Дрэва і час

- 11:42Прафесіяналы

Кожны раз, калі я знаёмлюся з таленавітымі навучэнцамі розных аб’яднанняў па інтарэсах, міжволі задумваюся — як жа складзецца іх прафесійны лёс? Ці стануць гады, праведзеныя на занятках, прыступкай у прафесію? Педагогі часта гавораць, што гэта неабавязкова, што, маўляў, дастаткова асвойвання кірунку “для сябе”. Можа, і так. Але ўсё ж шкада, калі поспехі застаюцца толькі ў дзяцінстве. Мой сённяшні герой Раман ЧЭРКАШЫН, выпускнік аб’яднання па інтарэсах “Дрэваапрацоўка” Шумілінскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, упершыню ўзяў у рукі разцы ў 5-м класе і з таго часу ніколі іх не выпускаў з рук. Сёння ён адзіны майстар у Беларусі, які стварае драўляныя наручныя гадзіннікі.

Школьны ляўша

З першых гадоў у аб’яднанні Раман упадабаў выраб дробных рэчаў. У прыватнасці, рабіў мініяцюрныя мадэлі тэхнікі, панарамы, з імі прымаў удзел у розных конкурсах. У 7-м класе ў яго быў малюсенькі МP3-плэер — памерам меншы, чым палова запалкавага пачка — і ён нават без спецыяльнага інструмента зрабіў да яго міні-футляр. Гэты футляр аб’ехаў з Раманам некалькі буйных конкурсаў і на кожным рабіў уражанне на журы і на канкурсантаў.

Акрамя таго, асвойваў хлопец і іншыя тэхнікі — ад разьбы да сталярнага майстэрства. У старшых класах спрабаваў рабіць мэблю. Напрыклад, канапа, якую ён сам зрабіў, служыць яму дагэтуль. У 11-м класе на абласных спаборніцтвах Раман перамог у конкурсе “Разьба па дрэве”, хаця з разьбой, прызнаецца, у яго і цяпер нацягнутыя адносіны — ён яе проста не любіць.

“Мой тата, а таксама бабуля і дзядуля па татавай лініі — юрысты, таму мне ў сям’і выбару не пакінулі. Я вымушаны быў атрымаць юрыдычную адукацыю. Скончыў універсітэт з адзнакай, аддаў дыплом бацькам і, вольны, вярнуўся ў сваю справу. Дакладней, я яе нават падчас вучобы ні на дзень не пакідаў. Але мне шкада гэтых 6 гадоў, якія я мог патраціць на любімую справу, — расказвае Раман. — Мама таксама ніколі, мякка кажучы, не падтрымлівала майго захаплення разьбярствам, бо ў мяне не згортваецца кроў. Увогуле, гэтая акалічнасць магла б стаць супрацьпаказаннем для майго захаплення. Па гэтай прычыне мяне і ў цэнтр творчасці баяліся бра ць. Але кіраўнік аб’яднання Аляксандр Яўгенавіч Пціцкі бачыў, як я хацеў далучыцца да яго навучэнцаў, таму праз год здаўся — узяў. І пры гэтым яшчэ больш узмацніў свае і без таго вельмі высокія патрабаванні да тэхнікі бяспекі”.

І немагчымае стала магчымым

Захапленне гадзіннікамі пачалося з аднаго фотаздымка наручнага гадзінніка ў інтэрнэце. Гэта быў нават не фотаздымак, а камп’ютарны макет канадскага мастака. Раман тады падумаў, што драўніна — самы няўдалы матэрыял для гадзінніка. І, каб у гэтым упэўніцца, вырашыў яго зрабіць. Купіў новы гадзіннік дзеля шкла і пад яго пачаў ствараць корпус. Галоўнай задачай было абысці ўласцівасць драўніны рэагаваць на знешняе ўздзеянне (напрыклад, ад перападу тэмператур і вільгаці драўніна то набракае, то высыхае, і таму шкло можа трэснуць) і пры гэтым не страціць у функцыянале і дызайне. Каб вырашыць гэтую праблему канструктыўна, хапіла адной бяссонай ночы. Ледзь дачакаўшыся раніцы, ён зрабіў з кавалачка дуба корпус з арыгінальным мацаваннем.

“Хоць якасць выканання пакідала жадаць лепшага, усё ж той першы гадзіннік пераўзышоў усе мае чаканні і раз­веяў сумненні, — успамінае Раман. — Я ў рабочым адзенні, у пілавінні са сваёй майстэрні пабег да Аляксандра Яўгенавіча пахваліцца. Потым прыдумаў і як прымацаваць да гадзінніка раменьчык без выкарыстання болцікаў. У мяне раменьчык з’яўляецца адначасова і бракатарам для накрыўкі. Гэтае мацаванне стала адметнасцю, візітоўкай усіх маіх гадзіннікаў”.

Да таго моманту юнак займаўся дрэваапрацоўкай ужо больш за 10 гадоў, у яго была база ведаў, вопыт і некаторы інструмент. Але для вытворчасці наручных гадзіннікаў трэба шмат спецыя­лізаванага абсталявання і інвентару. Амаль усё, што ў яго ёсць цяпер, — такарныя станкі, шліфавальныя машыны, прэс, пінцэты, шчыпцы розных гатункаў, стрэл­казнімальнікі, прэс для стрэлак і многае іншае — самаробныя з некаторай колькасцю заводскіх камплектуючых. Але каб іх зрабіць, таксама трэба былі грошы. Таму Раман адразу пасля заканчэння ўніверсітэта пайшоў працаваць у калгас — паўгода займаўся рамонтам і дыягностыкай даільнага абсталявання па ўсёй Віцебскай вобласці.

Раман Чэркашын падтрымлівае цёплыя сяб­роўскія адносіны з шасцю былымі гурткоўцамі. Іх работа так ці інакш звязана з дрэваапрацоўкай, хаця, што цікава, ніхто з іх не атрымліваў профільнай адукацыі — усім хапіла заняткаў у Аляксандра Яўгенавіча Пціцкага. З адным з сяброў, Ігарам Яшчуком, які робіць рэк­ламныя шыльды з фанеры, Раман працуе пад адным дахам — дом, які яны разам арандуюць, яны пераабсталявалі пад майстэрні.

Экзотыка на руцэ

З моманту першага прататыпа да першага прададзенага гадзінніка прайшло 14 месяцаў! Гэта здаецца, што шмат, але працэс складаецца з мноства дзеянняў — фрэзероўка, падгон, шліфоўка, такарная апрацоўка, устаноўка цыферблата, свідраванне, зборка, устаноўка стрэлак, шкла. Потым выраб, падгон і збор папружкі, нанясенне пакрыцця (алей, воск).

Сёння, калі ўжо набіта рука, на стварэнне падобнага гадзінніка ў майстра ідзе месяц, а для больш простага хапае 10 дзён. Ёсць і мадэлі, якіх за дзень ён робіць па 3 штукі.

Аднімае час ад вырабу і пошук матэ­рыялу. Адзін з ключавых момантаў — падбор драўніны. Усе першыя гадзіннікі былі створаны з беларускага дубу. Але гэта не практычны матэрыял — на ім хлопец толькі вучыўся рабіць гадзіннікі. А першыя мадэлі для продажу былі створаны з вішні — драўніна шчыльная, з прыемнай колеравай гамай і з такім важным для маленькіх вырабаў  дробным малюнкам. Яе назва ў спалучэнні з прозві­шчам і дала наз­ву брэнду Cherry Wood Watch.

Але, на жаль, беларускую драўніну ў сваёй справе Раман выкарыстоўваць не змог. “Вішні ў Беларусі шмат, але ў нас зусім не прытрымліваюцца стандартаў у сушцы — пачынаючы ад абрэзкаў да мэб­левых шчытоў, якія выкарыстоўваюцца ў мэблевай вытворчасці. Таму матэрыял у выглядзе невялікіх кавалачкаў правільна высушанай драўніны мне даводзіцца закупляць найчасцей у Расіі, куды яна трапляе з усяго свету”.

Першымі кліентамі Рамана Чэркашына былі яго сябры і знаёмыя. Сёння ж ён атрымлівае заказы з Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі, ЗША. Прасоўванне брэнда адбываецца ў сацсетках, але найбольшы эфект даюць сарафаннае радыё і выставы.

Сёння ў майстра велізарны выбар парод дрэва для вырабу гадзіннікаў — ад такіх ужо банальных парод, як зебрана, венге, падук, амарант да вельмі экзатычных — лунны эбен, чорнае дрэва, жалезнае дрэва і інш. Разнастайнасці драўляным гадзіннікам надаюць таксама вырабленыя з косці і рога лося і індыйскага буйвала.

“Перавага гадзіннікаў, зробленых з такіх парод, у тым, што яны амаль не ўспрымальныя да знешніх умоў і мо­гуць перадавацца ад пакалення да пакалення, не мяняючыся. Улічваючы, што некаторым пародам драўніны, якія да мяне трапляюць, па некалькі соцень гадоў, то яны не толькі цяжэйшыя за ваду і то­нуць, а і блізкія па цвёрдасці да каменя”, — тлумачыць Раман Чэркашын.

Скуру для раменьчыкаў майстар набывае ў Італіі, але апошнім часам пераходзіць на тэкстыльныя ці нейлонавыя раменьчыкі, якія па пляценні нагад­ваюць аўтамабільныя рамяні бяспекі. Гэта практычна і пераўзыходзіць па ўсіх параметрах скуру — тэкстыль не ўспрымальны да атмасферы, гіпаалергенны, лёгка мыецца. Вырашыў і пытанне з пастаўшчыкамі механізмаў. Стрэлкі па параметрах для яго робяць на заводзе ў Кітаі, што ўжо з’яўляецца часткай мануфактурнай вытворчасці.

Фантазія ў дапамогу

“Дызайн гадзіннікаў і канцэпцыя ў цэлым — асабіста мая распрацоўка, ад шырыні папружкі да лагатыпа. Я люблю мінімалізм, прастату ў дызайне. Не прыдумваю дызайн гадзінніка, се­дзячы ў інтэрнэце, няма ў мяне і эскізнага сшытка, не сяджу я і за чарцёжнай дошкай — усё “малюю” ў галаве. Часам, калі ідэй шмат, раблю хуценька рабочы варыянт з падручнай драўніны, каб не забыцца. Мяне ў дзяцінстве вучылі развіваць фантазію з дапамогай такога практыкавання — у думках працягваць у адтуліны ў бацінках шнуркі і завязваць іх банцікам. Гэта толькі здаецца простым, у выніку развівае ўменне праектаваць дэталі і выкарыстоўваць іх як паўнацэнныя вобразы. Я свае гадзіннікі ўяўляю і бачу іх ужо гатовымі, ва ўсіх дэталях”, — дзеліцца тонкасцямі справы Раман.

У планах майстра паспрабаваць спалучыць драўніну з іншымі матэрыяламі.

“Нядаўна пазнаёміўся з вуглевалакном — гэты матэрыял вельмі трывалы, добра апрацоўваецца. І такі сучасны матэрыял мог бы быць кампаньёнам жывому і цёпламу дрэву. Такі сімбіёз старажытнасці, архаікі і ультрасучаснага матэрыялу падабаецца і мне, і пакупнікам. У гэтым кірунку я хацеў бы рухацца. Акрамя таго, хацеў бы рабіць выключна штучны тавар па папярэднім заказе пакупнікоў”.

У планах майстра і больш шырокае знаёмства з калегамі свету на прафесійных пляцоўках, бо рэспубліканскія і міжнародныя кірмашы-продажы даўно сталі для яго штодзённасцю. Так, Раман хацеў бы прадставіць свае вырабы на міжнароднай выставе Moscow Watch Expo — але пакуль кошт удзелу ў ім вельмі высокі. А ў Швейцарыі прахо­дзіць штогадовая выстава, гадзіннікавы оскар — Baselworld. Там кошт больш дэмакратычны. Майстар збіраецца пачаць менавіта з яго.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлены Раманам Чэркашыным.