Дрэва сяброўства ля новага дома

Інтэрнат № 18 Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта пабудаваны за сродкі бязвыплатнай тэхнічнай кітайскай дапамогі. Урачыстае адкрыццё новага студэнцкага дома адбылося днямі ў сталічнай Студэнцкай вёсцы. 1020 студэнтаў з Беларусі, Кітая і іншых краін пасяліліся і яшчэ паселяцца ў камфортным, вялікім, прыгожым інтэрнаце, пры будаўніцтве якога выкарыстоўваліся самыя сучасныя тэхналогіі, створана безбар’ернае асяроддзе для студэнтаў з асаблівасцямі ў развіцці.

Пачалася цырымонія з пасадкі дрэва сяброўства, на ролю якога выбралі кедравую хвою. Разам яе пасадзілі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка і рэктар БНТУ Сяргей Васільевіч Харытончык.

— Зараз у Беларусі будуюцца і іншыя студэнцкія інтэрнаты, — расказаў міністр адукацыі. — Гэта два інтэрнаты ў Гродне: адзін — для медыцынскага ўніверсітэта, другі — для ўніверсітэта імя Янкі Купалы, якія будуць уведзены ў эксплуатацыю ў гэтым (для медуніверсітэта) і ў наступным годзе. Акрамя таго, мы зараз прапрацоўваем ва ўрадзе пытанне аб будаўніцтве дадатковых інтэрнатаў у Мінску. Гэта звязана з тым, што ў нашы ўніверсітэты актыўна паступаюць замежныя грамадзяне, і для таго каб стварыць добрыя ўмовы для пражывання студэнтаў, мы разглядаем магчымасць будаўніцтва яшчэ трох-чатырох інтэрнатаў. Патрэбны інтэрнаты для ўніверсітэта фізічнай культуры, БДУІР і, калі атрымаецца, для іншых УВА Мінска, якія актыўна займаюцца экспартам адукацыйных паслуг.

Адкрыццё інтэрната БНТУ Ігар Васілье­віч назваў добрай падтрымкай, заўважыўшы, што зараз Студэнцкая вёска набыла закончаны выгляд — тут практычна не засталося пляцовак для будаўніцтва. Затое атрымаўся сучасны студэнцкі гарадок са спартыўным комплексам, паліклінікай, пунктамі грамадскага харчавання і г.д. Тут жа працуе Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі, апорны пункт, які збірае мала­дзёжныя атрады аховы правапарадку пад эгідай БРСМ, з’явяцца Цэнтр міжнародных сувязей і аддзяленне асацыяцыі выпускнікоў з замежных краін, якія вучыліся ў Беларусі.

Новы інтэрнат, за будаўніцтва якога беларускі бок удзячны Кітаю, — яшчэ адно пацвярджэнне асаблівых адносін паміж дзвюма краінамі, варта толькі ўзгадаць, што гэты год  (70-годдзе стварэння КНР) аб’яўлены ў Кітаі Годам беларускай адукацыі.

— Гэты інтэрнат — сціплы падарунак Кітайскай Народнай Рэспублікі беларускаму народу, — заўважыў спадар Цуй Цымін. — Мы ўдзячны Беларусі, калі ў 2008 і 2010 гадах ваша краіна дапамагла Кітаю пасля землетрасенняў. Мы памятаем пра гэта і вельмі ўдзячны. Нашы адносіны развіваюцца ўстойліва і дынамічна, ёсць поспехі, у тым ліку ў сферы адукацыі. На чарговым пася­джэнні міжурадавай камісіі па адукацыі заключаны новыя дамоўленасці аб супрацоўніцтве.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Рэспубліцы Беларусь падзякаваў рэктару БНТУ С.В.Харытончыку за падтрымку кітайскіх студэнтаў. Ва ўніверсітэце пастаянна вучыліся каля 60 студэн­таў з КНР, сёлета іх ужо больш за 70, а хутка будзе больш за 100. Інтэрнат № 18 БНТУ, між іншым, яшчэ летам апрабавалі спартсмены і трэнеры, якія прыязджалі на ІІ Еўрапейскія гульні, вельмі высока ацаніўшы ўмовы пражывання ў ім. А як інакш можа быць у інтэрнаце, нумар якога лічыцца ў Кітаі шчаслівым?

Сяброўства дзвюх краін прыносіць і іншыя цікавыя вынікі. Так, у Кітаі вучыцца каля 1000 беларускіх студэнтаў, кітайскіх студэнтаў у нашай краіне прыкладна 4000. У БНТУ працуе Кітайскі культурна-адукацыйны цэнтр “Шанхай-2000”, у структуры ўніверсітэцкага тэхнапарка “Палітэхнік” функцыянуе беларуска-кітайскі цэнтр па супрацоўніцтве з пяццю правінцыямі  Кітая, а 5 гадоў назад ва ўніверсітэце адкрыты першы Інстытут Канфуцыя па навуцы і тэхніцы. І гэта прыклад толькі адной установы адукацыі! Нездарма нашым студэнтам, будучым інжынерам, варта, як параіў рэктар БНТУ, вучыць кітайскую мову, бо сумесная работа працягнецца.  

Падчас цырымоніі была адкрыта памятная таблічка ў новым інтэрнаце.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота БелТА.