Другі дом для чамучак Любані

- 11:33Сацыяльны ракурс

Учора ў новым мікрараёне на ўскраіне Любані ўрачыста расчыніў дзверы для навасёлаў 2—6 гадоў новы дзіцячы сад № 1. Год спатрэбіўся будаўнікам, каб узвесці ўтульны другі дом для 150 самых маленькіх любанчан.

Павіншаваць з радаснай падзеяй жыхароў горада прыехалі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Сергяенка, старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко.

Кіраўнік Адміністрацыі ­Прэзідэнта адзначыў, што менавіта ў дашкольных установах пачынаецца фарміраванне дзіцяці як асобы, грамадзяніна і патрыёта: 

— Тут у дзіцяці з’яўляюцца першыя навыкі, уменні і веды, а таксама фарміруецца тое пачуццё, якое называецца любоў да Радзімы.

У дзіцячым садзе адкрыты групы для дзяцей 2—3 гадоў, а таксама групы для дзяцей 3—6 гадоў. Таксама для зручнасці мам і татаў да­школьная ўстанова будзе працаваць з 07.30 да 18.00. 

— Для арганізацыі якаснага адукацыйнага працэсу ў распараджэнні 17 педагогаў сучасныя фізкультурная і музычная залы, камп’ютарны клас, пакой бяспекі, басейн, кабінеты настаўніка-дэфектолага і педагога-псіхолага, пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, інфармацыйна-метадычны цэнтр. У чатырох інфармацыйна-развіццёвых цэнтрах “Азбука баць­коўства” прадугледжаны спецыяльныя стэнды з карыснай інфарма­цыяй ад псіхолагаў, лагапедаў і іншых спецыялістаў, якой бацькі змогуць скарыстацца праз QR-коды, — гаворыць начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Любанскага райвыканкама Таццяна Каравацкая. — Вучыцца ма­дэляванню і праграмаванню дашкаляты будуць у STEM-цэнтры “Эўрыка”, а ў сенсорным пакоі, які размежаваны на актыўную зону і зону рэлаксацыі, дзеці змогуць як адпачыць, так і зара­дзіцца станоўчымі эмоцыямі.

Развіццёвае прадметна-прасторавае асяроддзе, створанае ў шырокіх маляўнічых калідорах дзіцячага сада, якія абсталяваны інтэрактыўнымі панэлямі і картамі, дазво­ліць педагогам право­дзіць самыя розныя тэматычныя мерапрыемствы і гульні. У тым ліку заняткі па патрыя­тычным выхаванні, правілах дарожнага руху, бяспекі жыццядзейнасці ў побыце, на вадзе і прыродзе, прафілактыцы дзіцячага траўматызму.

У холе другога паверха, дзе размясціўся полікультурны цэнтр, з дапамогай інтэр­актыўнай карты свету дзеці будуць вывучаць культуру, архітэктуру, традыцыі, жывёльны свет розных краін і кантынентаў. А інтэрактыўная карта Беларусі ў гульнявой форме папоўніць веды малых аб прыродзе роднай краіны, знакамітых беларусах, культурных і гістарычных славутасцях, нацыянальнай кухні, святах, рамёствах. Выкарыстоўваючы магнітную гульню “Родная старонка” і карту Любаншчыны, педагогі будуць знаёміць выхаванцаў з беларускім побытам, асаб­лівасцямі і славутасцямі Любаншчыны.

Мікалай Башко пад­крэс­ліў, што новыя ўстановы адукацыі будуюцца ў вобласці штогод:

— У Дзень ведаў адкрылі школу ў Смалявічах, сёння — сад у Любані. У найбліжэйшыя дні свае дзверы для малых адчыніць дзіцячы сад у Фаніпалі. Перспектыва наступнага года — новыя ўстановы адукацыі ў Мінскім раёне і Фаніпалі. Таксама прапрацоўваецца пытанне будаўніцтва вялікай школы ў Салігорску.

Марына КУНЯЎСКАЯ.