Дрыгавіцкія пярсцёнкі

- 12:23Краязнаўства

Далёка не кожны школьнік бачыў сапраўдныя старажытнаславянскія курганы, уяўляе, якія артэфакты яны захоўваюць, мае вопыт археалагічных даследаванняў. У гэтым сэнсе дзецям са Старадарожскага раёна пашанцавала. У апошнія гады ў іх былі выдатныя магчымасці паўдзельнічаць у археалагічных раскопках, дакрануцца да жывой гісторыі, яшчэ больш даведацца пра цікавае мінулае роднага краю. Археалагічныя летнікі праводзяцца на Старадарожчыне рэгулярна з 2010 года і сталі ўжо візітнай карткай раёна. Навучэнцамі за гэты час пад кіраўніцтвам старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алега Іова быў даследаваны шэраг курганоў, гарадзішча, знойдзена селішча.

У гэтым годзе Алег Іоў вырашыў даследаваць на тэрыторыі Старадарожскага раёна курганы каля вёскі Прусы, якія сярод мясцовых жыхароў вядомы як французскія могілкі. Такіх на тэрыторыі Беларусі шмат, і вялікая колькасць з іх разбурана “чорнымі” капальнікамі з-за чутак аб золаце Напалеона. Не сталі выключэннем і прускія курганы, якія могуць быць назаўсёды згублены для навукі.

18 старадарожскіх хлопчыкаў і дзяўчынак, апантаных ідэяй выратавання помнікаў гісторыі ад далейшага знішчэння і жаданнем дапамагчы знайсці новыя цікавыя даныя з жыцця нашых продкаў, накіраваліся ў чарговы археалагічны летнік. Працаваў ён з 11 па 20 чэрвеня, што дазволіла даследаваць адзін курган. Паводле навуковых тэхналогій, такі гістарычны помнік можа раскопвацца і больш працяглы час, але юным даследчыкам пад кіраўніцтвам навукоўца хапіла і гэтага тэрміну, каб выканаць усе неабходныя работы.

Тэрыторыя сучаснай Старадарожчыны — гэта амаль цэнтр зямель, якія ў Х— ХІІ стагоддзях засялялі дрыгавічы. Пацвярджэннем сталі знаходкі папярэдніх гадоў у дадзеным рэгіёне. А расійскі навуковец Зарыян Даленга-Хадакоўскі, які даследаваў гэтыя мясціны ў першай чвэрці ХІХ стагоддзя, увогуле зрабіў фантастычную выснову, што назва “Дарогі” (ранейшая назва Старых Дарог) паходзіць ад слоў “дрыгавічы” ці “дарагавічы”. Менавіта Дарогі, а не Тураў ён лічыў першапачатковай сталіцай гэтага племяннога саюза!

Яшчэ да пачатку раскопак школьнікі даведаліся ад Алега Іова, што курган, які яны будуць даследаваць, належыць дрыгавічам. Неабходна было высветліць, да якога часу ён адносіцца, хто ў ім мог быць пахаваны, якога сацыяльнага стану чалавек, які ўзровень грамадскага і гаспадарчага жыцця быў характэрны для людзей, што засялялі ў старажытныя часы гэтую мясцовасць.

Па традыцыі, якая склалася яшчэ з першых летнікаў, вучням даводзілася выконваць самую цяжкую і, як некаторым можа падацца на першы погляд, няўдзячную работу — здымаць дзёран, першыя пласты зямлі. Але ніхто не скардзіўся, усе працавалі дружна і натхнёна. Калі ж нехта з хлопчыкаў стамляўся, на дапамогу прыходзілі дзяўчынкі. Так і пры больш дасканалым вывучэнні старажытнага пахавання і яго расчыстцы падлеткі дзейнічалі разам. Раскоп кургана праводзіўся, як патрабуе навуковая тэхналогія, па сектарах, адпаведна з бакамі свету. Гэта дазваляе больш дакладна вызначыць асаблівасці пахавальных традыцый, прыналежнасць да той ці іншай культуры. Ганна Сцепановіч, Яўген Кілаўчук, Вераніка Кімпель, Міхаіл Патапеня, Аліна Усеня, Алена Качан — гэта вучні, якія ўжо не першы раз удзельнічалі ў навуковых даследаваннях. Маючы добры вопыт, яны якасна рабілі сваю справу і дапамагалі тым, хто ў археалагічным летніку ўпершыню. Паступова, сантыметр за сантыметрам, здымаючы жвір з кургана, юныя археолагі дайшлі да таго ўзроўню, дзе знаходзілася само пахаванне і маглі быць знаходкі.

У выніку даследавання стала вядома, што курган быў насыпаны на мяжы Х—ХІ стагоддзяў. У ім знойдзены рытуальны гаршчок, у які клалася куцця нябожчыку. Звычайна пахавальны посуд у дрыгавічоў ставіўся ў ногі памерламу. Гэты ж знаходзіўся каля галавы. Таксама былі знойдзены бронзавыя пярсцёнкі. Яны, са слоў навукоўца, маглі належаць мужчыне, які, відаць, і быў пахаваны ў кургане. Але ж самым загадкавым для Алега Іова стала тое, у які бок быў пакладзены нябожчык. Так, у многіх старажытных плямён і народаў, як і ў дрыгавічоў, памерлага клалі галавой на захад, туды, дзе “паміраў” дзень. Нябожчык з прускага кургана быў пакладзены галавой на паўднёвы ўсход. Гэта ледзь не адзінкавы з зафіксаваных археолагамі выпадкаў з даследаваных дрыгавіцкіх курганоў.

Акрамя ўдзелу ў археалагічных даследаваннях, педагогі Міхаіл Ляўшэня, Лідзія Сцепановіч і Віталь Юрэвіч зрабілі знаходжанне дзяцей у летніку разнастайным з дапамогай інтэлектуальных гульняў, спартыўных мерапрыемстваў, цікавай забаўляльнай праграмы. Вучні маглі атрымаць змястоўную інфармацыю аб жыцці нашых продкаў са слоў самога Алега Іова, які з ахвотай размаўляў са школьнікамі. Традыцыйнымі сталі сустрэчы з пісьменнікам Уладзімірам Арловым, які сваё выступленне прысвяціў гісторыі Полацка.

Напрыканцы летніка дзеці выказалі пажаданне сустракацца на археалагічных раскопках зноў і зноў, каб яшчэ глыбей спасцігнуць карані беларускага народа, дакрануцца да яго непаўторнай гісторыі.

Віталь ЮРЭВІЧ,
настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 2 Старых Дарог.
Фота аўтара.