецыялістаў звяртацца. Асноўныя ж — гэта неўролаг, нейрапсіхолаг і настаўнік-дэфектолаг. Але не ўсе мамы і таты схільныя надаваць значэнне такім праблемам, і здараецца, што яе вырашэнне зацягваецца аж да дасягнення дзіцем 15—16-гадовага ўзросту. Выпадкі некарэгіраванай дысграфіі сустракаюцца і ў дарослых людзей. Нейрапсіхалагічная дыягностыка, якую мы прапаноўваем, дапаможа вызначыць, з-за чаго ў дзіцяці ўзнікла дысграфія або дыслексія і прызначыць карэкцыю, накіраваную на канкрэтную праблему. Карэкцыя павінна праводзіцца з дапамогай спецыяльных метадаў, а спецыяліст, які іх выкарыстоўвае, абапіраецца на моцныя звёны мазгавой структуры чалавека, каб развіць слабыя звёны і дасягнуць станоўчага выніку.
Падчас сустрэч з педагогамі-практыкамі мы ў асноўным расказваем пра метады карэкцыі, якія прызначаны для дзяцей школьнага ўзросту, што ўжо сутыкнуліся з праблемамі, у першую чаргу з тым, што ў іх не атрымліваецца пісаць і чытаць. Мы выкладаем метады для вызначэння цяжкасцей (магчымай дыслексіі) у будучыні ў зусім маленькіх дзяцей”.
Аляксандра Яўгенаўна Собалева — спецыяліст па гульнявой карэкцыі вышэйшых псіхічных функцый. Яна лічыць, што гульнявы падыход неабходна прымяняць і пры навучанні дзяцей школьнага ўзросту. Згодна з класічнай псіхалогіяй, без праходжання гульнявога этапу школьнік не гатовы да наступнай прыступкі — вучэбнай дзейнасці. У працэсе гульні развіваюцца ўсе вышэйшыя псіхічныя функцыі, якія неабходны для паспяховага навучання ў будучыні. А сёння пры развіцці дашкольнікаў гульнявы этап праходзіць непаўнацэнна. Сучасныя хлопчыкі і дзяўчынкі, напрыклад, не маюць магчымасці для сапраўднай калектыўнай гульні з равеснікамі. Асабліва гэта тычыцца саматычна аслабленых, якіх не прымае соцыум. У школьным узросце неабходна кампенсаваць развіццё дзіцяці праз гульню. Аднак педагог павінен не проста прымяняць гульнявы падыход у рабоце са школьнікам, а зрабіць нейракарэкцыйныя метады кампанентам гульні, што ўзмоцніць яе дзеянне. У той жа час дзіця не павінна адчуваць, што з ім займаюцца спецыяльнай карэкцыяй — яно будзе проста гуляць.
Беларускіх педагогаў, якія прыйшлі на інтэнсіў да спецыялістаў з Масквы, цікавіла многае. Як займацца з дзіцем, якое адстае ў вучобе, з эпілептычным сіндромам? Ці дзейсныя ў такім выпадку нейрапсіхалагічныя метады? Адказ спецыялістаў: дзеянне метадаў запаволенае. Справа ў тым, што нейрапсіхалагічныя метады разлічаны на актывізацыю кары галаўнога мозга, а пры эпісіндроме, наадварот, прыгнятаецца актыўнасць галаўнога мозга, з-за чаго дзеці дрэнна засвойваюць вучэбны матэрыял.
Парушэнні, звязаныя з асаблівасцямі навучання, цяжка дыягнаставаць і своечасова карэкціраваць, таму больш за 700 млн людзей у свеце застаюцца непісьменнымі і сацыяльна ізаляванымі. Дыягназы дыслексіі, дысграфіі, дыскалькуліі, сіндрому дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці ёсць у 5—12% жыхароў Еўропы. 90% дзяцей пры ранняй дыягностыцы праблем, звязаных з цяжкасцямі навучання і іх своечасовай карэкцыі, могуць працягваць навучанне ў звычайным асяроддзі. Дыслексія і падобныя дыягназы не звязаны з узроўнем інтэлекту, гэта асаблівасць нейрафізіялагічнага развіцця.
Бацькоў цікавіла, у якіх аб’ёмах можна нагружаць вучобай дзіця, у якога ёсць мінімальная мазгавая дысфункцыя, дысграфія або дыслексія? Адказ спецыялістаў адназначны: перагружаць заняткамі не трэба, падыдзе павольнае спецыяльнае карэкцыйнае развіццё. Былі пытанні наконт таго, якая методыка лепш падыходзіць для тых, у каго ёсць праблемы ў навучанні. Спецыялісты ўпэўнены, што навучанне з’яўляецца сінонімам развіцця, але навучаць дзіця можна толькі таму, чаму яно можа навучыцца. На жаль, праграмныя патрабаванні не пераглядаюцца ў адпаведнасці са станам здароўя сучасных школьнікаў. У якасці прыкладаў памылак школьнага навучання навукоўцы назвалі безадрыўнае пісьмо, нарматывы хуткасці чытання, якія вылучаюць на першы план яго тэхнічны бок, а не змястоўны, а таксама вывучэнне фанетыкі ў пачатковых класах.
Што рабіць, калі ў школьніка неўроз, калі дома ён добра займаецца (піша і чытае), а ў класе — дрэнна? Адказ маскоўскіх спецыялістаў: калі ў вучня ўзнікаюць неўратычныя з’явы пры наведванні школы, трэба звярнуць увагу на ўзаемаадносіны ў школьным калектыве, з настаўнікамі і г.д. Трэба ацэньваць дзіця комплексна, у тым ліку яго псіхолага-педагагічнае і сацыяльнае выхаванне, наколькі вучань здаровы саматычна, што канкрэтна яму перашкаджае вучыцца, бо без прычын дрэннай вучобы не бывае. Тут варта згадаць і пра перыяд цяжарнасці і родаў у маці, пасляродавае развіццё дзіцяці ў першы год жыцця, пра ўскладненні пубертатнага перыяду. Калі ў малыша назіралася няправільнае рухальнае і маўленчае развіццё да 1—2 гадоў, то ў яго ўзнікнуць адпаведныя праблемы ў далейшым. Важна, ці своечасова дзіця стала трымаць галоўку, навучылася сядзець, поўзаць і хадзіць, калі сказала першае слова. У кожнага чалавека, канечне, індывідуальны графік развіцця, але ж класічныя нарматывы ніхто не адмяняў.
Сацыяльны ўзровень жыцця дзіцяці таксама адлюстроўваецца на развіцці яго вышэйшых псіхічных функцый. Для таго каб вучань авалодаў навыкамі чытання, у яго павінен быць папярэдні маўленчы перыяд, што залежыць у значнай ступені ад бацькоў. Калі яны добрыя выхавальнікі, калі размаўляюць з малышамі, паказваюць пры гэтым добры ўзор, чытаюць ім кнігі, то многія маўленчыя праблемы ў дзіцяці будзе прасцей выправіць. Калі належнага выхавання ў сям’і няма, то нават здаровае ад нараджэння дзіця з развітымі псіхічнымі функцыямі пойдзе ў школу непадрыхтаваным.
Каля 70% дзяцей сёння маюць неразвітасць тых або іншых функцый галаўнога мозга, што цягне за сабой ускладненні вуснага і пісьмовага маўлення. І звязана гэта з праблемамі ў экалогіі, з выхаваннем, нездаровым захапленнем гаджэтамі, адсутнасцю добразычлівых зносін у сям’і, а таксама з хваробамі, якія дзеці перанеслі, з-за чаго не маглі паўнацэнна ўзаемадзейнічаць з равеснікамі, наведваць дзіцячы сад. Калі дзіця трапіць у спрыяльныя сацыяльныя ўмовы, будзе жыць у клапатлівай сям’і, займацца з добрымі спецыялістамі, весці здаровы лад жыцця, падтрымліваць добрую фізічную форму, паўнацэнна харчавацца, то яго маўленчыя праблемы з узростам пройдуць, кампенсіруюцца.
Карэкцыйная работа павінна быць тонкай, карпатлівай. Выкарыстоўваючы нейрапсіхалагічныя метады, спецыялісты працуюць з галаўным мозгам дзіцяці, а значыць, дзейнічаць трэба ювелірна, паслядоўна і накіравана. Галаўны мозг — складаная сістэма, у якой ёсць пэўныя зоны, якія адказваюць за арыентацыю ў прасторы, за маўленне, інтэлект. Яны звязаны паміж сабой не толькі па гарызанталі, але і па вертыкалі, і любую слабую функцыю можна падтрымаць за кошт моцнай. Слабае звяно, дзякуючы карэкцыйнай рабоце са спецыялістам, можа быць кампенсавана за кошт моцнага, пры гэтым узнікнуць новыя клеткі, сфарміруюцца дадатковыя сінаптычныя сувязі. Умоўна кажучы, адна клетачка працягне руку дапамогі другой. У пачатку карэкцыі гэтыя клетачкі толькі ведаюць адна пра адну, а напрыканцы карэкцыйнай работы павітаюцца. Мозг дзіцяці, у адрозненне ад мозга дарослага, пластычны, і на яго добра ўздзейнічаюць менавіта карэкцыйныя метады. З дарослымі работа больш складаная, спецыялісту трэба ісці па шляху рэабілітацыі.
Першае даследаванне, якое даказала, што маўленчыя механізмы залежаць ад функцый галаўнога мозга, было праведзена ў 1861 годзе. Але навука нейрапсіхалогія маладая, ёй 50 гадоў, а дзіцячай нейрапсіхалогіі — 25. А.Р.Лурыя — адзін з заснавальнікаў нейрапсіхалогіі. У часы, калі не існавала дакладнага дыягнастычнага інструментарыю, пры правядзенні аперацый у Маскоўскім ваенным шпіталі імя М.Н.Бурдэнкі заўсёды ўлічваліся вынікі нейрапсіхалагічнай дыягностыкі. Псіхолаг і хірург разам шукалі праблемную зону галаўнога мозга, і толькі тады пачыналася аперацыйнае ўмяшанне. І сёння ў клініцы нервовых хвароб нават пасля правядзення магнітна-рэзананснай тамаграфіі ўлічваецца меркаванне нейрапсіхолага.
“Яшчэ адзін бок нашай работы — асветніцкі: мы павінны тлумачыць бацькам, як правільна выхоўваць дзіця, — гаворыць Аляксандра Яўгенаўна. — Самае важнае, каб яно зразумела, што мама і тата яго любяць. Часта да нас у цэнтр трапляюць бацькі, у якіх нарадзіўся другі малыш, што справакавала псіхалагічныя праблемы і непаспяховасць у вучобе старэйшага дзіцяці, якое, як часта бывае, толькі пайшло ў школу. Як змяніць сітуацыю? Толькі любоў і паразуменне робяць сапраўдныя цуды. Напрыклад, бацькі могуць уцягнуць у працэс купання малога старэйшае дзіця, паказаць, што яго таксама любяць. Пакладзіце і старэйшаму ў ванну градуснік падчас купання, каб даведацца тэмпературу вады, абгарніце і яго мяккім ручніком, адвядзіце ў ложак і пацалуйце Аперад сном. Дзіця супакоіцца, адчуе, што яно такое ж любімае, як і яго малодшыя брацік ці сястрычка. Адносіны ў сям’і наладзяцца, атмасфера любові акажа на развіццё дзяцей неверагодна станоўчы эфект”.
Надзея ЦЕРАХАВА.