Два педагогі Ваўкавыскага раёна выйгралі абласны конкурс «Настаўнік года». У чым сакрэт поспеху раённай метадычнай службы

- 13:33Главная, Образование

У тым, што вучэбна­-метадычны кабінет Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці з’яўляецца адным з лепшых у краіне, сумнявацца не даводзіцца. Пра выніковасць яго работы яскрава сведчыць той факт, што ў фінал абласнога этапу конкурсу “Настаўнік года — 2023” выйшлі 4 педагогі, двое з якіх сталі яго пераможцамі. Як удалося дасягнуць такога поспеху і як пабудавана работа раённай метадычнай службы, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказвае загадчык ВМК Ірына Вялесік.

— 16 гадоў я ўзначальваю метадычную службу раёна, а сёлета споўнілася 25 гадоў, як я працую ў РВМК. У Р.Кіплінга ёсць казка, у якой гаворыцца, што птушкі яшчэ ў яйку ведаюць, як прыляцець з поўначы на поўдзень ці як трапіць з Еўропы ў Азію. А калі не ведаеш, куды ляцець, то і няма чаго адрошч­ваць крылы. Гэтыя словы як арыенцір у метадычнай рабоце. І гэты арыенцір — самы важны напрамак — павышэнне ўзроўню прафесійнай кваліфікацыі педагогаў, што напрамую звязана з павышэннем узроўню засваення ведаў навучэнцамі. Будзе педагог валодаць ключавымі прафесійнымі кампетэнцыямі, актуальнымі адукацыйнымі тэхналогіямі і актыўна ўдзельнічаць у пра­цэсе падтрымкі развіцця сістэмы адукацыі, тады і выйдуць з нашых устаноў канкурэнтаздольныя выпускнікі, якія валодаюць пэўнымі асобаснымі і рэсурснымі характарыстыкамі, неабходнымі ў сучасным грамадстве.

Напэўна, яшчэ адзін з асноўных напрамкаў у рабоце — работа з маладымі. Сёння ў школу ідзе маладое папаўненне, якое ведае свой прадмет, тэорыю, а вось метадычны складнік патрабуе ўдасканалення.

— Ірына Мечыславаўна, якія формы метадычнай работы сёння найбольш запатрабаваны настаўнікамі? У якой дапамозе маюць патрэбу педагогі?

— Усім вядома старажытная мудрасць “Скажы мне — і я забуду, пакажы мне — і я запомню, дай мне зрабіць — і я зразумею”. Тэндэнцыя адмаўлення ад традыцыйных форм педагагічнай камунікацыі і выбару дзейсных спосабаў арганізацыі ўзаемадзеяння з педагогамі характэрна не толькі для раённай метадычнай службы, але і для арганізацыі метадычнай работы ва ўстановах адукацыі.

У раёне створана гнуткая і дэмакратычная структура метадычнай службы, якая матывуе развіццё крэатыўных здольнасцей педагогаў, пазнавальна-каштоўнасных інтарэсаў і прафесійнае самаразвіццё асобы. Штогод яна карэкціруецца ў адпаведнасці з дзяржаўнай палітыкай у сферы адукацыі, змяненнямі нарматыўнай базы, індывідуальнымі запытамі педагогаў. Метадычная работа, як ва ўстановах адукацыі, так і на ўзроўні раёна, уяўляе сабой узроўневую сістэму кіравання, якая ўключае ўзровень адміністрацыі, узровень метадычных фарміраванняў, узровень педагога.

Уся работа плануецца па прынцыпе зоны найбліжэйшага развіцця, абгрунтаванай Л.С.Выгоцкім для навучання дзяцей. У нашым выпадку ў ролі зоны найбліжэйшага прафесійнага развіцця выступае той парог ведаў і ўменняў, за якім педагог пачынае адчу­ваць цяжкасці ў сваёй прафесійнай дзейнасці. І, вядома, мы разумеем, што гэтая зона для кожнага педагога індывідуальная. Таму важнае месца ўдзяляем дыягностыцы (анкеты па выніках метадычнай работы абавязкова ўключаюць прадметны складнік) і дыферэнцыраванаму падыходу пры планаванні метадычнай работы. На наш погляд, кожнаму педагогу неабходна траекторыя індывідуальнага развіцця. Абнаўленне сістэмы адукацыі патрабуе пераходу ад прынцыпу “адукацыя на ўсё жыццё” да прынцыпу “адукацыя на працягу ўсяго жыцця”.

— Наколькі вашы настаўнікі лёгкія на пад’ём, ці праяўляюць цікавасць да конкурсаў прафесійнага майстэрства?

— Мяркуйце самі, нашы педагогі пачынаючы з 2008/2009 навучальнага года станавіліся пераможцамі абласнога этапу ў рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Калі конкурс стаў праводзіцца па наміна­цыях, то ў фінал выходзілі не менш як тры педагогі. У 2013/2014 навучальным годзе два педагогі сталі лаўрэатамі конкурсу, а ў 2016/2017 годзе два педагогі — Юлія Касталомава, настаўніца іспанскай мовы гімназіі № 2, і Людміла Заяц, настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1, — сталі суперфіналістамі рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2017”.

Сёння 8 педагогаў раёна маюць кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, прычым 3 — члены адміністрацыі. У кожнага свая аўтарская методыка, кожны з задавальненнем дзеліцца сваім вопытам з калегамі раёна, рэспублікі, блізкага замежжа.

У сакавіку завяршыўся абласны этап рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2023”. Гэта конкурс прафесійнага майстэрства, які дае магчымасць раск­рыць педагагічныя таленты, абагульніць вопыт і трансліра­ваць новыя педагагічныя практыкі. У фінал абласнога этапу конкурсу выйшлі чатыры педагогі з трох устаноў адукацыі раёна: настаўніца замежнай мовы гімназіі № 7 Ксенія Арцюх, настаўніца пачатковых класаў гэтай жа ўстановы Аксана Свістунова, настаўніца геаграфіі гімназіі № 1 Ваўкавыска Таццяна Гарбачэўская і выхавальніца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 11 Ганна Кавалевіч. Ваўкавыскі раён быў прадстаўлены ў чатырох намінацыях з васьмі.

Творчы патэнцыял, эрудыцыю, уменне паводзіць сябе на сцэне, крэатыўны падыход да конкурсных мерапрыемстваў у фінале паказалі ўсе ўдзельнікі.

Работа, якая была праведзена канкурсантамі, групамі падтрымкі ўстаноў адукацыі, вучэбна-метадычным кабінетам, дала выдатныя вынікі. Два педагогі раёна сталі пераможцамі ў сваіх намінацыях, і абодва педагогі з сярэдняй школы № 7.

— Ірына Мечыславаўна, як наладжана метадычная работа з маладымі спецыялістамі? З вопытнымі педагогамі? А як павышаюць сваё майстэрства настаўнікі-метадысты?

— З мэтай аказання дапамогі маладым спецыялістам у прафесійным станаўленні ў раёне створаны шэраг умоў: дзейнічае двухгадовая школа маладога педагога, у рамках якой для маладых спецыялістаў праводзяцца вучэбныя семінары, трэнінгі, майстар-класы, фестываль маладых педагогаў “Педагагічны дэбют”, якому папярэднічае тыдзень маладога педагога. Традыцыйна ў кастрычніку метадыстамі кабінета праводзіцца тыдзень індывідуальных кансультацый для маладых спецыялістаў, у снежні — метадычны тыдзень “Дапамога метадыстаў — маладым спецыялістам”, у красавіку — метадычная тыдзень “Вопытныя педагогі — маладому настаўніку”, у кожнай установе адукацыі існуе сістэма настаўніцтва. Дакладна спланаваная работа па метадычным суправаджэнні маладых спецыялістаў дазволіла дасягнуць выніковага ўдзелу маладых педагогаў у конкурсах. Педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 2 Вераніка Курэцкая (у цяперашні час метадыст нашага ВМК), Міхаіл Аганоўскі, настаўнік фізікі і інфарматыкі сярэдняй школы № 4, сталі ўладальнікамі штогадовай прэміі грамадскіх арганізацый “Паспяховы старт” маладым педагогам сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці. Настаўніца іспанскай мовы кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” гімназіі № 2 Юлія Касталомава стала пераможцай абласнога конкурсу грамадскіх арганізацый “Лідар настаўніцтва”. Восем педагогаў занесены ў віртуальную кнігу пашаны маладых педагогаў Гродзенскай вобласці.

Для вопытных педагогаў створаны школы, лабараторыі, праблемныя і творчыя групы. Уключаем вопытных настаўнікаў у склад камісій па тэматычным вывучэнні вучэбных прадметаў.

Настаўнікі-метадысты з’яўляюцца членамі рэспубліканскай асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў “Імкненне”, членамі клуба “Крыштальны журавель”, членамі рэспубліканскіх творчых груп па вучэбных прадметах, членамі абласной супольнасці настаўнікаў-метадыстаў Гро­дзенскай вобласці “Дыямент-Студыя”. Гродзенскі ІРА арганізуе і павышэнне кваліфікацыі для настаўнікаў-метадыстаў.

— Рэалізацыя інавацыйных праектаў садзейнічае павышэнню прафесійнага ўзроўню педагогаў. Над якімі праектамі працуюць педагагічныя калектывы раёна?

— Безумоўна, удзел педагогаў у інавацыйнай дзейнасці спрыяе павышэнню прафесійнага ўзроўню. З мэтай удасканалення навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці ўстаноў адукацыі, апрабацыі і ўкаранення вынікаў навуковых даследаванняў у масавую адукацыйную практыку ў 20 установах адукацыі рэалізуецца 21 эксперыментальны і інавацыйны праект. Так, апрабацыя эксперыментальных інтэграваных вучэбных планаў і праграм ва ўмовах абноўленага зместу дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання праходзіць у гімназіі № 2. Інавацыйны праект “Укараненне методыкі фарміравання асноў эканамічнай культуры ў дзяцей дашкольнага ўзросту” рэалізоўваецца на базе дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 11. Выніковасць рэалізацыі інавацыйных праектаў рэспубліканскага ўзроўню складае 100%.

Метадычнае суправаджэнне плануецца і ў гэтым кірунку. Створана творчая група “Ад ідэі — да выніку”, кансультацыйны пункт для адміністрацыі і педагогаў, якія ўдзельнічаюць у інавацыйнай дзейнасці. Наладжана цеснае ўзаемадзеянне з Гродзенскім абласным ІРА, у межах якога мы атрымліваем кансультацыйную дапамогу, актыўна ўдзельнічаем ва ўсіх адукацыйных мерапрыемствах міжкурсавога перыяду і вучэбных курсах як на базе інстытута, так і па заяўцы раёна на базе ўстаноў адукацыі.

З мэтай павышэння кампетэнтнасці педагогаў па пытаннях адукацыйнага працэсу арга­нізавана работа 4 абласных рэсурсных цэнтраў (дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 7, гімназія № 1, гімназія № 2, Ваўкавыскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі) і 22 раённых (практыкумы, пасяджэнні творчых груп арганізуюцца на базе рэсурсных цэнтраў).

— На ваш погляд, як павы­сіць эфектыўнасць работы метадычнай службы ў раёне? Якія перспектывы яе развіцця?

— Калі штогод, падводзячы вынікі работы, мы будзем адказваць на тры асноўныя пытанні: “Дзе мы знаходзімся ў цяперашні час?”, “Куды мы хочам рухацца?”, “Як мы збіраемся гэта зрабіць?”, яе эфектыўнасць будзе забяспечана. У прынцыпе ў нашым вучэбна-метадычным кабінеце так і плануецца метадычная работа.

У перспектыве плануем будаваць сваю работу так, каб кожны педагог змог праходзіць усе стадыі “сама”: самаўсведамленне — самавызначэнне — самавыяўленне — самасцвярджэнне — самарэалізацыя — самарэгуляцыя.

Асвоіўшы ўсе стадыі, педагог зможа якасна выконваць функцыі самааналізу, самамэтавызначэння, самапланавання, самаарганізацыі, самакантролю, самакарэкцыі. Гэта будзе са­дзейнічаць паспяховай сацыялізацыі педагога як асобы ў сучасным грамадстве і фарміраванню матывацыйных патрэб для працягвання адукацыі праз усё жыццё. Калі педагог будзе вывучаць, шукаць, думаць, супрацоўнічаць, прымацца за справу, адаптавацца, тады і фарміраванне пазнавальнай самастойнасці навучэнцаў падымецца на новы ўзровень, а значыць, і якасць адукацыі.

Таму мы адрошчваем крылы, бо ведаем, куды ляцець!

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара