Духоўныя сустрэчы ў Любані

- 11:07Навіны рэгіёнаў

Усе любяць навагоднія і калядныя святы — асаблівы час, калі можна марыць і верыць у цуды, а вакол пануе святочная атмасфера. Каляды — гэта перш за ўсё дзіцячае свята. Гэта і ёлка, і падарункі, і чаканне цуду, і вясёлы смех, і Калядная зорка, хрыстаславы, батлейка…

Сярэдняя школа № 3 Любані імя Г.Л.Сячко — адна з устаноў, у якіх рэалізоўваецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання асобаснай і сацыяльнай ідэнтычнасці дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа”. На базе школы створаны раённы рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні “Расток”, дзейнічае кабінет духоўна-маральнага выхавання, арганізаваны факультатыўныя заняткі “Асновы праваслаўнай культуры”. “Брэндавае” мерапрыемства школы — штогадовыя калядныя сустрэчы, якія з’яўляюцца яшчэ адной цудоўнай магчымасцю для дыялогу навучэнцаў, педагогаў і ганаровых гасцей. Сёлета прайшлі юбілейныя, 10-я, калядныя сустрэчы, якія сталі сустрэчай з дабром, радасцю, цудам, а таксама незвычайнымі людзьмі.

Навучэнцы школы сабраліся на свята ва ўтульнай святочнай актавай зале. Калі надыход Новага года заўсёды зразумелы, то гісторыя Каляд для дзяцей часта бывае досыць загадкавай, таму вельмі важна ведаць, што ж мы святкуем у гэты дзень. А дапамаглі разабрацца ў гэтым навучэнцы, якія наведваюць факультатыўныя заняткі “Асновы праваслаўнай культуры”, аб’яднанне па інтарэсах “Анёлак” і “Урокі маральнасці”. Дзеці разам са сваім кіраўніком Зінаідай Кісель падрыхтавалі святочную праграму. Хлопчыкі і дзяўчынкі выконвалі калядныя песні, чароўныя сняжынкі кружыліся ў танцы, хрыстаславы ўзносілі хвалу Хрысту. Старэйшыя навучэнцы паказалі цікавы і павучальны спектакль “Дванаццаць месяцаў”, чыталі пранікнёныя вершы аб Калядах, веры і пакоры.

Разам са сваімі педагогамі навучэнцы расказалі калядную гісторыю. Адной з галоўных падзей сёлетняга святочнага мерапрыемства стала сустрэча з епіскапам Слуцкім і Салігорскім Антоніем і прадстаўнікамі Любанскага благачыння. Гасцей сустрэлі прывітальнымі словамі навучэнцы школы і ўручылі салодкія падарункі ў выглядзе Каляднай зоркі. Уладыка Антоній павіншаваў дзяцей, педагогаў, бацькоў са святам Нараджэння Хрыстова, пажадаў усім моцнага здароўя, духоўнага спакою і здзяйснення маленькіх цудаў. Навучэнцам — удзельнікам свята — ён падарыў салодкія падарункі, а ў кабінет духоўна-маральнага выхавання перадаў у дар літаратуру адпаведнага зместу, развіццёвыя настольныя гульні.

Пасля мерапрыемства архіпастыр Антоній правёў адкрыты дыялог з кіраўніцтвам і педагогамі школы, якія змаглі задаць госцю пытанні. Уладыка Антоній падзяліўся вопытам супрацоўніцтва Слуцка-Салігорскай епархіі з установамі адукацыі Клецкага, Нясвіжскага, Слуцкага, Салігорскага раёнаў, расказаў пра далейшае ўзаемадзеянне епархіі з установамі адукацыі Любанскага раёна.

У сваю чаргу педагогі падзяліліся вопытам узаемадзеяння школы з прыходамі Любанскага благачыння, абмеркавалі рэалізацыю праграмы супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквы на 2015—2020 гады.

Сустрэча зрабіла незабыўнае ўражанне на ўсіх прысутных, у душах якіх пасялілася Калядная казка.

Ірына НЯМАЛЬЦАВА,
дырэктар сярэдняй школы № 3 Любані імя Г.Л.Сячко.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.