Духмяная гаспадарка

Кожная ўстанова адукацыі мае свае адметнасці. Вось, напрыклад, Жлобінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж мае свой непаўторны водар і смак. Гэта густы, салодкі, дурманлівы водар зёлак і духмяны, мядовы смак гарбаты. Чаму менавіта так? Таму што ва ўстанове ёсць унікальны гадавальнік лекавых, чайных і рэзкіх культур. Ужо амаль трыццаць гадоў тут вырошчваюць духмяныя зёлкі, а яшчэ вучаць дзяцей працаваць на зямлі і шанаваць традыцыі сваіх продкаў. І гэты гадавальнік унікальны — ні ў адной установе прафесійнай адукацыі краіны такога больш не знойдзеш.

Гісторыя з зёлкамі

Нашы продкі здаўна ставіліся да зёлак з увагай і павагай. Збор зёлак суправаджаўся сапраўднымі, часам таямнічымі, рытуаламі, на якіх заснаваны цэлы шэраг традыцый. Ва ўсім гэтым сканцэнтравана народная мудрасць. І галоўнай ідэяй стварэння гадавальніка ў кале­джы было далучэнне падлеткаў да гэтай мудрасці, вывучэнне і адраджэнне нацыянальных беларускіх традыцый, звычаяў, культуры, звязаных з земляробствам.

Гадавальнік лекавых, чайных і рэзкіх культур знахо­дзіцца ў вучэбнай гаспадарцы Жлобінскага дзяржаўнага прафе­сійна-тэхнічнага каледжа. Ён быў закладзены амаль 30 гадоў назад — у 1992 годзе. Ідэю стварэння прапанавала намеснік дырэктара Ларыса Мікалаеўна Канцавая. За гэты час духмяная гаспадарка стала неад’емнай часткай, візітоўкай каледжа. Гэта знайшло сваё адлюстраванне нават у гербе каледжа: на выяве перапляліся ў вянку розныя лекавыя расліны. Ды і ўвогуле зёлкі арганічна ўвайшлі ў жыццё і гісторыю ўстановы.

Калі ў каледжы вырашылі ствараць гадавальнік, то да справы падышлі сур’ёзна і па дапамогу звярнуліся да вучоных батанічнага саду Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Дзякуючы спецыялістам, удалося правільна падабраць расліны і арганізаваць іх догляд, што дало добрыя вынікі.

І ўжо амаль тры дзесяцігоддзі гадавальнік квітнее і разрастаецца. Сёння на плошчы 0,7 га сабрана ўнікальная калекцыя раслін. Навучэнцы ўмела вырошчваюць элеўтэракок калючы, жэньшэнь, лімоннік кітайскі, радыёлу ружовую, аксаміт амурскі, мацярдушку, лак­рычны корань голы, ісоп лекавы, некалькі відаў актынідыі, свідзіны, мяту, шалфей і іншыя расліны. Калекцыя лекавых раслін складае 74 найменні, чайных культур — 19 найменняў, рэзкіх раслін — 9.

У гадавальніку працуюць валанцёрскія сельскагаспадарчыя атрады.

Завіхаюцца на духмяных градах

Даглядаюць духмяную гаспадарку навучэнцы. Калі гадавальнік толькі ствараўся, ва ўстанове сярод прафесій,

па якіх вялася падрыхтоўка, была прафесія кветкавода, і догляд лекавых раслін трапляў у кола іх прафесійных інтарэсаў. Сёння кветкаводаў ужо не рыхтуюць, аднак актуальнасці для прафесійнага развіцця навучэнцаў гадавальнік не страціў.

Зараз да работы ў гадавальніку далучаюцца навучэнцы, якія атрымліваюць усе спецыяльнасці, па якіх вядзецца падрыхтоўка ў каледжы. А вучаць тут слесараў па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання; трактарыстаў-машыніс-

таў сельскагаспадарчай вытворчасці, вадзіцеляў, кухараў. І для кожнага гэтая работа карысная, яна пашырае прафесійныя ўменні і навыкі. Для навучэнцаў, якія атрымліваюць спецыяльнасці сельскагаспадарчай накіраванасці, гэта дадатковыя веды па апрацоўцы глебы і вырошчванні разнастайных культур. А для будучых кухараў — магчымасць пашырыць свае веды ў выкарыстанні духмяных зёлак падчас гатавання ежы і напіткаў. Тут можна прымяніць на практыцы атрыманыя прафесійныя навыкі: будучыя трактарысты і вадзіцелі, на­прыклад, на сельскагаспадарчых машынах, што ёсць у аўтапарку каледжа, апрацоўваюць глебу, вывозяць грузы. Ды і ўвогуле для кожнага работа ў гадавальніку — гэта выхаванне любові да зямлі, працавітасці, дысцыпліны і адказнасці.

Для выканання ўсяго комплексу агратэхнічных работ на гадавальніку лекавых, чайных і рэзкіх культур ствараюцца валанцёрскія сельскагаспадарчыя атрады. Звычайна гэта каля 40 навучэнцаў першых і другіх курсаў. Вось і зараз юнакі і дзяўчаты ўсё яшчэ завіхаюцца на духмяных градах.

Работы, звязаныя з гадавальнікам, пачынаюцца задоўга да таго, як той зазелянее. Трэба скласці план, што дзе бу­дзе расці ў гэтым годзе, адабраць насенне, падрыхтаванае з мінулага года, вырасціць, калі трэба, расаду, пасадзіць новыя расліны. На працягу сельскагаспадарчага сезона навучэнцы займаюцца праполкай, перасадкай раслін, зрэзкай надземнай часткі раслін, зборам кветак і лісця, сушкай і пакаваннем высушанай сыравіны.

Усе работы выконваюцца пад кіраўніцтвам майстроў вытворчага навучання. Шмат гадоў у гадавальніку рупліва працавала Надзея Рыгораўна Кулыгіна. Яна назапасіла багата ведаў, а потым сваім вопытам падзялілася з калегамі. Зараз яна на пенсіі, а з дзецьмі ў гадавальніку працуюць майстры вытворчага навучання Таццяна Іванаўна Кавалёва і Святлана Уладзіміраўна Васільчанка.

Калекцыя лекавых раслін складае 74 найменні.

Гарбата як уласны брэнд

Штогод аб’ём нарыхтаванай прадукцыі складае больш за 600 кілаграмаў у сухім выглядзе. Што ж потым робяць з гэтым багаццем?

Вырашчаную лекавую сыравіну здаюць фармацэўтычным прадпрыемствам. Дарэчы, ураджай зёлак заўсёды адпавядае санітарным нормам — гэта штогод пацвярджаюць даследаванні Жлобінскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Лекавыя расліны ў гадавальніку пры неабходнасці вырошчваюць практычна ў прамысловых маштабах. Так, некалькі гадоў назад у каледжы займаліся вырошчваннем і зборам кветак календулы. Сабралі каля 3 тон кветак. Уся вырашчаная прадук­цыя была рэалізавана.

Чайныя і частка лекавых раслін становяцца інгрэдыентамі фірменных гарбат. Пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў батанічнага саду НАН Беларусі распрацаваны рэцэптуры чайных напіткаў “Смак лета”, “Купальскі”, “Любімы”, “Для ўсёй сям’і”. І кожны збор непаўторны сваім смакам, складам і карысным уздзеяннем на арганізм. У гарбату “Для ўсёй сям’і”, напрыклад, уваходзяць меліса, свідзіна, зуброўка, кацямятка, мацярдушка, бадан, лофант і іншыя зёлкі.

На працягу ўсяго навучальнага года ў вольны ад заняткаў час навучэнцы фасуюць чайныя напіткі. Высокая якасць высушанай сыравіны дазваляе паспяхова рэалізоўваць атрыманую прадукцыю. Прадаюць гарбату на кірмашах і выставах, розных мерапрыемствах, у кафетэрыі ўстановы. І, канечне, смачныя і карысныя напіткі прапануюць у сталоўцы навучэнцам. Гарбата вытворчасці каледжа стала доб­ра вядомай сярод мясцовых жыхароў, можна сказаць, брэндам установы адукацыі.

Кмену хапіла на ўсю вобласць

У каледжы займаюцца раслінаводчымі эксперыментамі. Так, напрыклад, некалькі гадоў назад у вучэбнай гаспадарцы вырошчвалі кмен. І рабілі гэта ў сур’ёзных маштабах — на плошчы 2 га.

Ідэя вырасціць кмен з’явілася пасля вывучэння патрэбы прадпрыемстваў харчовай прамысловасці вобласці ў гэтай культуры. Высветлілася, што кмен патрэбны многім, аднак у вобласці ён не вырошчваецца, а закупляецца ў замежных вытворцаў. Вырашана было заняцца вырошчваннем кмену і адначасова імпартазамяшчэннем. Для гэтага вывучылі вопыт вырошчвання культуры ў Беларусі, атрымалі кансультацыі спецыялістаў-навукоўцаў. Сельскагаспадарчы атрад навучэнцаў на працягу двух гадоў займаўся вырошчваннем кмену, бо гэта двухгадовая культура.

У выніку атрымалі прамысловы ўраджай больш за 2 тоны! Спецыялісты правялі лабараторныя даследаванні якасці кмену. Згодна з вынікамі аналізу, вырашчаная прадукцыя мела больш высокія якасныя характарыстыкі, чым імпартныя аналагі.

Кмен, вырашчаны ў кале­джы, поўнасцю задаволіў патрэбу хлебазаводаў Гомельшчыны ў гэтай прыправе. Такім чынам, уся вобласць ласавалася хлебам са жлобінскім кменам.

Вырошчванне кмену дазволіла навучэнцам каледжа паглыбіць веды аб агратэхніцы двухгадовых раслін, навучыцца выконваць практычныя аперацыі, звязаныя з падрыхтоўкай і апрацоўкай глебы, разлікам нормы пасеву насення, унясення ўгнаенняў, падкормкі і сродкаў аховы раслін. Важна, што навучэнцы на практыцы пераканаліся, што ў беларускіх умовах можна займацца вырошчваннем не толькі традыцыйных сельскагаспадарчых культур. На прыкладзе вырошчвання кмену атрымалі вопыт рэалізацыі ініцыятывы, звязанай з іх далейшай прафесійнай дзейнасцю.

Кмен, вырашчаны ў каледжы, цалкам задаволіў патрэбу хлебазаводаў Гомельскай вобласці ў гэтай прыправе.

У зямлі — наша сіла і карані

Вырошчванне зёлак у гадавальніку натхняе навучэнцаў на вывучэнне нацыянальных беларускіх традыцый, звычаяў выкарыстання лекавых, чайных і рэзкіх культур для захавання і ўмацавання здароўя. Яны вывучаюць старадаўнія рэцэпты гатавання напіткаў, адвараў, страў, у склад якіх уваходзяць расліны, што можна знайсці ў гадавальніку. Асабліва цікава гэта будучым кухарам. Шмат цікавага па тэме моладзь даведваецца і на занятках па інтарэсах “Прырода. Здароўе. Мы”. Свае даследаванні навучэнцы адлюстравалі ў маладзёжным праекце “У зямлі — наша сіла, у зямлі — нашы карані”.

Ведамі і знаходкамі моладзь актыўна дзеліцца. Так, навучэнцы каледжа право­дзяць дэгустацыі напіткаў з лекавых траў, чайных напіткаў на раённых святах і кірмашах, сустрэчах у працоўных калектывах. Заўсёды цікава праходзяць майстар-класы па прыгатаванні адвараў, масак, мазей з лекавых раслін. Адначасова навучэнцы расказва­юць удзельнікам мерапрыемстваў аб карысных раслінах і іх якасцях, знаёмяць з прынцыпамі беражлівага стаўлення да багаццяў прыроды, закліка­юць клапаціцца аб захаванні карысных для чалавека раслін, правільна выкарыстоўваць жыватворныя сілы прыроды для ўмацавання ўласнага здароўя.

Навучэнцы і супрацоўнікі каледжа на працягу некалькіх гадоў актыўна займаліся закладкай гадавальнікаў у навучальных установах, экалагічных цэнтрах Жлобінскага, Хойніцкага і Кармянскага раёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У працэсе стварэння гадавальнікаў, экалагічных куткоў валанцёры кансультавалі педагогаў навучальных устаноў, навучэнцаў па пытаннях агратэхнікі, нарыхтоўкі і захоўвання раслін.

Таксама многія ўстановы адукацыі раёна набываюць у гадавальніку саджанцы для ўпрыгожвання сваіх тэрыторый. Так што, дзякуючы гадавальніку, не толькі каледж, але і іншыя ўстановы сталі прыгажэйшымі.

Гадавальнік стаў яшчэ і цікавым экскурсійным аб’ектам, які абавязкова наведваюць госці не толькі каледжа, але і горада.

У розныя гады тут пабывалі дэлегацыі з Кітая, Італіі, Расіі, Украіны.

Навучэнцы сабралі цікавы матэрыял пра расліны, якія тут можна сустрэць. Гэты матэрыял пакладзены ў аснову экскурсій, для правядзення якіх створана экскурсійная група. Экскурсіі па гадавальніку абавязкова праводзяцца для юнакоў і дзяўчат, якія толькі сталі навучэнцамі каледжа. Частыя госці тут і вучні ўстаноў адукацыі горада.

У каледжы плануюць захоўваць і развіваць гадавальнік, які стаў адметнасцю ўстановы і натхненнем для яе работнікаў і навучэнцаў. Няхай расце і квітнее духмяная гаспадарка і каледж!

Дар’я РЭВА.
Фотаздымкі прадастаўлены ўстановай адукацыі.