Духоўнае выхаванне

У Гродзенскай вобласці інавацыйныя праекты “Укараненне мадэлі арганізацыйна-метадычнага забеспячэння праграм духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў 10—11 класаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа” і “Укараненне мадэлі фарміравання асобаснай і сацыяльнай ідэнтычнасці дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа” рэалізуюцца ў 23 установах адукацыі. Абласны семінар-практыкум з удзелам прадстаўнікоў гэтых устаноў адбыўся на базе Жыровіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна. Арганізатарам яго выступіў Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі.

На семінары ішла гаворка аб тым, як прадстаўляць і распаўсюджваць вопыт работы ў інавацыйным праекце. Першым быў прадстаўлены вопыт работы рэсурснага цэнтра Жыровіцкай сярэдняй школы. Дырэктар навучальнай установы Святлана Апановіч расказала аб традыцыях супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Сістэму супрацоўніцтва аддзела адукацыі, спорту і турызму Слонімскага раёна з рэлігійнымі арганізацыямі па духоўным выхаванні прадставіла загадчык Слонімскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Святлана Валько. У прыватнасці, Святлана Віктараўна расказала аб правядзенні штомесячных дзён праваслаўнай асветы, факультатыўных занятках “Асновы праваслаўнага краязнаўства”, “Праваслаўныя святыні Беларусі”, “Культура і рэлігія”.

У электронным кабінеце “Духоўна-маральнае выхаванне” Жыровіцкай сярэдняй школы назапашана шмат метадычных напрацовак, створаных настаўнікамі школы. Яны былі прадстаўлены ўдзельнікам семінара намеснікам дырэктара школы па выхаваўчай рабоце кіраўніком рэсурснага цэнтра Аленай Бякрэнь, настаўніцамі Аленай Плюта, Таццянай Ракевіч, Алай Саланковай, Аленай Матвіеняй. Педагогі правялі майстар-клас, на якім прадэманстравалі, як праводзяць заняткі з навучэнцамі з прымяненнем сучасных тэхналогій.

— На фестывалі рэсурсных цэнтраў, які быў арганізаваны ў ГрАІРА, рэсурсны цэнтр Жыровіцкай сярэдняй школы адзначаны дыпломам І ступені, — гаворыць намеснік начальніка цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы інстытута Людміла Кіўлюк. — Вельмі цікавы вопыт школы і па цесным супрацоўніцтве з Мінскай духоўнай семінарыяй. Дарэчы, у рабоце семінара прынялі ўдзел выкладчыкі і студэнты семінарыі, якія адзначылі важнасць прадукцыйнага ўзаемадзеяння педагогаў і святароў у пытаннях духоўна-маральнага выхавання школьнікаў, а таксама неабходнасць дапамогі інстытута развіцця адукацыі ў метадычнай падрыхтоўцы семінарыстаў.

Важнасць стварэння на базе навучальных устаноў такіх рэсурсных цэнтраў, распрацоўкі якасных метадычных напрацовак для масавай педагагічнай практыкі адзначыў кансультант інавацыйных праектаў дырэктар Цэнтра праваслаўнай асветы прападобнай Ефрасінні Полацкай Аляксандр Бройка.

Запазычыць вопыт удзельнікі семінара маглі ў педагагічных майстэрнях і творчых лабараторыях, дзе азнаёміліся з формамі прадстаўлення інавацыйнага вопыту, экспертызай і карэкціроўкай матэрыялаў, рэалізацыяй індывідуальных маршрутаў удзельнікаў інавацыйных праектаў для ўзбагачэння метадычных партфеляў і творчага выкарыстання ў практыцы.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *