Духоўна-­маральны вектар

- 9:03Актуально, На парадку дня

На патрыятычным выхаванні грунтуецца не толькі будучыня — на ім пабудаваны сённяшні дзень. На гэтым зрабіў акцэнт міністр адукацыі Андрэй Іванец падчас наведвання Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча ў Слуцку. 

Абмеркаванне пытанняў духоўнага, маральнага і патрыятычнага выхавання стала ключавой тэмай пашыранага пасяджэння Каардынацыйнага савета па распрацоўцы і рэалізацыі сумесных праграм супрацоўніцтва паміж органамі дзяржаўнага кіравання і Беларускай Праваслаўнай Царквой. 

У дачыненні да дзяцей і моладзі духоўнае, маральнае і патрыятычнае выхаванне з’яўляецца прыярытэтным як для краіны ў цэлым, так і для сістэмы адукацыі ў прыватнасці. Абмяркоўваючы перспектывы далейшага ўзаема­дзеяння з Каардынацыйным саветам, міністр адукацыі Андрэй Іванец трапна заўважыў, што выхаванне падрастаючага пакалення — гэта наш агульны абавязак, і акцэнтаваў увагу, што пытанні духоўна-маральнага выхавання з’яўляюцца выжнымі для ўсіх без выключэння.

“Сёння ў кірунку патрыятычнага, духоўнага і маральнага выхавання робіцца вельмі многа, — падкрэсліў А.Іванец. — Мы добра разумеем, што вынік выхавання ў першую чаргу будзе залежаць ад таго, наколькі правільна гэтая работа будзе пабудавана ў сям’і. Важна, што выхаванне нашай моладзі праводзіцца не толькі сістэмай адукацыі, а ўсімі зацікаўленымі структурамі, кожная з якіх прыкладае для гэтага шмат намаганняў. На пасяджэнні прысутнічаюць калегі з Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства абароны.

Падчас работы Каардынацыйнага савета мы разам прадставім наша сумеснае бачанне існуючай праблемы. А яно ў нас супадае: без духоўна-маральнага вектара выхаваць патрыёта нашай краіны немагчыма. Менавіта таму сёння вельмі важна супрацоўнічаць з Беларускай Праваслаўнай Царквой, з якой у нас наладжаны розныя формы ўзаемадзеяння. Так, пачынаючы з першага класа мы рэалізуем факультатыў па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў. А яшчэ нала­дзілі ўзаемадзеянне разам з тымі цэрквамі, што знаходзяцца побач з установамі адукацыі. Дзеці могуць за­даць святарам пытанні, атрымаць адказы, а таксама правесці разам некаторыя мера­прыемствы”.

Закранаючы тэму духоўнасці, А.Іванец выказаў упэўне­насць, што дзеці павінны разумець яе сэнс і ведаць, якая роля ёй адво­дзіцца ў нашым жыцці. “Мы бачым, што з усіх бакоў на нашу краіну адбываецца націск, — нагадаў міністр адукацыі. — Прычым у першую чаргу гэта адбываецца праз спробу разбурыць нашы духоўныя і маральныя асновы. А без іх, як вядома, не будзе нічога. Таму гэтае мерапрыемства для нас як ніколі актуальнае”.

За апошні час узаемадзеянне сістэмы адукацыі і БПЦ набыло шырокі фармат. На гэта Андрэй Іванец таксама звярнуў увагу. 

“У шэрагу ўстаноў адукацыі створаны не проста факультатывы, — дадаткова арганізаваны гуткі, падчас якіх праводзіцца пазаўрочная работа з навучэнцамі, — расказаў пра ўзаема­дзеянне з царквой міністр адукацыі. — Прыемна, што не толькі школы ахоплены такім супрацоўніцтвам. Пазаўрочная работа праводзіцца ў дзіцячых садах і каледжах. І гэта не проста так. Я ўпэўнены, што суправаджэнне ў духоўна-маральным выхаванні павінна адбывацца на кожным этапе станаўлення дзіцяці як асобы. Дарэчы, у рэалізацыі праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” Беларуская Праваслаўная Царква з’яўляецца нашым партнёрам”. 

Духоўна-маральнае і патрыя­тычнае выхаванне моладзі вызначае будучыню народа, а яго падмурак закладваецца з дзяцінства, у маленстве. На гэтым зрабіў акцэнт Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веньямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, старшыня Сінадальнага аддзела па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі Мінскай епархіі.

“Што ў дзяцінстве закладзём у дзіця, з тым у наступныя гады яно будзе жыць, тое будзе ўспамі­наць, берагчы і на гэта будзе абапірацца”, — сказаў мітрапаліт Венья­мін.

Мітрапаліт Веньямін нагадаў, што да тэм духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання трэба перыядычна вяртацца і старанна прапрацоўваць іх. Але разам з гэтым важна ўлічваць, як мяняецца чалавек, якімі становяцца рэаліі жыцця. 

“Нягледзячы на тое, што сутнасць чалавека застаецца той жа, новыя падыходы ўсё роўна нам неабходны, — працягнуў мітрапаліт. — І яны знойдуць водгук у сучаснага маладога чалавека. У нас многа напрамкаў, па якіх можна было б узмацніць узаемадзеянне. Гэта і валанцёрская работа, і сацыяльнае служэнне, а таксама дапамога блізкаму і зварот да гістарычнай памяці нашага народа. Нельга забываць, чым жыла наша зямля 100—300 гадоў назад і якую духоўную спадчыну нам пакінулі продкі. Трэба помніць, якія святыя людзі жылі на нашай зямлі, якія святыні ёсць у нас. Усё гэта вельмі важна. Мы павінны вучыць дзяцей таму, як будаваць узаемаадносіны з іншымі людзьмі, раска­зваць ім, што такое гарманічная сям’я і для чаго яна патрэбна чалавеку. Таксама трэба гаварыць пра тое, якой яна павінна быць. Добра, што гэтыя тэмы хвалююць маладых лю­дзей. І важна, каб моладзь атрымала правільны адказ і ў адпаведнасці з ім будавала сваё жыццё”. 

Наталля САХНО.
Фота аўтара.