Дрэс-код — медыцынскі халат

- 11:11Навіны рэгіёнаў

Менавіта такой была абавязковая форма для навучэнцаў ліцэя № 1 Гродна. У гэты дзень тут праходзіў тэматычны медыцынскі дзень. І нават дырэктар ліцэя Ігар Маслаў не адрозніваўся ад сваіх навучэнцаў — халат, шапачка і ахоўная павязка на твары.

Фота да матэрыяла: Дрэс-код — медыцынскі халат.У гэтым годзе ў ліцэі № 1 Гродна з’явіўся новы профіль — медыцынскі. Адкрыты два класы.

— Мы ўлічваем сітуацыю на рынку працы і адкрываем новыя профілі навучання. У дадатак да хіміка-біялагічнага ў гэтым годзе адкрылі медыцынскі. Ліцэй вельмі актыўна супрацоўнічае з Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам. Штогод нашы выпускнікі становяцца яго студэнтамі. Вядзецца вялікая сумесная работа ліцэя і лячэбнага факультэта медуніверсітэта па арыентацыі ліцэістаў для паступлення менавіта ў гэтую навучальную ўстанову. Сённяшні медыцынскі дзень — адно са шматлікіх запланаваных на навучальны год мерапрыемстваў, — расказвае Ігар Сяргеевіч.

Да размовы далучаецца намеснік дэкана лячэбнага факультэта па выхаваўчай рабоце Людміла Каралёнак.

— Выпускнікі ліцэя становяцца актыўнымі ўдзельнікамі прафарыентацыйных мерапрыемстваў. Гэта наш актыў, — расказвае Людміла Рыгораўна. — На гэты год запланавана шмат сумесных мерапрыемстваў — дэбаты паміж першакурснікамі і ліцэістамі на важныя сацыяльныя тэмы, спартыўныя мерапрыемствы з элементамі прапаганды здаровага ладу жыцця, конкурс “Што? Дзе? Калі?” таксама з медыцынскім ухілам. А галоўнае, што ліцэісты маюць магчымасць бываць на тэарэтычных і практычных занятках разам з нашымі студэнтамі. На выбар яны могуць наведваць заняткі па хіміі, біялогіі, фармакалогіі, нармальнай і паталагічнай анатоміі, псіхалогіі, бываць у лабараторыі практычнага навучання. Вельмі важна, каб вучні зрабілі свядомы выбар сваёй прафесійнай будучыні.

А тым часам ліцэісты, атрымаўшы “пуцявыя лісты”, адправіліся па пяці станцыях медыцынскага квеста. Гэтую форму праверкі ведаў тут паспрабавалі ўпершыню. Трэба было адказаць на дзесяць пытанняў тэста, напрыклад: “Якое лёгкае — правае ці левае — у чалавека большае?” і абгрунтаваць адказ, у анатамічным конкурсе на макеце правільна размясціць унутраныя органы чалавека, вызначыць лекавыя расліны, расказаць пра аказанне першай медыцынскай дапамогі. У конкурсе “Здаровае харчаванне” ўсе паказалі добрыя веды і атрымалі высокія адзнакі.

Пяцікурснік Алег Кізюкевіч з першага курса ўдзельнічае ў прафарыетацыйных мерапрыемствах і адзначае, як важна паказаць вучням тонкасці прафесіі ўрача, адказнасць гэтай работы, падзяліцца ўласным вопытам студэнцкага жыцця.

Тэматычны медыцынскі дзень пачынаўся з вітамінкі — пры ўваходзе ў будынак ліцэя ўсе атрымлівалі вітаміны. Пераможцы, а самымі лепшымі і хуткімі знаўцамі сталі члены каманды 11 хіміка-біялагічнага класа, таксама атрымалі ад дырэктара вельмі карысны вітамінны падарунак — вялікую карзіну садавіны.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.