Два Гран-пры “Славянкі-2020”

Сёлета ўладальнікамі Гран-пры міжнародных песенных конкурсаў “Славянскага базару” сталі двое беларусаў: 14-гадовая Ангеліна Ламака і 23-гадовы Раман Волазнеў з Мінска. Пра свой шлях да перамогі, захапленне музыкай, творчыя планы і складнікі поспеху спевакі расказалі карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”.

Аптымістычная Ангеліна ЛАМАКА

Уладальніца Гран­пры XVIII Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск­2020” cпявае з 3 гадоў. Вучаніца 8 класа сталічнай гімназіі № 192, пераможца вакальных конкурсаў, фестываляў і тэлевізійных праектаў, стыпендыятка спецфонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. Захапляецца мастацкай гімнастыкай, маляваннем і… рыбалкай. Мэтанакіраваная, працавітая, старанная, упэўненая ў сабе, абаяльная аптымістка.

— Ангеліна, з якой спробы ты трапіла на дзіцячы музычны конкурс “Славянскага базару” і як рыхтавалася да яго?

— Гэта мая трэцяя спроба. Да фіналу нацыянальнага адбору я даходзіла і ў 2017-м, і ў 2018 гадах. Але пакарыць членаў журы ўдалося толькі сёлета.

Рыхтавалася я ўзмоцнена як да нацыя­нальнага адбору, так і да міжнароднага конкурсу пачынаючы з верасня мінулага года. Кожны дзень былі заняткі па вакале з Аксанай Пятровай і па харэаграфіі з Дзмітрыем Бяззубенкам і Раманам Рыкавым. На фінальным этапе мне таксама дапамагалі педагогі па вакале Валерый Шмат і Яўген Курчыч. Я вельмі старалася і цяпер разумею дзеля чаго, бо насамрэч неверагодна прыемна быць уладальніцай Гран-пры і “Ліры”.

— На віцебскай сцэне ты выканала дзве песні: “Вольная рака” на беларускай мове і “Зараджэнне” на фарэрскай (паўночнагерманскай). Чаму ты выбрала менавіта гэтыя кампазіцыі?

— Па ўмовах конкурсу першая песня павінна быць аўтарскай і на роднай мове. А ў маім рэпертуары была песня “Вольная рака”, напісаная кампазітарам і спеваком Валерыем Шматам. Але раней яна была павольная, а зараз мы крыху перарабілі, і яна стала больш дынамічнай і маляўнічай. А другой кампазіцыяй мы хацелі здзівіць людзей, таму шукалі такую, якая раней не гучала на “Славянскім базары”. Мая старэйшая сястра Ліза прапанавала песню ў этнічным стылі на фарэрскай мове, у якой гаворыцца пра зараджэнне усяго: лю­дзей, мовы, культуры.

Дызайнеры Дар’я Мугака і Наталля Ляхавец стварылі адметныя, яркія, запамінальныя касцюмы для маіх нумароў, якія былі дапоўнены выдатным відэакантэнтам Ліліі Шкарупа.

— Але выконваць этніку заўсёды вельмі няпроста. Ці складана было спяваць на чужой і незразумелай мове?

— Сапраўды, такія песні вельмі складана выконваць, бо можна лёгка “вылецець” з танальнасці і не трапіць у патрэбныя ноты. Але мне пашанцавала, бо фарэрская мова аказалася зусім нескладанай, і тэкст я вывучыла даволі хутка, хоць і давялося раздрукаваць вымаўленне. Сама песня мне падышла, я яе адчувала. А вось над нумарам, што ўвасабляў нараджэнне агню як сімвала жыцця, прыйшлося папраца­ваць. Думаю, што членаў журы якраз і пакарыла маё выкананне такой песні. Дарэчы, пасля конкурсу яны мне сказалі, што я выдатна выступіла і падзякавалі маме за тое, што выгадавала такую выдатную артыстку (усміхаецца).

— Звычайна конкурс праходзіць два дні, але сёлета вам, юным спевакам, давялося вытрымаць праверку на трываласць і стойкасць, выступіўшы двойчы ў адзін дзень.

— Гэта было цяжка, бо прыйшлося чакаць пару гадзін другі тур. Малодшыя канкурсанты не такія стойкія і вельмі стаміліся. Але ж гэта конкурс, нельга расслабляцца, неабходна быць сабраным і настроеным на выкананне. Думаю, што менавіта мой баявы настрой і дапамог мне перамагчы.

— Ангеліна, і ты, і Раман Волазнеў выступалі пад нумарам 13. Як ты ставішся да гэтай лічбы?

— Я не веру ў магію лічбаў, а таму мне абсалютна не важна, пад якім нумарам выступаць. Хоць, канечне, прасцей у пачатку, бо не хочацца доўга чакаць. Таму калі ў першым туры я была пятай, было лягчэй. Дарэчы, дзяўчынка-куратар, якая мяне ўсюды суправаджала, перад жараб’ёўкай прадказала, што я выцягну № 5, а я сказала, што будзе № 13. Так і атрымалася.

— У час конкурсу ты трымалася даволі ўпэўнена, і нават было адчуванне, што ўвогуле не хвалюешся. Ці так гэта?

— Зусім крышачку хвалявалася. Для вакаліста самае галоўнае — выходзячы на сцэну, не хвалявацца. Бо эмоцыі і нервы вельмі дрэнна адбіваюцца на голасе, які пасля можа падвесці, і выступленне атрымаецца дрэнным. Таму я заўсёды стараюся супакоіць сябе, настройваюся на добрае выкананне, выходжу на сцэну і спяваю.

— Можа быць, у цябе ёсць талісман на ўдачу або рытуал перад выхадам на сцэну?

— Спачатку п’ю ваду, а пасля мама забірае ўсю дрэнную энергію: падносіць свае рукі да майго жывата і, нібыта за вяровачкі, “выцягвае” яе, у тым ліку і хваляванне. Мяне гэта весяліць, і я супакойваюся.

А мой галоўны талісман — мая сям’я!

— На конкурсе ў цябе было шмат канкурэнтаў. Ці знаёмілася ты з іх кампазіцыямі загадзя і каго б адзначыла?

— З дзецьмі, якія ведалі рускую мову, мы шмат размаўлялі. Я пазнаёмілася з прадстаўнікамі Канады, Літвы, Арменіі. Хоць, па праўдзе кажучы, іх кампазіцыі я не слухала, таму што настройвалася толькі на сваё выкананне. Мне здаецца, і не трэба слухаць сваіх сапернікаў, бо могуць узнікнуць думкі, што хтосьці больш моцны ці песня лепшая, ты пачнеш сумнявацца ў сваіх сілах і не зможах добра выступіць. Таму нават тых, хто выступаў перада мной, я не чула: закрывала вушы, паўтарала сваю песню і слухала толькі сябе.

— Як думаеш, што табе дапамагло перамагчы?

— Мая ўпэўненасць і маё вялікае жаданне перамагчы. Калі шчыра, то я не разлічвала на Гран-пры, але была ўпэўнена, што стану лаўрэатам. Таму была крыху шакіравана, атрымаўшы залатую “Ліру”.

— На што пойдзе грашовая ўзнагарода?

— Я даўно хацела добры ноўтбук, каб запісваць свае музычныя трэкі, і вось мая мара здзейснілася. А астатнія грошы пойдуць на творчасць. Я лічу, што такой узнагародай трэба распараджацца з розумам.

— А ці спадабалася табе выступленне Рамана Волазнева?

— На рэпетыцыях я бачыла выступленне Ромы, ён класны артыст і музыкант, і яго нумары мне вельмі спадабаліся! Быў такі цікавы момант: я стаяла за кулісамі і перад выхадам пажадала Рому ўдачы і дала патрымаць сваю “Ліру”. А калі пачалі аб’яўляць пераможцаў конкурсу маладых выканаўцаў, то была ўпэўнена, што Беларусь застанецца ў лідарах. Я неверагодна рада нашай сумеснай перамозе!

— А ўвогуле, чым табе запомніўся “Славянскі базар — 2020”?

— Я заўсёды люблю прыязд­жаць у Віцебск. Хоць і абяцалі дажджы, але нам пашанцавала з надвор’ем. Спадабаліся зносіны з дзецьмі з розных краін свету, бо ў кожнага свае погляды на жыццё і свае мэты, яны жы­вуць па-іншаму, і гэта вельмі цікава. Безумоўна, найбольш запамінальная падзея — гэта мая перамога, калі ішла атрымліваць узнагароду, то слёзы радасці і нечаканасці засцілалі мае вочы. А яшчэ мне запомніўся паход у рэстаран пасля выступлення, дзе я нарэшце за некалькі месяцаў змагла з’есці марожанае і адразу два — фісташкавае і ванільнае (усміхаецца).

— У якім кірунку плануеш развівацца далей?

— У музычным! Збіраюся і далей ісці з музыкай па жыцці. Я ўжо дасягнула пэўных вышынь, таму збочыць з гэтай сцяжынкі будзе неразумна, і мама сказала, што не дапусціць гэтага.

— Напэўна, і ў тваёй гімназіі радуюцца тваім поспехам?

— Так. І нават калі даводзіцца прапускаць урокі, то ўсе педагогі разумеюць, што творчаму чалавеку трэба развівацца.

— Ці ёсць любімыя школьныя прадметы і хто з настаўнікаў больш за ўсё падтрымлівае цябе?

— Мне вельмі падабаюцца хімія і англійская мова. Хоць я ў прынцыпе вучуся добра, таму і з астатнімі прадметамі ўсё ў парадку. Мяне вельмі падтрымлівае дырэктар нашай гімназіі — Ірына Ула­дзіміраўна Пазнякова, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце і мой педагог па фартэпіяна Наталля Мікалаеўна Валкадатава і класны кіраўнік Наталля Мікалаеўна Камінская. Астатнія настаўнікі таксама заўсёды дапамагаюць, калі прапускаю складаны матэрыял.

— Яшчэ цэлы месяц да пачатку новага навучальнага года, як плануеш правесці яго?

— Некалькі дзён адпачнём з роднымі на Прыпяці, дзе будзем купацца, ­спаць у палатках і… рыбачыць. Усе звычайна здзіўляюцца гэтаму, а я адказваю, што няма нічога дзіўнага ў тым, што дзяўчынка любіць рыбалку. Дарэчы, на маім рыбацкім рахунку ўжо ёсць амаль кілаграмовы сом, якога, праўда, я адпусціла.

Акрамя гэтага, буду маляваць. Я вельмі люблю гэтую справу! Хоць я і самавучка, усе гавораць, што у мяне добра атрымліваецца. Раней я малявала простым алоўкам, але нядаўна мне падарылі фарбы і палатно. Прынамсі, мой прадзед таксама пісаў прыгожыя карціны, і бабуля таксама, аднак яна не стала развіваць свой талент. Магчыма, цяпер іх дар перадаўся мне.

— А музычны ад каго?

— Нават і не ведаю (усміхаецца). У нашай сям’і ніхто не спявае: мама — кіраўнік інтэрнэт-рэсурсаў, а тата — інжынер.

— З якім дэвізам крочыш па жыцці?

— Пасля кожнага падзення будзе ­ўзлёт. Нават на “Славянскі базар” я двойчы не магла трапіць, не атрымлівалася прайсці нацыянальны адбор — і гэта былі мае падзенні, а на трэці раз усё атрымалася — і гэта мой узлёт. Вось так мой дэвіз увасобіўся ў рэальнасць. Раней я не была гатова да віцебскага конкурсу, а зараз я свядома пайшла, выступіла і заслужыла перамогу. Таму ніколі не трэба здавацца і заўсёды ісці да сваёй мэты!

— Ангеліна, што б ты параіла вакалістам-пачаткоўцам?

— Ніколі не спыняцца на дасягнутым, а калі нешта не атрымліваецца, то ўсё роўна ісці далей. І хачу пажадаць, каб кожны меў такую ж падтрымку родных, як у мяне. Бо мая мама заўсёды са мной, падтрымлівае і падбадзёрвае мяне, а яшчэ яна пераканана, што ўсё самае лепшае ў маім жыцці яшчэ наперадзе. Да таго ж я аптыміст, а таму заклікаю ўсіх больш усміхацца і радавацца жыццю!

Рамантычны Раман ВОЛАЗНЕЎ

Уладальнік Гран­пры XXIX Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск­2020” спявае з 5 гадоў. Зараз ён студэнт аддзялення гукарэжысуры факультэта музычнага тэатра Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва. Удзельнік шматлікіх вакальных конкурсаў і тэлепраектаў Беларусі і Расіі. Тройчы стыпендыят спецфонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. Харызматычны, натхнёны, настойлівы, шчыры, ветлівы, дасціпны. Спявак, мультыінструменталіст, кампазітар, аўтар песень, саунд­прадзюсар. Душа любой кампаніі, баец, які ніколі не апускае рукі, і ў той жа час сціплы рамантык, апантаны любімай справай.

— Раман, ці ўсвядомілі вы, што сталі абсалютным пераможцам?

— Так. Бо першыя дні быў проста шок. Усё, што адбывалася ў Віцебску, для мяне было ў навінку, хоць я ўжо выступаў там раней і як ­госць, і ў складзе ансамбля “Сябры”. Але калі ты канкурсант, то фестываль успрымаецца зусім па-іншаму. Адна справа, калі ты проста прыязджаеш на канцэртнае выступленне, і зусім іншая, калі трэба адстойваць гонар краіны.

— Якім быў ваш шлях да конкурсу выканаўцаў эстраднай песні?

— Упершыню Беларусь на “Славянскім базары” я прадставіў у 2008 годзе на дзіцячым музычным конкурсе “Віцебск”, дзе атрымаў прыз Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. І пасля гэтага ні разу не падаваў заяўку. Таму сёлета мне пашанцавала з першага разу стаць пераможцам нацадбору.

— У першым конкурсным туры вы прадставілі песню “Свяча” на словы М.Багдановіча, якую прэзентавалі яшчэ ў 2015 годзе. Што ў ёй змянілася? А ў другім туры выканалі сусветны хіт Autumn Leaves, які ператварылі ў музычны перформанс.

— Абедзьве кампазіцыі павінны былі максімальна ўсебакова паказаць мае музычныя здольнасці і як спевака і музыканта, і як кампазітара і аўтара песень. “Свячу” ўпершыню я прадставіў на Рэспубліканскім конкурсе эстрадных выканаўцаў “Белазаўскі акорд”, дзе стаў лаўрэатам 3 ступені. Аднак тады атрымалася зусім іншая кампазіцыя, бо пачалася ломка голасу, таму я спяваў значна ніжэй, чым зараз. Цяпер я па-іншаму пачаў ставіцца да песні і як выканаўца, і як музыкант, змянілася аркестроўка, і яна пачала гучаць максімальна хораша.

Autumn Leaves — лірычная песня пра каханне. Упершыню я пачуў яе гадоў сем назад, калі пачаў знаёміцца з джазавай музыкай, і нават паспеў выканаць яе на Міжнародным конкурсе Jazz-Time — 2016. Дарэчы, Autumn Leaves выконвалі Іў Мантан, Даліда, Дэміс Русас, Фрэнк Сінатра і нават Стынг. Я вырашыў сабраць усе лепшыя аранжыроўкі ў адной песні і прадставіць сваю версію, а таксама пастарацца здзівіць гледачоў не толькі вакалам, але і сваім віртуозным валоданнем клавішнымі. Бо калі выканаўца не толькі спявае, а яшчэ і цудоўна іграе на якім-небудзь музычным інструменце, гэта заўсёды ўражвае.

— А ці складана імправізаваць на сцэне і тым больш у час конкурсу?

— Не, я наогул не ўяўляю сябе на сцэне без імправізацыі. У нас існуюць два лагеры музыкантаў: джазавыя — імправізатары — і класічныя — тыя, хто іграе толькі па нотах і тое, што напісана іншымі людзьмі, пазбаўляючы сябе, як мне здаецца, задавальнення ад заняткаў музыкай, і асабіста мне гэта нецікава. Таму тое, што адбывалася і на нацадборы, і на віцебскай сцэне — чыстая імправізацыя.

— Атрымліваецца, што другі раз вы не паўторыце сваё выступленне?

— Так, гэта будзе зусім іншае выкананне. І колькі б я ні спрабаваў расставіць “кручкі”, за якія б у працэсе выступлення “чапляўся”, праходзячы пэўныя кантрольныя пункты, усё роўна кожны раз атрымліваецца па-рознаму.

— Але ж для імправізацыі характэрна непрадказальнасць, а гэта заўсёды вельмі хвалююча. Вы ж на сцэне трымаліся дастаткова ўпэўнена і спакойна. Дзякуючы чаму?

— Думаю, дзякуючы маёй адукацыі і вопыту. Калі я вучыўся ў Мінскім каледжы мастацтваў на вакаліста і часова ў мяне не атрымлівалася наогул нічога спяваць, то я вырашыў, што буду займацца музычнай адукацыяй, а калі пройдзе мутацыя, то я змагу быць і вакалістам, і добрым музыкантам. Так і здарылася. Я вельмі шмат іграў на музычных інструментах, вучыўся рабіць аранжыроўкі, наведваў курсы, чытаў замежную літаратуру і нават паралельна скончыў фартэпіяннае аддзяленне.

— Заінтрыгавалі. Ці можаце падлічыць, на якіх інструментах вы ўмееце іграць?

— Вельмі складана зрабіць гэта, бо іграю на ўсім спектры клавішных, на гітарах (электра, бас, акустычнай, укулеле), губным гармоніку, мелодыцы, ударных (розных перкусіях і крыху на барабанах), а яшчэ набыў скрыпку, але пакуль яшчэ не навучыўся іграць на ёй (усміхаецца).

— А хто з выкладчыкаў аказаў на вас найбольшы ўплыў?

— У каледжы мастацтваў маім выкладчыкам па вакале і джазавай імправізацыі была Вольга Уладзіміраўна Макушынская, салістка ансамбля “Чараўніцы”, цяпер яна працуе на кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Менавіта яна паказала мне шлях да джазавай музыкі і дапамагла шмат у чым набыць той базіс, на якім далей я фарміраваўся як музыкант.

Таксама мой педагог па вакале — сучасны вакальны трэнер шматлікіх зорак расійскай эстрады, які працуе па замежных методыках, Міхаіл Касымаў. З ім я займаўся ў Маскве.

— Хто яшчэ дапамагаў падрыхтавацца да конкурсу?

— Мой паплечнік і музычны прадзюсар Георгій Басаў, беларускі дызайнер Наталля Ляхавец — аўтар майго палавінчатага касцюма, а яшчэ рэжысёр-пастаноўшчык з Тэатра эстрады Багдан Красілаў, які дапамог падрыхтаваць фінальны нумар. З ім мы займаліся харэаграфіяй, паколькі мне больш прывычна быць музыкантам на сцэне, а не танцорам (усміхаецца).

— На віцебскай сцэне вам давялося выступаць пад 13 нумарам, і так званы чортаў тузін прынёс вам перамогу.

— Для мяне гэтая лічба заўсёды шчаслівая. На жараб’ёўцы было важна выцягнуць правільны нумар, бо выступаць першым заўсёды вельмі няпроста, таму што члены журы, на мой погляд, не могуць цябе аб’ектыўна ацаніць. А 13-ы быў перадапошнім, і ўсё атрымалася выдатна.

— А ў чым яшчэ залог вашага поспеху?

— Напэўна, у працавітасці, стараннасці, адукацыі, вопыце і, канечне, імправізацыі.

— Як выкарыстаеце сваю грашовую ­ўзнагароду?

— Яшчэ не думаў пра гэта. Але, хутчэй за ўсё, яна пойдзе на развіццё маёй творчасці. Тым больш што вельмі люблю працаваць на добрай апаратуры, таму, магчыма, нешта набуду для студыі. У любым выпадку гэта будзе інвестыцыя ў сябе, сваё развіццё і творчасць.

— Каго б адзначылі з канкурсантаў?

— Хансултана з Казахстана — вельмі моцны спявак. Увогуле сёлета мы, удзельнікі, трапілі ў вельмі няпростую сітуацыю, і члены журы таксама, бо сабраліся сапраўды моцныя канкурсанты. Большасць з нас на адным прафесіянальным узроўні, і я быў вельмі здзіўлены, пачуўшы ўсіх нас на першай рэпетыцыі. Адразу з’явіліся розныя думкі, бо фармат майго выступлення першапачаткова адрозніваўся ад усіх астатніх, і выдатна, што гэта спрацавала на маю ка­рысць. Аднак я разумеў, што ўсё магло скончыцца па-іншаму. Пасля конкурсу было вельмі прыемна чуць пахвалу ад членаў журы — Томаса Невергрына і Іны Афанасьевай.

— А як бы вы ацанілі выступленне нашай Ангеліны Ламака?

— У яе выдатна ўсё атрымалася, і яна сапраўды заслужыла ўзнагароду.

— Калі падагульніць, чым вам запомніўся сёлетні “Славянскі базар” і што дае конкурс выканаўцаў эстраднай песні маладым спевакам?

— Фестываль запомніўся максімальнымі нервамі, напружаннем і хваляваннем. Але конкурсы — гэта адзіная магчымасць для вакалістаў заявіць пра сябе, у той жа час гэта своеасаблівы атракцыён, які паказвае, хто і як ўмее спраўляцца са сваімі эмоцыямі, калі цябе публічна ацэньваюць. Любы конкурс — гэта заўсёды гульня па-банку, і я выдатна разумею, чаму супермоцныя вакалісты з вялікімі амбіцыямі не ўдзельнічаюць у іх — бо гэта вельмі складана псіхалагічна. У амфітэатры знаходзілася больш за 6 тысяч гледачоў, а сам фестываль глядзела велізарная колькасць людзей у прамым эфіры. І ад разумення гэтага ўзнікае неверагоднае напружанне. Таму “Славянскі базар” — выдатная пляцоўка, каб праверыць сябе і свой талент у ­стрэсавай сітуацыі, такі вопыт ты ніколі не атрымаеш на сольным канцэрце. І, мабыць, самая лепшая ўзнагарода, атрыманая на такім конкурсе, — гэта не грошы і прызнанне, што ты лепшы, а менавіта вось гэты набыты вопыт.

— Думаю, вы маеце рацыю. І, нягле­дзячы на ваш малады ўзрост, можна давяраць вашаму кампетэнтнаму меркаванню, тым больш што ў вас ужо значны вопыт супрацоўніцтва са знакамітымі артыстамі. А ці лёгка знаходзіце агульную мову з імі?

— Я працую з Аляксеем Вараб’ёвым, Нюшай, Amchi, артыстамі Black Star і многімі іншымі. У нашай творчай сферы спрацоўвае так званае сарафаннае радыё: варта адзін раз якасна штосьці зрабіць — і да цябе пачнуць звяртацца многія. У мяне рэдка ўзнікаюць спрэчныя сітуацыі. Хоць, сапраўды, працаваць з творчымі людзьмі вельмі няпроста, асабліва калі ты і сам выканаўца. Часам сутыкаюся з тым, што прафесійны спявак не разумее простых музычных рэчаў, але пры гэтым ён мае неверагодны талент і вялікую слухацкую аўдыторыю. Заўсёды ўзнікае пытанне, чаму б яму не пайсці і не атрымаць дадатковую адукацыю, каб яго здольнасці раскрыліся яшчэ больш.

Дарэчы, з 2016 па 2018 год я быў у скла­дзе нашых “Сяброў”, і па сённяшні дзень пастаянна на сувязі з Анатолем Іванавічам Ярмоленкам. І калі яны выступаюць у Маскве і іх трэба падтрымаць, то я заўсёды напагатове. Я шмат працаваў з яго ўнукам Анатолем і Цімам Беларускіх. Утраіх мы стварылі мноства песень і напісалі некалькі альбомаў, у якіх музыка і аранжыроўкі мае, а Ціма і Анатоль — аўтары тэкстаў. Гэта быў класны перыяд, калі мы былі разам, а побач Анатоль Іванавіч, які заўсёды курыраваў нас.

— Рома, а чаму вы вырашылі прадоўжыць адукацыю ў Расійскім інстытуце тэатральнага мастацтва і чаму менавіта на аддзяленні гукарэжысуры?

— Таму што я займаюся аранжыроўкамі і студыйнай работай гадоў з 11. І паколькі мая першая адукацыя вакальная, вырашыў паспрабаваць сябе ў гукарэжысуры. Да таго ж шматпрофільны спецыяліст заўсёды больш цікавы і ў яго больш магчымасцей.

У той жа час мае прыярытэты кожны дзень мяняюцца, нават не ведаю, ці добра гэта, і часта зайздрошчу людзям, якія ўмеюць толькі спяваць, таму што ў мяне шмат кампазітарскіх амбіцый. Сёння я пішу інструментальную музыку, а заўтра — новы трэк для моднага рэпера, а паслязаўтра я сам выступаю сольна. І ўсё атрымліваецца добра, таму не магу зрабіць выбар у бок чагосьці аднаго.

Аднак мне б хацелася, каб мой праект аўтарскай музыкі і я як артыст выйшлі на першы план, але, напэўна, гэта адбудзецца тады, калі ў мяне з’явіцца больш выразны стыль, таму што я ўсё яшчэ ў пошуку. Прызнаюся, атрымліваю сапраўднае задавальненне ад сваіх сольных канцэртаў. У любым выпадку творчасць — гэта цікава і весела, і я разумею, што такое жыццё ніколі не дасць сумаваць.

— А яшчэ якія ў вас планы? Можа быць, збіраецеся на “Еўрабачанне”?

— Група VAL, Уладзіслаў Пашкевіч і Валерыя Грыбусава, якія павінны былі прадставіць Беларусь у гэтым годзе на “Еўрабачанні”, — мае блізкія сябры. Я назіраю за імі і за тым, што з імі адбываецца, і бачу, як усё няпроста. Але тым не менш зараз у іх кар’еры ўздым. І я ра­зумею, што нават нацыянальны адбор на “Еўрабачанне” — гэта вельмі значная планка і крок, для якога патрэбна добрая песня, і калі я яе напішу, то можна і рызыкнуць.

Акрамя таго, я хацеў бы пакарыць дарослую “Новую хвалю”, бо гэта вельмі сур’ёзная пляцоўка і рупар, з дапамогай якога можна заявіць пра сябе. Між іншым, на “Дзіцячай Новай хвалі” ў 2009 годзе я стаў лаўрэатам ІІ ступені і пасля на працягу 6 гадоў атрымліваў каласальны вопыт выступлення на вялікай сцэне. Да таго ж работа з галоўным рэжысёрам-пастаноўшчыкам Аляксандрам Рэўзіным — неверагодны досвед. Аляксандр Давыдавіч дзяліўся з намі сваімі ведамі і вопытам. Дзякуючы яго школе, у мяне раскрыўся артыстычны магнетызм — здольнасць падпарадкоўваць аўдыторыю сваёй творчай волі.

— Раман, а ці ёсць у вас жыццёвы дэвіз?

— Усё што адбываецца — адбываецца ў патрэбны час у патрэбным месцы і так, як павінна быць. Напрыклад, калі б я падаваў заяўку на “Славянскі базар” раней, то, хутчэй за ўсё, не прайшоў бы нават нацадбору.

Прынамсі, я з тых людзей, якія, напэўна, будуць заўсёды незадаволены сабой, аднак, дзякуючы гэтаму, я не кінуў спяваць у пераходны перыяд. Бо ад таго скепсісу, які абрынуўся на мяне, нібыта я сам вінаваты, што адбываецца мутацыя голасу і не магу нічога праспя­ваць, зламацца мог любы. Але гэтая незадаволе­насць стала стымулам зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб прывесці сябе ў нармальную вакальную форму, хоць я і сёння працягваю канструяваць свой голас і ўдасканальваць яго. І зараз я ўпэўнены, што няма нічога немагчымага, і справа не ў прыродзе, а ў штодзённай і вельмі карпатлівай працы.

— І ваша парада ўсім маладым выканаўцам.

— Вучыцца! Таму што чым больш старэйшым становішся, тым менш жадання і часу атрымлі­ваць веды. А як толькі з’яўляюцца правільныя музычныя веды — выпрацоўваецца правільны густ. Таксама параіў бы пазнаёміцца з тым, як будуецца джазавая музыка, таму што па вялікім рахунку менавіта на ёй заснавана ўся эстрада. І вось такія веды і навыкі потым дапамогуць ва ўсім: чытаць рэп, выконваць рок-музыку… — і выканаўцы змогуць рабіць што заўгодна, але абсалютна на іншым узроўні. Таму я перакананы, што шлях да поспеху ляжыць праз адукацыю!

Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва Ангеліны ЛАМАКА і Алега ІГНАТОВІЧА.