Духоўныя сустрэчы

- 14:56Нам пішуць

Адзін з кірункаў у развіцці духоўнасці ў маёй рабоце — супрацоўніцтва з Беларускай праваслаўнай царквой.

Раз на месяц мае адзінаццацікласнікі сустракаюцца з айцом Дзмітрыем Тараракам, протаіерэем храма вялікамучаніка Георгія Пераможцы г. Ліды. Формы сустрэч заўсёды розныя: і круглыя сталы, і лекторыі, і гістарычныя квэсты, і выстаўкі праваслаўных кніг, і наведванне храмаў Лідчыны, і многае іншае.

Сёлета, падчас святкавання Дня беларускага пісьменства, нам вельмі спадабалася кніжная выстаўка, дзе былі прадстаўлены старадрукаваныя і сучасныя напрастольныя Евангеллі, богаслужбовыя кнігі, сучасная жыційная літаратура, праваслаўная публіцыстыка, дзіцячая хрысціянская літаратура. Вучні змаглі пагартаць кнігі, якія бачылі толькі на старонках падручнікаў. Зачытваліся і асобныя фрагменты.

Пасля сустрэчы мае старшакласнікі зрабілі вывад, што значэнне праваслаўнай кнігі нельга недаацаніць. Бо праваслаўная літаратура пабуджае да добрых учынкаў і павышае цікавасць да чытання.

На наступную сустрэчу з айцом Дзмітрыем, якая адбудзецца 1 кастрычніка, у Дзень пажылых людзей, вучні запрасілі сваіх дзядуль і бабуль, каб абмеркаваць праблемы бацькоў і дзяцей і сямейныя каштоўнасці.

Алена ЛАЎРЭНЦЬЕВА,
настаўніца гісторыі Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна.