Душэўны талент — быць педагогам

- 11:50"Настаўніцкай газеце" — 75

Кожны чалавек вольны ў выбары прафесіі, і адбыцца ён можа па-рознаму. Аднак звычайна вабіць прыклад людзей, якія заўсёды перад вачамі: маці, бабуля, бацька, цётка. Педагагічная дынастыя — гэта нешта дзівоснае! Гэта асаблівы лад жыцця. Прафесія педагога нялёгкая, але дзеці і ўнукі настаўнікаў ідуць па гэтым шляху і вераць, што няма больш высакароднай і натхняльнай справы, чым педагогіка.
Іх захапляе работа з дзецьмі, з іх складанымі характарамі, якія толькі фарміруюцца. А яшчэ магчымасць раскрыць сваю патрэбу аддаваць часцінку сябе, быць карысным іншаму і кожны дзень бачыць вынікі сваёй працы — ці гэта дыктант на выдатна, ці новы навык твайго вучня.
І знаёмства з трыма дзівоснымі жанчынамі настаўніцкай дынастыі з Мінска, якую заснавала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Валянціна Іванаўна Важнік, толькі ўмацавала мяне ў меркаванні, што няма больш сучаснай і цікавай, але і патрабавальнай да чалавека прафесіі, чым педагог. Давайце знаёміцца.

Валянціна Іванаўна Важнік нара­дзілася ў 1947 годзе на Гродзеншчыне ў вёсачцы Маласельцы Карэліцкага раёна ў пасляваенны цяжкі час у сям’і простых калгаснікаў. У яе бацькоў Івана Максімавіча і Лідзіі Лаўрэнцьеўны было адукацыі па чатыры класы, але людзьмі яны былі ўнікальнымі.

— Вучылі нас быць чулымі, адказнымі, не браць ніколі чужога. Бацька адразу сад пасадзіў каля дома, каб яго два сыны і дачка не лазілі па чужых садах: усяго павінна хапаць дома. А які прыгожы, нават каліграфічны быў почырк у маёй матулі! Я заўсёды з задавальненнем чытала яе лісты, калі была студэнткай, у тым ліку таму, што прыемна было любавацца на любоўна выведзеныя мамінай рукай літары. А яшчэ яна была вельмі артыстычнай. Ведала многа казак, вершаў, прымавак, выдатна дэкламавала Някрасава. У матулі, як і ў многіх у тыя часы ў нашай мясцовасці, было надзвычай паважлівае стаўленне да настаўніцкай прафесіі і вучобы ўвогуле. Яна нам заўсёды паўтарала, што “вучэнне — гэта святло…”. Да настаўніка доўгі час звярталіся не інакш, як “пан настаўнік”. Мама нас з братамі настройвала, каб мы не гублялі дарма часу, вучыліся. Тата — былы партызан, вельмі паважаны чалавек, яго таксама не хацелася падвесці. Так што мы ўсе трое атрымалі адукацыю, а адзін з братоў быў блізкі да навуковых адкрыццяў, але хвароба рана яго ад нас забрала. Сама я таксама нядрэнна вучылася, займалася музыкай, нават стала лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў, які проходзіў у Мінску. Класны кіраўнік мне ўвесь час казаў: “Валя, табе трэба ў артысткі!” — расказвае Валянціна Іванаўна.

І яна паспрабавала і нават здавала іспыты: пела, чытала байку “Сава, Асёл ды Сонца”. Адзін з членаў журы, калі пабачыў яе таўсценную касу да пояса, сказаў, што толькі за гэта яе можна ўзяць. Але нездаровая канкурэнцыя і няўпэўненасць, і, канечне, маладосць і эмацыянальнасць не дазволілі дайсці да фінішу. Яна забрала дакументы і вырашыла паступаць на літаратурна-музычны факультэт Мінскага педінстытута імя Максіма Горкага. І з лёгкасцю стала студэнткай. Але зрабіла памылку, як потым высветлілася: выбрала рускую мову і літаратуру ў якасці асноўнай спецыяльнасці — тады здавалася гэта больш прэстыжным. (Пазней пашкадавала і дадаткова праходзіла навучанне: родная мова вабіла, хацелася размаўляць на пявучай мове, той, што ад самага сэрца.) Вучобу сумяшчала з удзелам у інстытуцкім хоры з аркестрам на 70 удзель­нікаў, дзе была вакалісткай.

— Музыка заўсёды была маім вялікім захапленнем, нават імкнулася трапіць у знакаміты хор Цітовіча. Мяне праслухаў бацька Ядзвігі Паплаўскай, і, ведаеце, была б у складзе калектыву, калі б не вучоба ў інстытуце. У дэканаце мне сказалі, што мяне ўжо размеркавалі на практыку ў сельскую мясцовасць і ніякага пераводу на завочнае аддзяленне не будзе, а хор патрабаваў штодзённай прысутнасці. Так што зноў артысткі з мяне не атрымалася, — смяецца Валянціна Іванаўна, — і педагогіка канчаткова выйшла не першы план.

Па размеркаванні трапіла ў Рудзенскую дапаможную школу-інтэрнат Пухавіцкага раёна, дзе была выхавальніцай. Працаваць з дзецьмі-сіротамі маральна было вельмі складана, але яна аддавала сябе цалкам, бо ёй здавалася, што кожнаму з малых яна можа даць больш цяпла і ўвагі, якіх ім не дасталася ад родных.

— Калі мужу прапанавалі буда­ваць кааператыў у Мінску (ён працаваў на заводзе ў сталіцы), мы згадзіліся і хутка пераехалі ў Мінск. Пасля водпуску па доглядзе дзіцяці я выйшла на работу ў школу № 118, што каля нашага дома. А потым мяне перавялі па рашэнні аддзела адукацыі ў школу, дзе адкрылі эксперыментальны клас — і я ў ім працавала. У гэты ж час праходзіла вучобу на курсах, каб у далейшым выкладаць беларускую мову і літаратуру. З 1978 года цалкам перайшла на выкладанне роднай мовы і літаратуры ў старшых класах.

1978. Той самы эксперыментальны клас.

Беларуская мова мяне натхняла. Тым больш у горадзе мову ведалі не так дасканала. Імкнулася прывіць любоў да роднай мовы сваім вучням. Распрацоўвала ўрокі так, каб дзеці былі ўцягнуты ў працэс, выкарыстоўвала гульні. Дапамагала артыстычнасць і жаданне захапіць прадметам. Мне хацелася, каб нашы дзеці ведалі родную мову, цікавіліся беларускай літаратурай, гісторыяй, — працягвае педагог.

І ёй гэта ўдавалася — да сённяшняга часу яе вучні, сустракаючы яе на вуліцы, кажуць “дзякуй”. І не толькі за дасканалае веданне прадмета, але і за чуласць, чалавечнасць, імкненне прыйсці на дапамогу, быць побач, калі цяжка.

— Мама, можа, не расказала, але яна была і ёсць выдатны выхавальнік. Яна так адчувае дзяцей! Яе фішкай была работа з так званымі цяжкімі падлеткамі. Для яе яны былі проста дзецьмі, якім не вельмі пашчасціла з бацькамі. Мама — той чалавек, у якога заўсёды можна папрасіць парады, яна разважыць усё з мудрасцю і з улікам свайго шматгадовага вопыту, — да нашай размовы далучаецца яшчэ адна прадстаўніца дынастыі — Алена Сцяпанаўна Ласевіч.

Алена Сцяпанаўна працуе загадчыцай дзіцячага сада № 18 Мінска. Прафесію выбрала яшчэ ў дзяцінстве: ёй заўсёды падабалася гуляць з малодшымі дзецьмі. І не шкадуе, хаця, як і ў матулі ў свой час, узнікала жаданне паспрабаваць сябе яшчэ і, напрыклад, у эканоміцы. Але хутка адумалася, зразумела, што без дзіцячага смеху, дапытлівых вочак малых проста не зможа.

—  У 1992 годзе я скончыла Магілёўскае вышэйшае педагагічнае вучылішча імя К.Д.Ушынскага. Пазней атрымала вышэйшую педагагічную адукацыю ў педуніверсітэце імя Максіма Танка і адначасова атрымала дыплом і веды па спецыяльнасці “Эканоміка і кіраванне вытворчасцю” ў Смалявіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Мне падабалася працаваць на кожным маім працоўным месцы — і выхавальніцай, і кіраўніком установы. Я ведаю, што гэта для дзяцей і ім на карысць. Я прайшла шлях ад памочніка выхавальніка да загадчыцы дзіцячага сада. Так, пашырыліся мае абавязкі, зараз работа больш адміністрацыйная, але і яна робіцца з веданнем усіх працэсаў знутры. Я лічу, што ў педагогіцы няма нічога другаснага, усё мае значэнне. Як цяпло педагога, яго веды і ўменні, так і электронныя дошкі, гаджэты — усё гэта патрэбна сучаснаму дзіцяці адначасова. Мы павінны ісці ў нагу з часам, а не цягнуць дзіця ў мінулае стагоддзе, — разважае Алена Сцяпанаўна.

Пры ёй з нуля пабудаваны два дзіцячыя сады, дзе потым яна і працавала. Гэта значыць, унікала ва ўсе будаўнічыя нюансы, вывучала правілы і тэхнічныя працэсы, арыентавалася ў закупках, нават спрачалася з будаўнікамі наконт плана памяшкання, набывала і падбірала сучасную мэблю і абсталяванне. Усё: ад цэглы і шпалераў, мэблі і тэхнікі — яе цікавіла і турбавала.

— Сёння я сябе ўжо не ўяўляю ў іншай прафесіі. Педагогіка — гэта мая любоў і прызванне. Таму мне ўдвая прыемна, што мая любімая дачушка працягнула наш з мамай шлях — выбрала справай свайго жыцця педагогіку, прычым адзін з самых складаных яе кірункаў. Марыя — дэфектолаг, працуе ў адной са спецшкол Мінска, але яна і сама вам раскажа, — перадае ініцыятыву ў гаворцы дачцэ Алена Сцяпанаўна.

Дзеля справядлівасці трэба адзна­чыць, што ў цяперашні момант Марыя Анатольеўна Бурло знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці, бо некалькі месяцаў назад стала мамай дачкі Мілены, так што двойчы працягнула дынастыю.

— Не ведаю чаму, але для мамы стала сюрпрызам, што я выбрала педагогіку, а не юрыспрудэнцыю ці эканоміку. Я ж заўсёды ведала, што хачу праца­ваць з дзецьмі. Прычым мяне цікавіла менавіта дэфекталогія. Таму ў 2014 годзе атрымала адпаведны дыплом у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Вучылася з натхненнем, пасля паспрабавала свае здольнасці ў дзіцячым садзе, займалася з дзецьмі, у якіх ёсць праблемы майго кірунку, як хатні выхавальнік, але па-сапраўднаму знайшла сябе ў якасці педагога і выхавальніка дапаможнай школы-інтэрната № 10 Мінска, — гаворыць самая юная з прадстаўніц дынастыі Марыя Анатольеўна.

Яе не пужае тое, што выхаванцы вельмі адрозніваюцца ад звычайных непасед. Наадварот, Марыя Анатольеўна лічыць, што прыносіць не меншую карысць сваёй дзейнасцю: яна дапамагае дзецям з асаблівасцямі ў развіцці адаптавацца ў жыцці, набыць вопыт сацыяльных кантактаў і навыкаў. А гэта не так проста: трэба мець не толькі веды, але і цярплівасць, міласэрнасць, жаданне дапамагчы, падтрымаць, адчуць. На гэта патрэбен асаблівы душэўны талент. Таму матуля і бабуля так ганарацца сваёй дзяўчынкай, бо яна пайшла не толькі за імі, а нават далей, адшліфаваўшы свае магчымасці да спачування і чуласці максімальна…

Цікава і тое, што агульны педагагічны стаж маіх гераінь складае амаль 75 гадоў. Менавіта столькі заўтра спаўняецца нашаму выданню. Напрыканцы размовы прадстаўніцы педагагічнай дынастыі пажадалі “Настаўніцкай газеце”, якая ўжо стала сямейнай, і яе калектыву творчых здабыткаў, цікавых тэкстаў і доўгіх гадоў існавання ў інфармацыйнай прасторы.

Таццяна ЛАПАЦІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва В.І.Важнік.