Два хлопчыкі і Ксюша

- 9:00Суразмоўца

Шэсць гадоў назад Алена Бароўская, галоўны спецыяліст сектара аховы правоў дзяцінства Ленінскага раёна Гродна, прыйшла працаваць сацыяльным педагогам у Панямуньскі дзіцячы дом: тады яна ўжо жыла з жаданнем удачарыць маленькую дзяўчынку, а работа з пакінутымі дзеткамі падказала, што гэтае жаданне не мінутная слабасць, а кліч сэрца. Так у сям’і Бароўскіх, дзе раслі Максім і Мікіта, з’явілася маленькая Ксюша.

Неаднаразова падчас работы ў сектары аховы дзяцінства Алена Бароўская была сведкай дзіцячых слёз і разгубленасці бацькоў. Яна працавала па Дэкрэце № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”, а значыць, забірала тых малышоў, якім было небяспечна заставацца з баць­камі.

“Працаваць у апеку я прыйшла са школы, дзе выкладала гісторыю. Работа ў сектары па ахове дзяцінства наклала свой адбітак на ўспрыманне мной дзяцей­сірот, — дзеліцца Алена. — Падчас работы я перыядычна наведвала сайт dadomu.by, бачыла, колькі пакінутых дзетак чакаюць, што іх забя­руць у сям’ю. Разглядаючы малышоў, спрабавала зразумець свае пачуцці, думкі, старалася пачуць сябе. Я пачала чытаць многа форумаў, дзе падтрымліваюць зносіны кандыдаты ва ўсынавіцелі і лю­дзі, якія ўжо ўсынавілі і ўдачарылі дзетак. Больш за тое, у той момант я пайшла працаваць у дзіцячы дом сацыяльным педагогам. Мне было важна зразумець сваё стаўленне да дзетак, якія там знаходзяцца, разабрацца ў сваіх пачуццях. Менавіта так я зразумела, што ўсынаўленне — гэта той шлях, якім павінна прыйсці да нас наша дзяўчынка! Жаданне мець дачушку зрабіла мяне жыхаром сайта dadomu.by. Там яе і ўбачыла ўпершыню, маю маленькую ўсміхашку. З гэтага моманту кожная раніца пачыналася з віртуальнага наведвання маёй малышкі. Адкрывала сайт, і кожны раз у мяне дух захоплівала: толькі б яна яшчэ была, толькі б яе не забралі! Я ведала, што ў мяне і ў маёй сям’і ёсць патэнцыял дапамагчы ёй. Калі паказала малышку мужу, ён сказаў, што дзяўчынка як дзве кроплі вады падобная на мяне ў дзяцінстве. Мы дасталі фотаздымкі, параўналі… І, ведаеце, гэта быў знак”.

Два месяцы Алена прыязджала да малышкі ў Мінск, паралельна збіраючы дакументы для ўдачарэння. Ні адзін дыягназ, ні адна асаблівасць у развіцці не спынілі яе, не прымусілі засумнявацца ў правільнасці рашэння.

“Калі прыехалі знаёміцца з дзяўчынкай, мужу хапіла толькі паглядзець на яе, і ён сказаў: “Яна наша”, — успамінае мнага­дзетная мама. — Пазней, калі даведаўся дыягназы і асаблівасці развіцця, таксама цвёрда сказаў: “Наша, што б ні было далей і як бы ні склалася!” Для нас насамрэч было няважна, якія ў яе дыягназы. Мы толькі перажывалі, каб з апорна­рухальным апаратам усё было добра. Астатняе можна адкарэкціраваць з урачамі і іншымі спецыялістамі”.

А яшчэ праз два месяцы, калі прайшоў суд, аднагадовая Ксюша паехала дадому, у Гродна.

“На той момант маім Максу і Міку было 14 і 6 гадоў, — працягвае дзяліцца ўспамінамі А.Бароўская. — Безумоўна, мы ад іх нічога не хавалі, асабліва ад старэйшага сына. Размаўлялі з ім па­даросламу, гаварылі, што плануем удачарыць дзяўчынку. З Мікам размова вялася крыху інакш. Ён яшчэ сам быў маленькім, таму расказвала, што ёсць дзіцячыя дамы, у якіх жывуць пакінутыя дзеткі, і што ім таксама патрэбны мама і тата. Потым, калі Ксюша ўжо была ў нас, старэйшы сын, гледзячы на яе спячую, сказаў: “Мама, я ніколі не мог падумаць, што так моцна палюблю яе. Як мы без яе жылі?” З боку малодшага сына я не заўважыла рэўнасці ці праяўлення агрэсіі. Ксенія ўвайшла ў нашу сям’ю мякка, лёгка, быццам так і павінна было здарыцца. Я дагэтуль памятаю нашу першую сустрэчу з малышкай. Вельмі хвалявалася ў той момант. І вось нам прынеслі дзяўчынку ў сукенцы колеру пераспелай слівы, якая на 5 памераў большая за яе, у страшных сандаліках, узлахмачаную, з блакітнымі вачамі­гузікамі, якія глядзяць прама ў сэрца. Тады малышка яшчэ не сядзела. Наша першая сустрэча доўжылася роўна 5 мінут. Затое сёння мы атрымліваем асалоду ад таго, што можам быць разам”.

Сёння Ксюшы 6 гадоў, і, як кажа яе мама, яна — найлепшая дзяўчынка ў свеце, прыгажуня і модніца.

“Розніцы паміж сваімі дзецьмі я не бачу, яны аднолькавыя, — канстатуе А.Бароўская. — Ксюша з хлопчыкаў вяроўкі ўе, а яны яе любяць. Наша дачушка вельмі адказная, уважлівая і справядлівая. Скажу шчыра: мы яе песцім, бо вельмі доўга да яе ішлі. І, ведаеце, што я зразумела дзякуючы сваёй дзяўчынцы? Нарадзіць дзіця сэрцам намнога складаней, чым перанесці той боль, які адчуваеш, калі нараджаеш дзіця”.

Наталля САХНО.
Фота з архіва Алены Бароўскай.