На дваіх у іх больш за 50 гадоў стажу, трое сыноў і сотні агульных вучняў. Дуэт педагогаў са Шчучына Аляксандр і Анжэла Шыша расказалі карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” пра шлях у прафесію, асабістыя прыклады настаўніцтва і вучнёўскія поспехі.
У сярэдняй школе № 3 Шчучына ў старшакласнікаў два прадметы вядуць настаўнікі з аднолькавым прозвішчам. На ўрокі хіміі яны спяшаюцца да Анжэлы Георгіеўны, а на фізкультуру — да Аляксандра Аляксеевіча Шышы. Нярэдка педагогі раяць адно аднаму, на каго з вучняў звярнуць асаблівую ўвагу, каб развіць яго патэнцыял. Акрамя прозвішча і жыццёвага шляху, аб’ядноўвае іх яшчэ і аднолькавае бачанне прафесіі і значнасці педагога ў жыцці дзяцей.
Кіруючыся прыкладам
— Асаблівае стаўленне да настаўнікаў адчуваю з ранняга дзяцінства, — гаворыць Анжэла Шыша. — Усё жыццё прысвяціла гэтай прафесіі мая мама — настаўніца пачатковых класаў Любоў Уладзіміраўна Буян. Я нярэдка праводзіла час разам з ёй, гартаючы вучнёўскія сшыткі, і ў гэтыя моманты, напэўна, асабліва выразна разумела, што пытанне выбару прафесіі для мяне вырашана.
Пасля заканчэння Астрынскай сярэдняй школы на Шчучыншчыне яна паступіла на біяфак у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Праз гады вучобы вярнулася на малую радзіму ўжо як малады педагог.
— Мне давялося рабіць першыя крокі ў прафесіі ў роднай Першамайскай школе, — падключаецца да размовы Аляксандр Аляксеевіч. — Ля вытокаў гэтага шляху, зразумела, была любоў да спорту. З вялікай падзякай і сёння прыгадваю свайго настаўніка фізкультуры Віктара Андрэевіча Карповіча. У значнай ступені педагогіку я выбраў, кіруючыся яго прыкладам.
Вяртаючыся да Анжэлы Георгіеўны, важна адзначыць, што яна і зараз нярэдка раіцца з адным з найважнейшых у сваім жыцці педагогаў — маці.
— Настаўнік — слова шматграннае. І маці свайго мужа Агрыпіну Міхайлаўну таксама лічу сваім настаўнікам. Яна выгадавала выдатнага сына і ў пытаннях выхавання нашых дзяцей заўсёды гатова даць добрую параду, — акцэнтуе суразмоўніца.
Падстава для гордасці
Дарэчы, пра кожнага з траіх сыноў бацькі гавораць з гордасцю. Старэйшы нясе службу ў адной з воінскіх часцей, сярэдні сёлета з чырвоным дыпломам скончыў хімфак галоўнага сталічнага ўніверсітэта, а малодшы — першакурснік БДУ — пачаў лета з работы ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”.
— Усё ў нашым жыцці кругом і навокал педагогікі. Нават дата вяселля блізкая да Дня настаўніка. У гэтым годзе 15 кастрычніка адзначым 25 гадоў сумеснага жыцця. Дарэчы, знаёмствам мы абавязаны калезе-педагогу Аксане Лебядзевіч, якая сёння працуе ў Гродне, — з усмешкай дадае Анжэла Шыша.
Першым агульным месцам працы амаль адразу пасля вяселля для іх стала Ражанкаўская сярэдняя школа. І ўжо больш за дзясятак гадоў спяшаюцца на работу Аляксандр і Анжэла Шыша па адным адрасе — ужо ў райцэнтры.
— Калі сыны вучыліся ў малодшых класах, у школу хадзілі ўсёй сям’ёй — упяцярых. Але ніхто з іх не стаў яе выпускніком. Так здарылася, што патрэбныя ім профілі былі ў іншых установах. А сярэдні і зусім паставіў у свой час перад фактам: “Паступаю ў сталічны абласны ліцэй”. Сказаў — і зрабіў, — успамінае Аляксандр Аляксеевіч.
Алімпіядныя вышыні
З задавальненнем расказваюць педагогі і пра сваіх вучняў. У мінулым годзе, напрыклад, адна з зорачак Анжэлы Георгіеўны здала ЦТ па хіміі на 100 балаў.
— Што цікава, калі ў 5 класе яе клас узяў Аляксандр Аляксеевіч, ён вельмі хутка заўважыў і сказаў мне, што ёсць дзяўчынка, якая абавязкова будзе паспяховай у хіміі. Як ён гэта зразумеў? Яна выдатна спраўлялася з шахматамі і шашкамі — гульнямі, у аснове якіх разлік і лагічнае мысленне. Так і адбылося. Сёння Ксенія Палубятка ўжо студэнтка хімфака, — расказвае Анжэла Шыша.
Пяты год субяседніца з’яўляецца настаўнікам-трэнерам раённай школы “Інтэлект”, якая аб’ядноўвае накіраваных на атрыманне алімпіяднага ўзроўню ведаў дзяцей з усіх устаноў адукацыі раёна.
Удзельнікам алімпіяды па хіміі ў свой час быў і сярэдні сын педагагічнага дуэта — станавіўся другім на вобласці.
У пастаянным пошуку новага
Усё ў жыцці педагогаў са Шчучына звязана са школай. Запрашаючы ў кабінет хіміі, Анжэла Георгіеўна, напрыклад, раз-пораз пералічвае, што ў ім зроблена і адрамантавана рукамі мужа. А Аляксандр Аляксеевіч тым часам з усмешкай дадае: “Хіба можна тут адмовіць?”
— У 2019 годзе здала на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. У тым жа годзе павысіў планку, калі можна так сказаць, і наш кабінет хіміі. Па праграме Міністэрства адукацыі ён быў поўнасцю абноўлены. На сённяшні дзень у мяне ёсць усе інструменты, уключаючы мультыборд, для пабудовы дынамічнага і разнапланавага ўрока, — падкрэслівае настаўніца хіміі.
Не першы год яна вядзе блог з падборкай заданняў і тэматычным кантролем для кожнага класа, з рэкамендацыямі для дзяцей, практычнымі і лабараторнымі відэадоследамі. Актыўна ўдзельнічае педагог і ў разнастайных конкурсах і ініцыятывах для настаўнікаў хіміі. Гэта, напрыклад, міжнародны дыстанцыйны адукацыйны марафон “Купалаўскія праекты” пры ГрДУ імя Янкі Купалы, накіраваны на навучанне настаўнікаў тэхналогіям стварэння вучэбных і пазавучэбных сеткавых праектаў.
Падчас аднаго з такіх марафонаў Анжэла Георгіеўна разам з настаўнікам інфарматыкі шчучынскай сярэдняй школы № 3 Святланай Калеснік распрацавалі вэб-квест “Хімічныя выпрабаванні. Практычнае мастацтва”. Для школьнікаў праходжанне такога квеста сёлета стала адным з этапаў раённай аграгіяды — інтлектуальнага спаборніцтва сярод навучэнцаў аграрных класаў.
На сваім месцы
Ёсць свае зорачкі і сярод вучняў Аляксандра Аляксеевіча. Сёлета яго выпускнік Арцём Кандратовіч стаў трэцім на раённым этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі. Малады чалавек настроены на атрыманне адукацыі на факультэце фізічнай культуры ГрДУ імя Янкі Купалы. Зрэшты, у мінулым навучальным годзе ў ліку студэнтаў тут былі адразу чатыры выпускнікі педагога. Для аднаго з іх гэтае лета стане часам пачатку прафесійнага шляху ў адной са школ Зэльвенскага раёна.
— Кожная ўстанова адукацыі ў нашым раёне мае пэўную накіраванасць, наша пазіцыянуе сябе як школа педагагічнай культуры. Вядома, у першую чаргу размова ідзе аб педкласах. Прыемна ўсведамляць, што некаторыя з нашых выпускнікоў прафесію педагога не першы год выбіраюць не без майго ўдзелу,— прызнаецца Аляксандр Аляксеевіч.
Ён упэўнены, што ў школе не бывае важных і няважных урокаў. І дадае, што менавіта фізічная культура — адзін з галоўных:
— Толькі гэты прадмет, акрамя ведаў, дае вучню здароўе.
Педагогу ж у сваю чаргу настаўніцтва дае не менш важны для кожнага чалавека момант — адчуванне сябе на сваім месцы. І ў гэтым Анжэла Георгіеўна цалкам салідарная з мужам.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара