Другасная занятасць усім на карысць

- 12:15Навіны рэгіёнаў

У Жлобіне прайшоў абласны семінар, дзе на канкрэтных прыкладах разгледзелі невідавочныя магчымасці сістэмы адукацыі.

Для ўстановы…

Як і дзе ўстановам адукацыі зарабіць дадатковыя сродкі? Як гэтаму могуць паспрыяць праекты другаснай і сацыяльнай занятасці? Адказы на гэтыя пытанні шукалі прадстаўнікі розных структур адукацыі Гомельскай вобласці сумесна са спецыялістамі камітэта па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва. 

Размяркоўваючы выдзеленае фінансаванне, галоўнае ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама імкнецца, каб кожны кіраўнік галіны меў глебу пад нагамі, адзначае начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў:

— Асноўнымі крыніцамі атрымання прыбытку, вызначанымі дзеючым заканадаўствам, з’яўляюцца бюджэт заснавальніка, самастойная статутная дзейнасць адукацыйнай установы, добраахвотныя ахвяраванні і мэтавыя ўклады юрыдычных і фізічных асоб. Пазабюджэтная дзейнасць дае магчымасць дадаткова зара­біць грашовыя сродкі, дзякуючы якім развіваецца матэрыяльна-тэхнічнае абсталяванне, праводзіцца навуковая дзейнасць, аказваецца матэрыяльная дапамога супрацоўнікам. І тут магчымая і важная сумесная работа з камітэтам па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва па падрыхтоўцы і ўкараненні праектаў другаснай і сацыяльнай занятасці.

Кіраўнік Гомельскага абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый у сферы адукацыі Алена Капа адзначыла, што гэтаму напрамку вялікую ўвагу ўдзяляюць кіраўнікі прафтэхадукацыі і агульнай сярэдняй адукацыі. Такім чынам адначасова вырашаецца некалькі задач: заняць навучэнцаў, даць магчымасць ім зарабіць, добраўпарадкаваць тэрыторыі, абнавіць мэблю, вучэбныя дапаможнікі, пашыць пасцельную бялізну… 

— Калі параўнаць класіфікацыю праектаў, — адзначае Алена Мікалаеўна, — школы маюць больш разнастайны і шматгранны пералік. Ад пашыву масак да вырабу і рамонту мэблі. Ва ўстановах прафтэхадукацыі пералік больш сціплы. З 31 укаранёнага праекта 13 — рамонт бібліятэчнага фонду, 11 — добраўпарадкаванне тэрыторый. Калі школы, спазнаўшы выгаду гэтага кірунку работы, за год укараняюць 5—6 праектаў, то з 22 устаноў прафтэхадукацыі 17 укаранілі толькі па адным праекце за навучальны год. Пры гэтым у Хойніцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі — 5 праектаў, у Светлагорскім дзяржаўным індустрыяльным каледжы — 3. 

Адначасова вырашаецца некалькі задач: заняць навучэнцаў, даць магчымасць ім зарабіць, добраўпарадкаваць тэрыторыі, абнавіць мэблю, вучэбныя дапаможнікі, пашыць пасцельную бялізну…

…І для ўласных патрэб

Жлобіншчына сярод лідараў у сферы праектаў па другаснай занятасці навучэнцаў. Вопыт арганізацыі часовай працоўнай занятасці навучэнцаў у вольны ад вучобы час у Жлобінскім раёне прадставіла намеснік старшыні Жлобінскага райвыканкама Валянціна Няхай. Яна расказала, што першы ў раёне праект па часовай працоўнай занятасці навучэнцаў быў рэалізаваны яшчэ ў 2009 годзе на базе сярэдняй школы № 13 Жлобіна. Тады дзеці рамантавалі вучэбную мэблю. І вось ужо на працягу дванаццаці гадоў школьнікі прымаюць актыўны ўдзел у рэалізацыі новых праектаў.

— Калі ў 2016 годзе ў праектах удзель­нічала 359 навучэнцаў, то сёлета — ужо 479, — падкрэсліла Валянціна Васільеўна. — 3889 навучэнцаў Жлобінскага раёна ва ўзросце 14—18 гадоў атрымалі магчымасць зарабіць грошы за гэтыя 12 гадоў. У раёне ўсе школы прымалі і працягваюць прымаць актыўны ўдзел у рэалізацыі розных праектаў. Прадукцыя, якую вырабляюць дзеці, шырока выкарыстоўваецца для ўласных патрэб або перадаецца іншым установам адукацыі раёна на бязвыплатнай аснове.

Гутарка ідзе пра пашыў ручнікоў, матрацнікаў, камплектаў пасцельнай бялізны. У рамках праектаў па добраўпарадкаванні школьных тэрыторый высаджана амаль паўтары тысячы са­джанцаў яблынь. У 30 установах адукацыі з’явіліся яблыневыя сады, а яблыкі, сабраныя ў іх, — на сталах у школьных сталовых. Праведзены маштабныя работы па замене стальніц вучнёўскіх і абе­дзенных сталоў. 37 стэндаў, вырабленых дзецьмі, упрыгожваюць установы адукацыі. У сярэдніх школах №№ 5, 13, Лукскай школе ў калідорах усталявана больш за 50 мяккіх лавак.

Другасная занятасць ва ўстановах адукацыі арганізуецца, як правіла, падчас канікул. Дзеці працуюць у сярэднім 10 га­дзі­н у тыдзень — пяць дзён па дзве гадзіны. Заработная плата навучэнцам выплачваецца за фактычна адпрацаваны час і зале­жыць ад віду выкананых работ. У 2021 годзе кошт 1 гадзіны складае 4,26 рубля.

— Любы праект на першапачатковым этапе патрабуе фінансавых укладанняў, — адзначае Валянціна Няхай. — Асноўнай перавагай удзелу ў такіх праектах з’яўляецца дадатковае прыцягненне сродкаў на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў. На набыццё матэрыялаў упраўленне па працы накіроўвае 25% ад агульнай сумы праекта. Гэтых сродкаў хапае на пакрыццё 62% кошту матэрыялаў па праекце, а 38% установа даплачвае за кошт уласных сродкаў — гэта дабрачынныя сродкі.

Такім чынам, калі набыццё новага вучнёўскага стала абыходзіцца ў 186 рублёў, яго рамонт можна зрабіць на 139 рублёў 37 капеек танней. Калі купіць абедзенны стол каштуе 230 рублёў 12 капеек, яго рамонт абыдзецца на 142 рублі 42 капейкі танней.

Начальнік аддзела фінансавання сацыяльных выплат па занятасці насельніцтва, садзейнічанні ў працаўладкаванні і забеспячэнні занятасці Жлобінскага райвыканкама Аляўціна Спарыш паведаміла, што з пачатку 2021 года ўпраўленнем складзены дагаворы на арганізацыю другаснай занятасці за кошт сродкаў бюджэту фонду з чатырма наймальнікамі: аддзелам адукацыі Жлобінскага райвыканкама, Жлобінскім прафесійным ліцэем сферы абслугоўвання, Жлобінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжам і Чырвонабярэжскім дзяржаўным аграрным каледжам.

— У гэтай рабоце за студзень — лістапад гэтага года прынялі ўдзел 520 навучэнцаў. Аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні 17 навучэнцам, якія стаяць на ўліку ў інспекцыях і камісіях па справах непаўналетніх.

Добры вынік

Дырэктару ясляў-сада — сярэдняй школы № 73 Гомеля Дзмітрыю Острыкаву прыйшлося сутыкнуцца з неабходнасцю сур’ёзнага рамонту будынка ўстановы. Пры правядзенні маніторынгу Камітэтам дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласці ў 2019 годзе было выяўлена разбурэнне адмосткі будынка. Недахопы трэба было ліквідаваць да лістапада 2020 года. Была ўнесена прапанова ўпраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Гомельскага гарвыканкама пра ўдзел у сацыяльна значным праекце з прыцягненнем беспрацоўных грамадзян, якія стаяць на ўліку ў цэнтры занятасці. Дзмітрый Пятровіч гаворыць, што работа закіпела ў сярэдзіне кастрычніка 2020 года:

— Пяць рабочых прыняліся за дэмантаж бардзюрнага каменя і старой адмосткі, зрабілі разметку і апалубку, арміраванне і бетаніраванне. Да лістапада ўсе работы былі завершаны і прыняты ўсімі кантралюючымі органамі. Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва вы­дзеліў пад праект амаль 13 тысяч рублёў. Увесь аб’ём работ быў выкананы на працягу 20 працоўных дзён.

Тым часам ва ўстанове адукацыі актыўна праводзяцца і мерапрыемствы з прыцягненнем навучэнцаў па праграме другаснай занятасці. Для хлопчыкаў — зборка агароджаў і пясочніц для дашкольных устаноў. Калі ўзнікла неабходнасць у абсталяванні памяшкання гардэроба пачатковых класаў стэлажамі для абутку і груп дашкольнага аддзялення стэлажамі для цацак, быў распрацаваны праект другаснай занятасці па вырабе гэтай мэблі.

Загадчыца ясляў-сада № 42 Гомеля Святлана Грабяняк таксама скарысталася магчымасцю фінансавання аплатных грамадскіх работ у дашкольных установах за кошт дзяржаўнага фонду садзейнічання занятасці насельніцтва:

— Упершыню мы апрабавалі такі спосаб паляпшэння матэрыяльнай базы ўстановы ў 2018 годзе, калі ў нас паўстала неабходнасць бягучай афарбоўкі агароджы тэрыторыі, рамонту цокаля і пажарных усходаў будынка. Аб’ём работ быў дастаткова вялікім і самастойна мы не маглі яго асвоіць. Мы ўвасобілі праект аплатных работ і атрымалі добры вынік. У 2020 годзе па аналагічным праекце ажыццявілі бягучы рамонт сцен 14 пергол-альтанак, двух спальных памяшканняў у групах. Сёлета правялі работу па бягучым рамонце пяці памяшканняў у групах, спартыўнай залы і пральні.

Сёння ў Святланы Генадзьеўны адпрацаваны алгарытм дзеянняў: ад прыняцця рашэння аб выкананні пэўнага віду рамонтных работ да выплаты ўзнагароды беспрацоўным. Гаворыць, што пры набыцці вопыту па арганізацыі аплатных грамадскіх работ практычнае выкарыстанне рэсурсаў становіцца магчымым.

У цэлым, згаджаюцца ўдзельнікі абласнога семінара, арганізацыя і ўкараненне сацыяльнай і другаснай занятасці — гэта добрая дапамога для ўмацавання матэ­рыяльнай базы за кошт фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, а таксама арганізацыя карыснай занятасці навучэнцаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.