Два наваселлі ў адзін дзень

Адразу дзве новыя ўстановы адукацыі з аднолькавым нумарам 11 адкрыліся напярэдадні 1 верасня ў Брэсце — сярэдняя школа і яслі-сад — пачатковая школа.

Новая сярэдняя школа стала самай вялікай на Брэстчыне. Тут бу­дуць атрымліваць веды амаль 2 тысячы дзяцей, з якіх 500 — першакласнікі. На будаўніцтва і аснашчэнне ўстановы, размешчанай у Паўднёва-Заходнім мікрараёне горада, было затрачана каля 34 млн рублёў.

Павіншаваць педагогаў, вучняў і іх бацькоў з наваселлем завіталі Прэм’ер-міністр Беларусі С.М.Румас, старшыня Брэсцкага аблвыканкама А.В.Ліс і іншыя ганаровыя госці.

— З боку дзяржавы ўдзяляецца вялікая ўвага адукацыі, — адзначыў кіраўнік урада. — Штогод у розных рэгіёнах краіны адкрываюцца дзіцячыя сады і школы, дзе ёсць усё неабходнае для таго, каб паспяхова набываць новыя веды, займацца спортам, развіваць здольнасці і таленты, атрымліваць працоўныя навыкі.   

Установа адукацыі, пабудаваная за 2 гады, складаецца з двух блокаў з асобнымі ўваходамі. Адзін — для малодшых школьнікаў, другі — для вучняў 5—11 класаў. Матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы цалкам адпавядае сучасным запытам. У школе каля 100 вучэбных кабінетаў, у тым ліку 3 класы інфарматыкі, 4 лінгафонныя і 11 кабінетаў замежнай мовы (адзін перасовачны), лекцыйныя памяшканні, гульнявыя, трэнажорныя, гімнастычныя і харэаграфічныя залы, вытворчыя май­стэрні… Усе працоўныя месцы педагогаў аснашчаны камп’ютарнай тэхнікай і іншымі тэхнічнымі сродкамі навучання. На тэрыторыі ўстановы размешчаны дзіцячыя развіццёвыя комплексы, 2 міні-футбольныя палі, гульнявыя пляцоўкі для баскетбола, валейбола і бадмінтона, тэнісны корт і ўніверсальная лядовая пляцоўка. Створаны неабходныя ўмовы для навучання дзяцей з АПФР: ліфты, пад’ёмнікі на ўваходах ва ўстанову і актавую залу, асобныя гардэробы, санвузлы са спецабсталяваннем. У школе адкрыты 76 класаў, з якіх 18 першых, 2 спецыяльныя і 8 інтэграваных.

Ганаровыя госці пажадалі дзецям поспехаў у вучобе і перадалі першакласнікам кнігу-падарунак ад прэзідэнта “Беларусь — мая Радзіма”.


Прасторны двухпавярховы будынак ясляў-сада — пачатковай школы, пабудаваны таксама за 2 гады, разлічаны на 471 месца — 150 дашкольнікаў і 321 вучня пачатковых класаў. Узвядзенне аб’екта, разме­шчанага ў Паўднёва-Усходнім мікрараёне горада, абышлося ў 10,8 млн рублёў.

— Аб’яднанне пад адным дахам дзіцячага сада і пачатковай школы цалкам апраўдвае сябе, — адзначыў старшыня Брэсцкага аблвыканкама А.В.Ліс. — Гэта вельмі зручна для дзяцей і іх бацькоў. У новым гарадскім мікрараёне, дзе пабудавана ўстанова, пражывае больш за 10 тысяч чалавек. Гэта патрабуе адпаведнай сацыяльнай інфраструктуры.

Кожнае памяшканне ўстановы дасканала прадумана з функцыянальнага і эстэтычнага боку. Для асаблівых дзяцей створана безбар’ернае асяроддзе. Абсталяваны кабінеты замежнай мовы, музыкі, камп’ютарны клас, сенсорны пакой. Акрамя спартыўнай і харэаграфічнай залаў, ёсць басейн. Рацыянальна выкарыстана прылеглая тэрыторыя. Так, з гульнявым гарадком суседніча­юць пляцоўкі для вывучэння правіл дарожнага руху і гульні ў футбол, бегавыя дарожкі, стадыён са штучным пакрыццём.

Калектыў і выхаванцы ўстановы таксама не засталіся без каштоўных падарункаў ад ганаровых гасцей, у ліку якіх былі кіраўнік Брэстчыны А.В.Ліс, старшыня гарвыканкама А.С.Рагачук, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі і інш. Госці пабывалі на ўроку ў 1 класе, дзе ўручылі вучням кнігу “Беларусь — наша Радзіма”. 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота БелТА.