Духоўная і душэўная традыцыя

Ёсць традыцыі гуманныя і негуманныя, духоўныя і бездухоўныя, душэўныя і пазбаўленыя душы… Чалавек і грамадства ў цэлым не могуць жыць без традыцый. Вось толькі што ў рэшце рэшт робяць з людзей традыцыі першыя і традыцыі другія? Першыя накіраваны на ўзвышэнне чалавека, на падкрэсліванне ў ім чалавечнасці, другія вядуць да яго непазбежнай дэградацыі. Няма сумненняў у тым, што адной з самых духоўных і душэўных традыцый у нашым грамадстве стала штогадовае прысуджэнне прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльных прэмій кіраўніка дзяржавы дзеячам культуры і мастацтва. Гэтая традыцыя духоўная, таму што з году ў год гэтымі ўзнагародамі адзначаюцца творчыя калектывы, асобныя творцы, якія паспяхова працуюць у гуманітарнай сферы, а гэтая сфера не можа быць бездухоўнай. Гэтая традыцыя душэўная, таму што цырымонія ўручэння гэтых прэмій заўсёды суправаджаецца цёплымі, душэўнымі словамі і душэўным канцэртам.

Напярэдадні Новага года сталі вядомы ўладальнікі прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” 2014 года.
Гэта аўтарскі калектыў у складзе настаяцеля прыхода храма абраза Божай Маці “Усіх смуткуючых Радасць” у Мінску Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэя Ігара Карасцялёва і дацэнта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Марыны Краўцовай. Іх намаганнямі створаны вучэбна-вытворчыя майстэрні пры названым прыходзе для сацыялізацыі людзей з цяжкімі захворваннямі.
Лаўрэатам прэміі стаў таксама калектыў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, які ўвасобіў нацыянальна-гістарычную тэматыку ў балеце “Вітаўт”.
Атрымаў гэтую пачэсную ўзнагароду і калектыў Рэспубліканскага інтэрната ветэранаў вайны і працы, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё дзяржаўнай сістэмы сацыяльнай абароны, умацаванне ідэй чалавекалюбства і міласэрнасці ў грамадстве.
У ліку лаўрэатаў Цэнтральны камітэт Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, які ўнёс значны ўклад у грамадзянскае выхаванне і фарміраванне патрыятычнай самасвядомасці моладзі.
Нарэшце — і пра гэта нам асабліва прыемна тут сказаць — лаўрэатам прэміі стаў калектыў Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня”, які дасягнуў значных поспехаў у развіцці здольнасцей таленавітых і адораных дзяцей і падлеткаў, выхаванні будучых грамадскіх лідараў.
Мы шчыра віншуем калектыў цэнтра з гэтай пачэснай узнагародай! Яна робіць гонар і вам, і ўсёй сістэме адукацыі нашай краіны.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота БелТА.