Дружна, зладжана ў Калінкавіцкім раёне справіліся з наступствамі стыхіі і падрыхтаваліся да 1 верасня

- 13:16Планерка

Сёлета ў падрыхтоўку ўстаноў адукацыі Калінкавіцкага раёна да першага верасня свае карэктывы ўнесла стыхія. Ці ўдалося справіцца з яе наступствамі? За адказам карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” звярнуўся да начальніка аддзела адукацыі Калінкавіцкага райвыканкама Валянціны Яскавец.

— Валянціна Ігнацьеўна, ваш раён моцна пацярпеў ад нядаўняга ўрагану. Наколькі стыхія паўплывала на падрыхтоўку да новага навучальнага года? Ці ўсе ўстановы адукацыі атрымалі пашпарты гатоўнасці?

Агульнымі намаганнямі мы справіліся з бядой! Гэта самае галоўнае. Усе 29 школ атрымалі пашпарты, а 23 дзіцячыя сады — сертыфікаты гатоўнасці.

Што тычыцца ўрагану, то настолькі моцнага ветру ды яшчэ з праліўным дажджом не памятаюць нават старажылы. Віхор праносіўся над намі ўсяго мінут дзесяць, а колькі бяды нарабіў! З 58 устаноў адукацыі раёна пацярпелі 32. Самыя маштабныя разбурэнні былі ў Даманавіцкай і Малааўцюкоўскай сярэдніх школах, а таксама ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Калінкавіч.

Напрыклад, у Даманавіцкай школе літаральна за дзень да стыхіі рамантавалі дах з металадахоўкі. Давялося працаваць другі раз. У Малааўцюкоўскай школе таксама быў моцна пашкоджаны дах, разбураны цагляны мур і знесена кроквенная сістэма двух дапаможных памяшканняў, якія знаходзяцца на тэрыторыі школы. У цэнтры творчасці раскрыты шыферны дах. Усяго на ліквідацыю разбурэнняў толькі ў гэтых трох установах затрачана амаль 39 тысяч рублёў. Рамонт ажыццяўлялі спецыялісты гарадскіх будаўнічых арганізацый пры актыўнай дапамозе педагогаў.

Стыхія закранула ўсе ўстановы адукацыі, дзесьці больш, дзесьці менш. Але больш за ўсё пацярпеў райцэнтр. У сярэдняй школе № 2, дзіцячых садах № 5 і № 3 Калінкавіч, Залатушскім дзіцячым садзе часткова пашкоджаны дахі будынкаў, разбураны дах на верандах і ценявых падстрэшках, а ў дзіцячым садзе № 56 веранда разбурана цалкам. Урон склаў практычна 6 тысяч рублёў. Усе разбурэнні былі ліквідаваны сіламі работнікаў устаноў.

Акрамя таго, практычна ў кожнай установе адукацыі пасля ўрагану былі павалены дзясяткі дрэў. Напрыклад, на тэрыторыі сярэдняй школы № 2 Калінкавіч вывернуты з каранямі або зламаны 28 дрэў, кожнаму з якіх больш за 40 гадоў; у Малааўцюкоўскай — 23 дрэвы.

Справіцца з наступствамі ўрагану актыўна дапамагалі педагогі, бацькі, навучэнцы, прадстаўнікі ўлады, грамадскіх арганізацый, жыхары найбліжэйшых дамоў. Усе працавалі дружна, зладжана. Вельмі ганаруся землякамі: стыхія чарговы раз пацвердзіла, наколькі неабыякавыя ў нас людзі.

Асобная падзяка калектывам ААТ “Камунальнік Калінкавіцкі”, ДЛГУ “Калінкавіцкі лясгас”, ДБУ № 10, УП “Калінкавіцкае ПМС”, “Калінкавіцкая ГНС”, Калінкавіцкага РАНС, якія аказалі ўстановам адукацыі істотную дапамогу ва ўборцы з іх тэрыторыі паваленых і аварыйных дрэў, прадаставілі спецтэхніку і рабочых.

— Стыхія прыйшла да нас у сярэдзіне ліпеня, калі ў самым разгары была летняя аздараўленчая кампанія. Як ураган паўплываў на яе ход?

Істотна не паўплываў. Аздараўленне прайшло ў адпаведнасці з планам. Ва ўстановах адукацыі для дзяцей адчынілі свае дзверы 38 лагераў з дзённым знаходжаннем на 1200 месцаў па трох профілях: культурна-адпачынкавым, грамадзянска-патрыятычным, прафарыентацыйным. З іх 29 прышкольных лагераў, 8 — працы і адпачынку на 80 месцаў (у сярэдніх школах № 1, № 3, № 4, № 8, гімназіі Калінкавіч, Варатынскай, Даманавіцкай, Юравіцкай сярэдніх школах) для падлеткаў, якім ужо споўнілася 14 гадоў.

Дзеці працавалі строга рэгламентавана (па заканадаўстве — не больш за чатыры га­дзіны ў дзень), часцей за ўсё да абеду, па ўсіх правілах тэхнікі бяспекі. Адзін лагер быў адкрыты на базе Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Аздараўленнем былі максімальна ахоплены непаўналетнія, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, патрабуюць да сябе павышанай педагагічнай увагі, і вучні, з якімі праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа.

Яшчэ 30 школьнікаў выехалі ў аздараўленчыя лагеры “Космас” (Светлагорскі раён) і “Луч” (Гомельскі раён).

Аздараўленчыя лагеры працавалі ў тры змены. Першая — з 3 па 21 чэрвеня, другая — з 1 па 22 ліпеня, трэцяя — з 29 ліпеня па 16 жніўня. Хлопчыкі і дзяўчынкі былі забяспечаны трохразовым харчаваннем. Адпачынкавыя мерапрыемствы былі вельмі разнастайныя: спартыўныя спаборніцтвы, творчыя і інтэлектуальныя конкурсы, працоўныя дэсанты, экскурсіі ў бібліятэку, пажарную часць, прадпрыемствы горада, сустрэчы з супрацоўнікамі РАНС, РАУС, ІСН, КСН, Асвода, наведванні музеяў, кінатэатра, парку і іншыя мерапрыемствы.

— І апошняе пытанне: якія асабіста ў вас чаканні ад новага навучальнага года?

— Каб ён быў такім жа насычаным, як і мінулы, каб нашы дзеці і далей з задавальненнем прыходзілі на школьныя ўрокі, на заняткі ў аб’яднанні па інтарэсах і каб іх там з добрым настроем сустракалі сапраўдныя прафесіяналы. Упэўнена, так і будзе. А яшчэ хочацца, каб прырода ўсё ж такі не перашкаджала нам якасна вучыць і выхоўваць маладое пакаленне.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара