Дружная спеўная сям’я

- 12:42Навіны рэгіёнаў

У скарбонцы гомельскай студыі эстрадна-джазавага вакалу Vocal Smile адразу дзве ўзнагароды: яе кіраўнік Настасся Віцебская стала пераможцай у намінацыі “Сусветны хіт”, а 3-е месца за “Славянскі хіт” атрымала юная Сняжана Куніцкая. 14-гадовая школьніца з Веткі перапела ўкраінскую народную песню ў сучаснай апрацоўцы пад назвай “Салавей”. Яе спявае ўкраінская электрафолк-група Go_A. Дзяўчынка гаворыць, што вельмі хвалявалася, але гэта звычайны стан перад адказным выступленнем:

Кірыл Шэндараў, Арсеній Карпянкоў (на снарадах); Аня Дзмітрова, Павел Бярлоў, Сняжана Куніцкая (уверсе); Аліса Куніцкая, Мілана Найдзіна, Настасся Бярлова, Ганна Мельнікава (унізе).

— Мне важна было, што ў журы мяне ацэньвалі адразу сем прафесіяналаў. Яны пажадалі мне не спыняцца на дасягнутым і развівацца далей.

Пра Сняжану Куніцкую і ўсю яе незвычайную сям’ю варта расказаць асобна. Дзяўчынка мае вопыт удзелу ў многіх конкурсах. Пасля ўдзелу ў расійскім ТБ-конкурсе “Ты супер!” яе пазнаюць усюды. Жыве яна яшчэ з шасцю братамі і сёстрамі ў вялікім доме сямейнага тыпу ў цэнтры маленькага горада Ветка пад Гомелем.

Гасцінны дом і творчы калектыў

Тое, што ў доме ёсць дзеці, зразумела адразу. Шыкоўны батут пры ўваходзе на ўчастак, паветраныя шарыкі на лесвіцы і бясконцае мноства пар дзіцячага абутку на палічках у пярэднім пакоі. Мы з усімі (а таксама з Міланай — роднай унучкай маці-выхавальніцы Ганны Мельнікавай) сустрэліся ў гасцінным пакоі. Дзеці пачалі расказваць пра планы на будучыню.

З прафесіямі практычна ўсе вызначыліся. Будуць тут урач-хірург, ветэрынарны ўрач, міліцыянер, пажарны, IT-шнік, цырульнік і нават сцэнарыст. Сняжана, дарэчы, цяпер, пасля заканчэння 8 класа, робіць выбар на карысць медыцыны. Вядома, ёсць час, каб вызначыцца канчаткова, але развіваць пеўчую кар’еру юная вакалістка з дыпломам аб заканчэнні музычнай школы па класе фартэпіяна пакуль не хоча. На той выпадак, калі перадумае, маці збірае партфоліа. Усе дасягненні — яе і калектыву “Вясёлка” — задакументаваны ў таўшчэзным фаліянце. Фотаздымкі са “Славянскага базару” ўклеяць туды таксама. Ганна Сяргееўна ўпікае, што іх мала. Сняжана адказвае: “Была спякота, і не было настрою для фотасесій”.

Энергія кіпіць і выліваецца з няўрымслівай сямігадовай Алісы Куніцкай. Ва ўзросце трох месяцаў яе забралі з дома малюткі. Цяпер дзяўчынка заводзіць усіх на батуце. Менавіта ў яе — абсалютны слых, таму Сняжана бачыць Алісу сваёй пераемніцай на музычнай ніве. Пачынаецца прафесійная гутарка пра спецыфіку галасоў кожнай з юных спявачак: у Сняжаны голас народны, а ў Алісы — эстрадны.

Усе сямёра — гэта музычны калектыў “Вясёлка”, які актыўна скарае сцэны мясцовых дамоў культуры і клубаў. У Гомель іх таксама запрашаюць выступаць на святы.

— Дзяцей трэба ўвесь час займаць, — упэўнена мама-выхавальніца. — Тры гады мы ездзім да насельнікаў калоніі-пасялення ў вёсцы Шубіна. Там адбываюць тэрміны тыя, хто спатыкнуўся, але шансы выправіцца мае. Мы перад імі выступаем.

Плённае і вельмі незвычайнае супрацоўніцтва

Дзіцячыя канцэрты ў калоніі любяць. Калі дзеці выконваюць пранізлівыя песні пра любімых матулю і тату, дарослыя абцяжараныя жыццёвым вопытам дзядзькі пачынаюць плакаць. У гэтых дзецях, якім пашанцавала знайсці шчаслівую сям’ю, яны раптам бачаць сваіх, якія дзесьці, з кімсьці… Спадзяюцца, што хтосьці займаецца і іх дзецьмі.

Сняжана і Аліса Куніцкія — уладальніцы пасведчання спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Распараджэнне пра аказанне ім матэрыяльнай дапамогі прынята кіраўніком дзяржавы ў снежні 2020 года.

— А потым даведваюся, — працягвае Ганна Сяргееўна, — грамадзяне з калоніі раптам дружна выплацілі аліменты ўласным дзеткам, пра якіх, здавалася, да гэтага канцэрта і забыліся зусім. Так нашы дзеці здзейснілі цуд для іншых дзяцей. У калоніі ёсць добраахвотніцкі атрад. Яго ўдзельнікі наносяць нам візіты ў адказ. Віншуюць з усімі святамі. Прывозяць ласункі, гуляюць з дзеткамі. Дарэчы, менавіта па іх ініцыятыве, за іх зберажэнні і іх рукамі пабудаваны казачны гарадок на тэрыторыі дзіцячага дома і адрамантаваны дах. Нядаўна пераклеілі шпалеры ў пакоі хлопчыкаў. Прыязджалі, са Сняжанай раіліся, якім зрабіць дызайн музычнага пакоя.

Асуджаныя з ВК-21 пры сустрэчы з пяшчотай прыціскаюць асаблівае дзіця, сямігадовага Сенечку Карпянкова, радуюцца музычным дасягненням Сняжаны і Алісы Куніцкіх, пытаюцца пра здароўе астатніх дзетак. Акрамя таго, ёсць яшчэ адзін сацыяльны праект, ужо агульны. Тыя, хто адбывае тэрмін у калоніі, разам з дзецьмі з Веткаўскага дома сямейнага тыпу прыязджаюць з канцэртнымі праграмамі да бабуль і дзядуляў, якія жывуць у доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў “Шубіна”. Тут на ўра заходзіць увесь народны рэпертуар Сняжаны. На біс просяць праспяваць “Стая ць дзяўчынкі…” і “Ах, мамачка, на саначках…”

Лёс стаць прыёмнымі бацькамі

Маці-выхавальніца Ганна Мельнікава ў свой час скончыла Ташкенцкі тэхнікум камунальнага будаўніцтва, да верасня 2010 года працавала майстрам на Веткаўскай бавоўнапрадзільнай фабрыцы. Выгадавала дачку Ірыну, якая сёння жыве з мужам у Маскве. Унучку Мілану Найдзіну да бабулі адпраўляюць на летні адпачынак. Цяпер яна, чатырохгадовая, зноў гасцюе ў вялікай дружнай сям’і.

Пайшоў другі дзясятак гадоў, як сямейная пара стала прыёмнымі бацькамі. Тата-выхавальнік Юрый Куніцкі зацята хаваецца ад фотакамеры, але ад блізкіх даведваюся, што ў былога вайскоўца велізарнае кола клопатаў: гатаваць вячэру, абкошваць тэрыторыю, падтрымліваць дом у парадку, вучыць адчайных хлопчыкаў мужчынскім справам. Адну — засвоеную — адзначаю яшчэ пры ўваходзе. Адзінаццацігадовы Павел Бярлоў прытрымлівае дзверы, прапускаючы мяне наперад.

У 2010 годзе, калі роднай дачцэ Ірыне было 16, у жыцці Мельнікавых-Куніцкіх з’явілася Сняжана. Трохгадовую малую ў прыёмную сям’ю забралі з абласнога дома дзіцяці. У 2017 годзе прыёмныя бацькі пераехалі ў катэдж, пабудаваны дзяржавай. Тады ж Ганна і Юрый прынялі ў сям’ю яшчэ чацвярых выхаванцаў.

Пасля паспяховага ўдзелу Сняжаны ў міжнародным шоу “Ты супер!” на расійскім НТБ у 2018 годзе раптам з’явіліся ахвотнікі яе ўдачарыць. Гэтага катэгарычна не захацелі ні дзяўчынка, ні яе апекуны. Так было прынята рашэнне пра ўдачарэнне. Аліса з 2017 года таксама носіць прозвішча Куніцкая. Яе ўдачарылі яшчэ раней.

Кожнаму дзіцяці трэба даць шанс

Ёсць у гэтым доме добраахвотная памочніца. Энергічная пенсіянерка Вера Уладзіміраўна Смірнова прыходзіць сюды не за грошы, а выключна па поклічы сэрца і з велізарным жаданнем працягваць рэалізоўваць тое, чым усё жыццё займалася ў культуры: арганізацыяй канцэртнай дзейнасці. Заўважаю, як дзеці беспярэчна падпарадкоўваюцца яе камандам. Вера Уладзіміраўна фарміруе рэпертуар калектыву, піша сцэнарыі свят, вучыць вершы і песні з дзецьмі, займаецца пастаноўкай голасу…

— Неяк мы выступалі ў Гомельскім педагагічным каледжы імя Л.С.Выгоцкага, — успамінае валанцёр. — Я звычайна будучым педагогам кажу: Кожнаму дзіцяці трэба даць шанс. Вось глядзіце — гэты шанс, які мы ім далі, — цяпер на сцэне. Напрыклад, Арсеній у сям’ю прыйшоў у тры гады і зусім не размаўляў. Спачатку ён проста хадзіў на сцэне, потым стаў падпяваць. Развучваючы песні, дзіця навучылася і размаўляць. Яму далі шанс. І вы павінны даваць шанс дзецям”. Нашы дзеткі, як і ўсе, могуць часам пасварыцца паміж сабой, але пры падрыхтоўцы да канцэрта заўсёды адно аднаму дапамагаюць, перад выхадам на сцэну правяраюць гарнітуры…

Абавязкі ў сям’і размеркаваны, і кожны свае ведае:

— Мы сябруем, усё робім разам, — расказвае амаль дарослая Сняжана. — Дапамагаем маме, вядома. Абавязкі ёсць у кожнага. Пакоі свае прыбіраем.

10-гадовы Кірыл Шэндараў дапамагае выносіць смецце і прыбіраць гульнявы пакой за малодшымі. Паша Бярлоў мые падлогу ў калідоры. За дзесяцігадовай Насцяй Бярловай замацаваны другі паверх, а за 14-гадовай Аняй Дзмітровай — кухня. Да агульных клопатаў можна дадаць догляд папугаяў Карамелькі і Сняжынкі, а таксама сабачкі пароды ксола Джэсі і блакітнавокай коткі Масі.

Мяне прыводзяць у захапленне прычоскі — каскі, вельмі акуратна заплеценыя ва ўсіх чатырох дзяўчынак. Аказваецца, яны віртуозна плятуць адна адной. Вядома, ёсць і цёмныя старонкі жыцця, якія не для агульнага абмеркавання. Бо першапачаткова кожнае дзіця, якое забралі ад біялагічных бацькоў, праблемнае. У кожнага за плячыма — драматычны, часам да трагізму, лёс.

— Да нашага псіхолага Наталлі Зубаравай з Веткаўскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра звяртаюся ўвесь час, — заўважае Ганна Сяргееўна. — Асаблівасці ёсць у кожнага дзіцяці, і іх трэба своечасова карэкціраваць. Ёсць дзеці, якіх у біялагічнай сям’і не кармілі. Некаторыя дзеці збягаюць, потым вяртаюцца назад. Ёсць тыя, якія могуць сцягнуць чужую рэч… Да кожнага патрэбен асаблівы падыход, і далёка не ўсё атрымліваецца змяніць хутка. Праблемы ёсць. Да іх трэба быць гатовым. Мы радуемся, калі ўсё ж паступова атрымліваецца штосьці змяніць у характары, звычках і паводзінах дзяцей.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва герояў.