Другі раз футбольны кубак едзе ў Гродна

У чацвер, 18 кастрычніка, у адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Лідар” былі названы пераможцы ІІ Рэспубліканскага турніру па міні-футболе сярод падлеткаў “Разам да перамогі”. Другі год запар пераможны кубак дадому павезла зборная Гродзенскай вобласці.

Ва ўрачыстай цырымоніі закрыцця турніру ўзялі ўдзел міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант міліцыі Ігар Шуневіч, міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук, намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды, намеснік міністра ўнутраных спраў, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі, генерал-маёр міліцыі Мікалай Мельчанка, начальнік аддзела масавага футбола Беларускай федэрацыі футбола Віталь Крупіца, прадстаўнік Дзіцячага фонду ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь доктар Рашэд Мустафа Сарвар.

Звяртаючыся да юных спартсменаў з прывітальным словам, Ігар Шуневіч адзначыў:

— Кожны з вас за гэтыя тры дні прадэманстраваў волю да перамогі, праявіў свае найлепшыя якасці: валявыя, спартыўныя, мужчынскія. Сёння перамог наймацнейшы, але гэта не азначае, што нехта прайграў. Выйгралі ўдзельнікі, а таксама гледачы і балельшчыкі. Вы паказалі дастойны прыклад, як трэба змагацца і перамагаць у спорце, далучыліся да папулярызацыі самага лепшага і самага масавага і прыгожага віду спорту. Спадзяюся, што ў будучыні вы здолееце дабіцца больш важкіх вынікаў на самым высокім спартыўным узроўні.

Фінальным выпрабаванням турніру папярэднічалі адборачныя спаборніцтвы раённага і абласнога ўзроўняў, якія дазволілі выбраць 8 лепшых каманд: 7 футбольных дружын прадстаўлялі вобласці Беларусі і сталіцу. Асобнай камандай выступалі футбалісты Спецыялізаванага ліцэя МУС Рэспублікі Беларусь, дзе, як падкрэсліў Ігар Шуневіч, спорт з’яўляецца другой рэлігіяй. Па словах арганізатараў, у складзе кожнай каманды ёсць падлеткі, з якімі працуюць спецыялісты рэгіянальных інспекцый па справах непаўналетніх, а таксама супрацоўнік міліцыі. Выхаваўчы складнік турніру закліканы паказаць важнасць і неабходнасць заняткаў спортам сярод падлеткаў і моладзі, а таксама адцягнуць моладзь ад шкодных звычак і правапарушэнняў.

— Любы спорт апраўдвае сябе, — падкрэсліў Ігар Шуневіч. — Наша міністэрства шмат робіць у гэтым напрамку. Мы спадзяёмся, што такія масавыя мерапрыемствы будзем праводзіць і далей. Спорт і ідэалогія — гэта два асноўныя вектары, па якіх сёння трэба развіваць дзяцей.

Па выніках турніру 3-е месца заняла каманда Гомельскай вобласці, другімі сталі прадстаўнікі Віцебскага рэгіёна. Перамога ж, як і ў мінулым годзе, у нялёгкай барацьбе дасталася падлеткам з Гродзеншчыны.

Як адзначыў пасля цырымоніі ўзнагароджання навучэнец Гродзенскага каледжа камунальнай гаспадаркі капітан каманды Гродзенскай вобласці Уладзіслаў Гапонік, перамога не была лёгкай:

— Усе каманды, якія ўдзельнічалі ў турніры, роўныя: не было моцных і слабых. У гэтым годзе мы з самага пачатку найстройваліся на перамогу, каб захаваць мінулагодні чэмпіёнскі тытул. Ехалі з баявым настроем і былі гатовы даць бой.

Акрамя гэтага, быў уручаны шэраг персанальных узнагарод. Тытул лепшага форварда атрымаў Томас Лепартуеў з каманды Віцебскай вобласці, лепшым бамбардзірам прызнаны Даніла Слесарчук з каманды Гомельскай вобласці, а лепшым гульцом турніру стаў Артур Мельнічэнка з каманды Мінска. Спецыяльны прыз ад міністра ўнутраных спраў — майку з аўтографам Дзіега Марадоны з асабістай калекцыі Ігара Шуневіча — атрымаў гулец каманды, якая не заняла прызавога месца, Аляксей Хацкевіч з магілёўскай футбольнай дружыны. Таксама каманды атрымалі памятныя прызы і падарункі Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і партнёраў турніру — Беларускай федэрацыі футбола і фонду ЮНІСЕФ.

Галіновае міністэрства аказала метадычную і арганізацыйную дапамогу ў правядзенні турніру. Міністэрства адукацыі не першы раз удзельнічае ў правядзенні такіх сур’езных сумесных спартыўных праектаў. Намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды, каменціруючы падзею, выказаў шчырую падзяку Мінскаму гарвыканкаму за прадастаўленую базу для правядзення спартыўных спаборніцтваў, а таксама падзякаваў Міністэрству ўнутраных спраў і адміністрацыі адукацыйна-аздараўленчага цэнтар “Лідар” за свята спорту, якое ладзілася тут на працягу трох дзён.

— Гэта вельмі значнае мерапрыемства для кожнага ўдзельніка. Як бы ні склалася турнірная табліца, кожны хлопец прайшоў праз свята і праз выхаванне дабром. Высокае прадстаўніцтва на сённяшнім закрыцці турніру сведчыць пра зацікаўленасць органаў кіравання ў выхаванні юных грамадзян нашай краіны.

У асноўным удзельнікамі турніру сталі падлеткі, якім неабходна дадатковая ўвага з боку педагогаў і грамадства. Займаючыся спортам, яны атрымліваюць вопыт добрага і карыснага жыцця, дзякуючы чаму цвёрда крочаць у будучыню, — адзначыў Сяргей Валянцінавіч.

Аляксандр ГАРНАСТАЕЎ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *