Дробязей у навучанні і выхаванні няма

- 9:40Адукацыйная прастора

Падчас пленарнага пасяджэння Рэспубліканскага педагагічнага савета сваімі думкамі, меркаваннямі дзяліліся парламентарыі, педагогі, прадстаўнікі прафесійна-тэхнічнай адукацыі і вышэйшай школы.

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Марзалюк гаварыў пра сутнасць сучаснай адукацыі, значнасць патрыятычнага выхавання і пра тое, якім чынам усё гэта павінна быць замацавана ў законах.

“Мы не павінны забываць пра тое, што задача школы — выхоўваць гарманічна развітую асобу і дастойнага члена грамадства, а значыць, фарміраваць у падрастаю­чага пакалення не толькі прафесійныя навыкі, але і цэласнае ўспрыманне свету, — падкрэсліў Ігар Марзалюк. — Таму ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі прапануецца іншае вызначэнне самой адукацыі як навучання і выхавання ў інтарэсах асобы, грамадства і дзяржавы, накіраваных на інтэлектуальнае, духоўна-маральнае, творчае, фізічнае і прафесійнае развіццё асобы, задавальненне яе адукацыйных патрэб і інтарэсаў”.

Па яго словах, велізарная роля ў фарміраванні нацыянальнай, культурнай і цывілізацыйнай пераемнасці беларускай нацыі належыць цыклу гуманітарных дысцыплін, якія закліканы прывіць падрастаю­чаму пакаленню правільнае ўяўленне аб духоўна-маральных каштоўнасцях, аб абавязку, гонары, патрыятызме.

“Мы абавязаны захаваць культурны код нацыі. Ён фарміраваўся стагоддзямі, — сказаў Ігар Марзалюк. — І мы не можам, не маем права дапусціць яго разбурэння на працягу жыцця аднаго пакалення. Менавіта таму такое важнае месца ў праекце кодэкса адведзена пытанням падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі — кандыдатаў і дактароў навук. У тым ліку гісторыкаў, філосафаў, сацыёлагаў. Высокіх прафесіяналаў і патрыётаў краіны. Тых, хто абавязаны рыхтаваць высакаякасныя падручнікі і вучэбныя дапаможнікі”.

Ігар Марзалюк адзначыў, што час патрабуе прынцыповага перагляду існуючых падыходаў да арганізацыі выхаваўчай работы, у тым ліку ваенна-патрыятычнага выхавання. “Наспела жыццёвая неабходнасць аднаўлення ў краіне сістэмы бесперапыннага ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі, якая дазволіць дзецям і падлеткам набыць найважнейшыя асобасныя маральна-псіхалагічныя і практычныя якасці, якія дапамогуць ім супрацьстаяць негатыўным з’явам у падлеткавым асяроддзі, тэндэнцыям асацыяльных паводзін. Аналагічная сістэма ваенна-прыкладнога патрыятычнага выхавання ў цяперашні час з поспехам выкарыстоўваецца ў Ра­сійскай Федэрацыі, Ізраілі, ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі і іншых краінах у выглядзе ваенізаванага скаўтынгу для дзяцей рознага ўзросту”, — сказаў ён.

У якасці паказальнага прыкладу ў нашай краіне ён прывёў дзейнасць ваенна-патрыятычнага лагера “Доблесць” на базе адной з часцей спецназа, дзе эфектыўна функцыянуе мадэль ваенна-патрыятычнага выхавання, якая рэалізоўвалася сумеснымі намаганнямі вайсковай часці і ўсіх зацікаўленых — міністэрстваў адукацыі, аховы здароўя, па надзвычайных сітуа­цыях, унутраных спраў.

“Лічу сваім абавязкам як грамадзянін, як патрыёт, як дэпутат парламента выступіць з заканадаўчай ініцыятывай аб распрацоўцы актаў заканадаўства, што ўстановяць агульнаабавязковыя напрамкі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, якія будуць адпавядаць сучасным сацыяльным выклікам і прадугледжваць пашырэнне дзяржаўных мер па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі”, — падкрэсліў парламентарый.

Паводле яго слоў, у верасні шэраг неабходных дапаўненняў, удакладненняў і змяненняў у гэтай сферы плануецца ўнесці ў праект абноўленага Кодэкса аб адукацыі. Ігар Марзалюк перакананы, што наспела неабходнасць прыняцця заканадаўчага дакумента “Аб змене законаў па пытанні грамадзянскага і патрыятычнага выхавання моладзі”. “Матрыца такога законапраекта ў ініцыятыўным парадку падрыхтавана”, — адзначыў ён.


Пра важнасць выхаваўчага патэнцыялу школы і магчымасці для павышэння якасці адукацыі гаварыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Горак Ірына Халюкова. У прыватнасці, яна лічыць, што важнае значэнне мае цеснае ўзаемадзеянне школы з бацькамі. “Горад Горкі невялікі, і наша гімназія стала яго своеасаблівым адукацыйным, культурным, спартыўным і грамадскім цэнтрам, дзе вучні і іх бацькі з карысцю праводзяць вольны час. Школа павінна не толькі даваць новыя веды, але і несці выхаваўчы патэнцыял, а якасць адукацыі — гэта не толькі сучаснае абсталяванне, высокі бал атэстата і вынікі цэнт­ралізаванага тэсціравання”, — падкрэсліла Ірына Халюкова.

“Разам з тым мы разумеем, што задача павышэння якасці адукацыі застаецца актуальнай. Для гэтага педагогі актыўна выкарыстоўваюць інфармацыйныя тэхналогіі. Калі ў мінулым годзе ўзнікла такая неабходнасць, настаўнікі гімназіі адгукнуліся на ініцыятыву Міністэрства адукацыі і сталі актыўнымі распрацоўшчыкамі прадметных вучэбных модуляў, якія размешчаны на адзіным інфармацыйна-адукацыйным рэсурсе. Распрацаваныя матэрыялы актыўна выкарыстоўваюцца на ўроках і пры арганізацыі самастойнай работы вучняў настаўнікамі ўсёй краіны. Гэта своеасаблівы абмен вопытам, лепшымі напрацоўкамі”, — адзначыла педагог.

Намеснік дырэктара падкрэсліла, што для ацэнкі ведаў вучняў даўно выкарыстоўваецца 10-бальная сістэма, у якой усе адзнакі, акрамя нуля, з’яўляюцца здавальняючымі. “Да гэтай сістэмы ўсе прывыклі. Пытанняў ні ў кога не ўзнікае. Аднак адзнака павінна не толькі стымуляваць да атрымання новых ведаў, але і выхоўваць. Гэтае пытанне мы абмяркоўвалі на секцыі. У рамках развіцця рашэнняў, што прымаюцца Міністэрствам адукацыі па новых падыходах да атэстацыі, лічым неабходным разгледзець магчымасць увядзення нездавальняючых адзнак ад 1 да 3 у школе. Вучань і яго бацькі павінны разумець, што ў школу дзіця прыйшло па веды. Адзнаку трэба зарабіць, а проста адседзець і атрымаць атэстат не атрымаецца” — адзначыла Ірына Халюкова.

“Мы, педагогі, разумеем, што прэстыж школы неабходна ўзнімаць на якасна новы ўзровень. Дробязей у навучанні і выхаванні няма. Якасць адукацыі — гэта перш за ўсё якасць настаўніка, — адзначыла намеснік дырэктара. — У вырашэнні пастаўленай задачы важным з’яўляецца ўсё — ад знешняга выгляду настаўніка, інфармацыі, якую ён размяшчае ў інтэрнэце, да ўзаемаадносін школы з бацькамі. Лічым своечасовай распрацоўку Міністэрствам адукацыі этычных правіл педагога, якія таксама абмяркоўваліся на секцыях. Будзем чакаць іх хуткага зацвярджэння”.

Ірына Халюкова таксама падкрэсліла, што быць удзельнікам Рэспубліканскага педагагічнага савета, гаварыць ад імя настаўніцтва ганарова і вельмі адказна. “Прафесія настаўніка — не для выпадковых людзей. Менавіта ад асобы настаўніка, яго прафесіяналізму залежыць фарміраванне будучых пакаленняў. Ужо заўтра мы ўвой­дзем у школьныя класы, горда і ўпэўнена, з усмешкай на твары. І будзем вучыць дзяцей, будзем не побач, а разам з імі, будзем знаходзіць патрэбныя словы, дапамагаць і захапляцца іх перамогамі. Гэта і ёсць лепшы доказ нашай сілы, нашай веры ў сябе, у сваю прафесію — вялікую прафесію настаўніка”, — адзначыла яна.


“Для развіцця і росквіту дзяржавы важна, каб моладзь была гатова праца­ваць на карысць сваёй краіны, усведамляючы сябе часткай грамадства”, — адзначыла настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 1 Ліды Наталля Ліханава.

Педагог вялікую ўвагу ўдзяляе фарміраванню ў навучэнцаў каштоўнаснага стаўлення да Ра­дзімы ва ўмовах сучаснай школы. “Цяперашняе маладое пакаленне жыве ў няпросты час, ва ўмовах нарастаючага патоку выклікаў і пагроз. Мы сёння разумеем: для таго каб падпарадкаваць дзяржаву чужым інтарэсам, не трэба захопліваць рэсурсы, матэрыяль­ныя каштоўнасці. Для гэтага дастаткова завалодаць розумамі людзей, і перш за ўсё моладзі”, — сказала яна.

“Як паказалі падзеі жніўня 2020 года, такія спробы рабіліся з выкарыстаннем інфармацыі, якая перадаецца праз Telegram-каналы. Таму для мяне важна навучыць дзяцей крытычна ацэньваць і аналізаваць інфармацыю. Паколькі навучэнцы шмат часу прымяняць у інтэрнэце, я стала больш прымяняць у сваёй рабоце інфармацыйныя тэхналогіі, выкарыстоўваць іх у рэчышчы, максімальна карысным для дзяцей”, — расказала настаўніца.


“Змены, якія адбываюцца ў розных галінах жыцця беларускага грамадства, ста­вяць перад сістэмай прафесійнай адукацыі новыя задачы. На сучасным рынку працы запатрабаваны крэатыўныя, мабільныя спецыялісты. У прафесійнай адукацыі на першы план выходзіць практычная падрыхтоўка будучых спецыялістаў, іх гатоў­насць да прадукцыйнай працоўнай дзейнасці, якая ўключае ў сябе здольнасць да хуткай адаптацыі на рабочым месцы, валоданне агульнымі і прафесійнымі кампетэнцыямі, а таксама ўстойлівую матывацыю да паспяховай прафесійнай дзейнасці”, — адзначыў падчас выступлення на Рэспубліканскім педагагічным савеце дырэктар філіяла “Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе” РІПА Арцём Рыбак.

Каледж на працягу 38 гадоў рыхтуе кадры для прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасці, Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта і іншых арганізацый краіны. “Штогод на рынак працы з кале­джа выходзіць больш за 230 рабочых і спецыялістаў па 8 спецыяльнасцях. Аднак для каледжа заўсёды ў прыярытэце задача падрыхтоўкі кадраў у галіне металаапрацоўкі. На жаль, большасць з гэтых прафесій у пэўны перыяд часу пачала губляць прывабнасць сярод моладзі, што запатрабавала перагляду падыходу як да распрацоўкі зместу праграм, так і да арганізацыі адукацыйнага працэсу, папулярызацыі рабочых прафесій сярод моладзі”, — адзначыў дырэктар каледжа.

Па яго словах, павышэнню прэстыжу прафесійнай адукацыі дапамагае ўдзел Беларусі ў міжнародным руху WorldSkills. “За 6 гадоў удзелу нашай краіны ў міжнародных чэмпіянатах прафесійнага майстэрства, правядзення нацыянальных і рэгіянальных конкурсаў істотна павысіўся ўзровень прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных кадраў, абнавіўся змест спецыяльнасцей, абсталяванне майстэрняў і лабараторый каледжа, у вучэбны працэс укаранёныя найноўшыя тэхналогіі, якія прымяняюцца ў прамысловым сектары, — дадаў Арцём Рыбак. — Пры гэтым мы ра­зумеем, што новыя тэхналогіі ўкараняюцца даволі хутка і змест адукацыйных праграм павінен апярэджваць узровень развіцця вытворчасці. Гэта значыць вывучаць сучасныя тэхналогіі неабходна нават пры іх адсутнасці сёння на прадпрыемствах. У гэтым і ёсць прынцып апераджальнай падрыхтоўкі”.


 “Неад’емнай часткай падрыхтоўкі спецыяліста з’яўляецца фарміраванне ў яго ўніверсальных кампетэнцый. Іншымі словамі, кожны выпускнік павінен умець, па-першае, арыентавацца ў сучасным свеце. Па-другое, аб’ектыўна ацэньваць падзеі, што адбываюцца, грунтуючыся на дакладных фактах. Па-трэцяе, адстойваць інта­рэсы сваёй дзяржавы”, — сказала рэктар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Валянціна Багатырова.

Паводле яе слоў, падзеі апошніх гадоў высвецілі існуючыя праблемы, якія тычацца кожнага з нас. “Гэта і пытанні ўзаемаадносін розных пакаленняў, адсутнасць глыбокага разумення таго, што адбываецца ў свеце, усведамленне пануючай ролі выхавання кожны дзень, кожным сваім учынкам. Сённяшні савет дазваляе нам абмерка­ваць і вынесці прапановы па ўдасканаленні адукацыйнага і выхаваўчага працэсаў. Мы выразна разумеем, што гэтыя два працэсы адзіныя”, — адзначыла рэктар.

Валянціна Багатырова падкрэсліла, што абноўлены змест сацыяльна-гуманітарных дысцыплін дазволіць стварыць умовы для павышэння якасці і эфектыў­насці падрыхтоўкі спецыялістаў усіх сфер эканомікі. “Гэта магчыма з дапамогай уключэння ў кожную дысцыпліну канкрэтных вывераных фактаў, аналіз якіх дазволіць студэнту ўсвядоміць тое, што адбываецца, і праз фарміраванне асобаснага ўспрымання гэтых падзей даць ім правільную ацэнку, — упэўнена Валянціна Багатырова. — Сёння мала даць веды — трэба выхаваць сапраўднага грамадзяніна, патрыёта, здольнага заўтра заняць наша месца і працаваць якасна на карысць нашай дзяржавы. Менавіта гэты пасыл пакладзены ў аснову ўсяго адукацыйнага працэсу”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота БелТА.