Духoўныя аўторкі

- 7:28Адукацыйная прастора, Прафесійна-тэхнічная адукацыя

З 2016 года ў Лунінецкім дзяржаўным політэхнічным прафесійна-тэхнічным каледжы рэалізуецца духоўна-асветніцкі праект “Духоўны аўторак”. Чаму ў яго такая назва? Справа ў тым, што куратарскія і інфармацыйныя гадзіны духоўнай тэматыкі ва ўстанове праходзяць па аўторках. Хаця, па сутнасці, духоўным можна назваць кожны дзень у каледжы: работа па духоўна-маральным выхаванні ідзе бесперапынна. Аднак менавіта па аўторках назіраецца найбольшая канцэнтрацыя актыўнасцей. 

Работа каледжа па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў ажыццяўляецца ў цесным звязку з праваслаўнымі храмамі горада і раёна. Распрацаваны план узаемадзеяння паміж каледжам і прыходам храма ў гонар абраза Божай Маці “Спагнанне загінуўшых” у рамках праекта “Духоўны аўторак”. 

У каледжы рэгулярна праводзяць разнастайныя выхаваўчыя мерапрыемствы, сустрэчы са святарамі парафій Лунінецкага благачыння і інфармацыйныя гадзіны з іх удзелам. Навучэнцы адпраўляюцца на экскурсіі па храмах, у паломніцкія паездкі, удзельнічаюць у злётах праваслаўнай моладзі. 

Адной з найважнейшых падзей для ўстановы з’яўляюцца Свята-Андрэеўскія педагагічныя чытанні. Яны праводзяцца штогод на базе каледжа. У розныя гады ўдзельнікамі чытанняў станавіліся госці не толькі з нашай краіны, але і з Расіі, Украіны, Сербіі. Для навучэнцаў і педагогаў гэта магчымасць апынуцца ў асяроддзі, прасякнутым духоўнасцю і цікавымі ідэямі. Прычым прадстаўнікі каледжа з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі чытанняў: педагогі прэзентуюць вопыт работы, а навучэнцы — свае даследчыя і творчыя работы. 

Духоўнасць у каледжы цесна пераплецена з творчасцю.  Духоўная спадчына і традыцыі роднага краю натхняюць моладзь. І ва ўстанове навучэнцам даюць магчымасць рэалізаваць іх творчыя памкненні. Так, у каледжы праводзяць творчыя конкурсы духоўнай накіраванасці, напрыклад,  конкурсы вершаў “Святло каляднай зоркі”, “На шляху да храма”.  Творчая група каледжа выдае буклеты аб прыходах Лунінца і Лунінецкага раёна, пабачылі свет ужо 18 выпускаў. 

А яшчэ ў каледжы ствараюць відэаработы духоўнай тэматыкі. Ва ўстанове дзейнічае відэастудыя “Ветразь” пад кіраўніцтвам Андрэя Мікалаевіча Пауліча. Яе ўдзельнікі здымаюць прафарыентацыйныя  відэафільмы, відэаролікі для розных творчых конкурсаў, да юбілейных дат. 

Найбольш значнымі відэаработамі сталі два дакументальныя фільмы: “Людзі веры. Протаіерэй Сергій Крышталь” і “Жамчужына беларускага Палесся. Да 200-годдзя Свята-Мікалаеўскага храма аг.Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна”. Таксама юныя творцы каледжа выпусцілі відэафільм у дзвюх частках “Храмы Лунінеччыны”, у якім расказваецца пра ўсе храмы, што размешчаны на тэрыторыі раёна, пра іх гісторыю, легенды і паданні, звязаныя з імі. 

Сэрцам духоўнага выхавання ў каледжы можна назваць бібліятэку. Тут сабраны матэрыялы па гісторыі праваслаўя на тэрыторыі Лунінеччыны, пачынаючы з ІХ стагоддзя. Увесь матэрыял сістэматызаваны і з’яўляецца добрай дапамогай педагогам для правядзення выхаваўчых мерапрыемстваў.

Такі інтэлектуальны скарб дапамагае навучэнцам і супрацоўнікам рыхтавацца да ўдзелу ў абласных, рэспубліканскіх конкурсах, звязаных з гісторыяй праваслаўя роднага краю.

У каледжы створана такое асяроддзе духоўнасці, дабрыні і цяпла, апынуўшыся ў якім чалавеку хочацца мяняцца да лепшага — і ў духоўны аўторак, і кожны дзень.

Дарэчы, бібліятэка каледжа ў 2017 годзе заняла 2-е месца, а ў 2020-м — 3-е месца ў Рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання”. Бібліятэка каледжа — не проста памяшканне з кнігамі, а сапраўдная крыніца духоўнасці. І гэта ў многім дзякуючы таму, што тут працуе шчыры і апантаны чалавек — бібліятэкар Вера Яўгенаўна Скіба.  

У рамках праекта развіваецца і даследчая дзейнасць у  кірунку духоўна-маральнага выхавання. Варта адзначыць тры значныя даследчыя работы навучэнцаў каледжа — “Пізанская” царква аг. Кажан-Гарадок”,  “Адзін лёс — адно служэнне” (пра лёс сям’і святара Мікалая Рудзько), створаныя пад кіраўніцтвам бібліятэкара В.Я.Скібы;  “Праваслаўныя храмы, пабудаваныя Іванам Шчытом: іх гісторыя і святыні” — пад кіраўніцтвам выкладчыка гісторыі Н.М.Жук. 

У мінулым годзе ў каледжы была выдадзена кніга “Духоўна-маральнае выхаванне навучэнскай моладзі. З вопыту супрацоўніцтва з праваслаўнай царквой” (складальнікі: метадыст І.У.Багамолава, лабарант А.У.Клеўжыц, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Т.Т.Мілюк). Гэта своеасаблівая справаздача аб рабоце ўстановы, скарбніца карыснай інфармацыі. Кніга выдавалася да правядзення XIX Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі і адзначана двума дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (I і II ступені).   

Варта адзначыць, што супрацоўніцтва з праваслаўнай царквой зусім не азначае, што выхаванне ў каледжы мае рэлігійны характар.  Проста педагогі і святары аб’ядноўваюць свае намаганні дзеля мэты, якая ва ўсіх адна — выгадаваць добрых людзей. 

 — Нават у 10 запаведзях хрысціянскіх толькі першыя 4 датычацца ўзаемаадносін з Богам, а астатнія 6 — адносін паміж людзьмі. Трэба адзначыць, што ў нашым каледжы вядзецца вялікая работа па маральным выхаванні, — расказвае метадыст каледжа Ала Іванаўна Віктаровіч. —  Сапраўды, навучыць маральнасці нельга. Але працаваць над тым, каб чалавек станавіўся добрым, спагадлівым, чулым, каб далучаўся да здаровага ладу жыцця, паважаў традыцыі свайго народа, вядома, трэба. І ў гэтым кірунку ў нас пабудавана ўся выхаваўчая работа.

Увогуле, у каледжы створана такое асяроддзе духоўнасці, дабрыні і цяпла, апынуўшыся ў якім чалавеку хочацца мяняцца да лепшага — і ў духоўны аўторак, і кожны дзень. 

Дар’я РЭВА.