Дружалюбны і ініцыятыўны горад

Маладзечна — горад, дружалюбны да дзяцей. Гэтае званне афіцыйна прысвоена гораду рашэннем Каардынацыйнага савета па рэалізацыі аднайменнай ініцыятывы.

Ініцыятыва “Гарады, дружалюбныя да дзяцей” зарадзілася ў Еўропе ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Дзяцей, якія жывуць у гарадах, становіцца ўсё больш. Новыя час стварае новыя пагрозы для іх. Галоўная ідэя ініцыятывы — рабіць гарады больш камфортнымі і бяспечнымі для дзяцей, прычым рабіць гэта пры дапамозе саміх дзяцей. Асаблівасцю згаданай ініцыятывы з’яўляецца абавязковы ўдзел дзяцей і моладзі ў прыняцці рашэнняў, якія закранаюць іх інтарэсы. Сёння колькасць дружалюбных гарадоў па ўсім свеце перавышае 900. Цяпер у гэтым спісе і Маладзечна.

Да міжнароднай ініцыятывы Маладзечна далучыўся ў 2012 годзе — тады ў верасні ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік” сабраліся лідары ўстаноў адукацыі горада і быў заснаваны маладзёжны парламент. З таго часу яго пасяджэнні праходзяць штотыдзень. Хлопчыкі і дзяўчынкі распрацавалі план мерапрыемстваў, закліканых дапамагчы гораду стаць больш добразычлівым да дзяцей ва ўсіх аспектах, якія тычацца кіравання, інфраструктуры і паслуг. У многім дзякуючы рэалізацыі гэтага плана, Маладзечна і папоўніў спіс дружалюбных.

Маладзёжны парламент актыўна развівае розныя кірункі дзейнасці: валанцёрства, сацыяльнае ўзаемадзеянне з грамадскімі арганізацыямі і дзяржаўнымі ўстановамі, фарміраванне эканамічнай культуры, папулярызацыя здаровага ладу жыцця, экалагічная дзейнасць, адукацыя ў галіне правоў чалавека. За гэты час парламент устанавіў цеснае ўзаемадзеянне з шэрагам устаноў — упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме Маладзечанскага райвыканкама, раённым ЦКРНіР, гарадскім СПЦ, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва “Прыстань Надзеі”, грамадскімі аб’яднаннямі БРПА і БРСМ і іншымі.

Юныя парламентарыі рэгулярна ўдзельнічаюць у пасяджэннях і сустрэчах з прадстаўнікамі мясцовай улады, праводзяць вучэбныя, трэнінгавыя заняткі па актуальных тэмах па методыцы “роўны навучае роўнага”, ладзяць сацыяльныя акцыі ва ўстановах адукацыі, культуры і на вуліцах горада, а таксама культурна-масавыя мерапрыемствы для дзяцей і моладзі раёна.

Адзін з найважнейшых кірункаў дзейнасці парламента — валанцёрская работа. Хлопчыкі і дзяўчынкі прыдумляюць і рэалізоўваюць цікавыя дабрачынныя праекты. Напрыклад, зараз працуюць над маштабным праектам “Роўныя магчымасці”, накіраваным на развіццё ў моладзі такіх якасцей, як міласэрнасць, чалавекалюбства і талерантнасць, з мэтай фарміравання інклюзіўнага грамадства. Першы этап праекта — падрыхтоўка валанцёраў. Для іх ладзяцца мерапрыемствы, дзе яны вучацца правільна строіць адносіны з падапечнымі: трэнінгі, мазгавыя штурмы, вучэбныя заняткі, групавыя і індывідуальныя кансультацыі. Работа псіхолага і куратара з будучымі валанцёрамі дапамагае падлеткам, якія жадаюць займацца валанцёрскай дзейнасцю, вызначыць межы ўзаемадзеяння і ўзаемаадносін, каб пазбегнуць эмацыянальнага перанапружання і выгарання. Пасля валанцёры працуюць з дзецьмі-сіротамі, дзецьмі з інваліднасцю ці з дэвіянтнымі паводзінамі. Такая работа накіравана на сацыялізацыю гэтых дзяцей. Праводзяцца сумесныя акцыі, канцэрты, майстар-класы і іншыя мерапрыемствы. Так, да навагодніх свят былі прымеркаваны забаўляльная праграма “Зіма — пара цудаў” для дзяцей і дарослых з парушэннем слыху — членаў клуба “Камертон”, і навагодні квест для выхаванцаў Радашковіцкай школы-інтэрната.

Важная мэта — атрыманне звання горада, дружалюбнага да дзяцей, — дасягнута, але ў моладзі Маладзечна яшчэ мноства ідэй, як зрабіць родны горад лепшым.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена маладзёжным парламентам Маладзечна.