Два “серабра” і дзве “бронзы” ІОІ-2019

- 10:37Якасць адукацыі

З ХХХІ Міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы (International Olympiad in Informatics, IOI-2019), якая сёлета з 4 па 11 жніўня праходзіла ў Баку (Азербайджан), усе беларускія школьнікі вярнуліся з узнагародамі. Сярэбраныя медалі заваявалі Яраслаў Барысаў, дзесяцікласнік гімназіі № 8 Віцебска (настаўніца Вераніка Паўлаўна Лакціна), Сяргей Процкі, дзесяцікласнік Ліцэя БДУ (настаўнікі Міхаіл Сямёнавіч Далінскі і Анжаліка Іванаўна Лапо). Бронзавых узнагарод удастоены Аляксей Філіновіч, выпускнік сярэдняй школы № 2 Лунінца Брэсцкай вобласці (настаўнік Іван Альфрэдавіч Трагубаў), і Кірыл Шырма, выпускнік гімназіі № 1 Брэста  (настаўніца Ірына Юр’еўна Гарбацэвіч).

Кіраўнікамі нашай каманды з’яў­ляюцца старшы выкладчык кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі БДУ Аляксандр Андрэевіч Буслаўскі і старшы выкладчык кафедры вылічальнай матэматыкі БДУ Аляксей Аляксандравіч Толсцікаў.

Міжнародная алімпіяда па інфарматыцы — адно з найбольш прэстыжных інтэлектуальных спаборніцтваў навучэнцаў па праграмаванні — праводзіцца з 1989 года. Упершыню прайшла ў Балгарыі (г.Правец). Сёлета ў ёй прынялі ўдзел 327 школьнікаў з 87 краін свету. Традыцыйна алімпіяда складалася з пробнага тура, дзе навучэнцы спрабавалі працаваць у сістэме і рашаць пэўныя задачы, і двух уласна спаборніцкіх пяцігадзінных тураў, на працягу якіх кожнаму ўдзельніку неабходна было рашыць па тры задачы і напісаць праграму па зададзеных арганізатарамі ўмовах з выкарыстаннем некалькіх моў праграмавання. Кожная задача падзялялася па групах тэстаў на розныя ўзроў­ні, і за выкананне пэўнай групы тэстаў налічваліся балы.  Выніковая сума балаў і вызначала становішча ўдзель­ніка ў турнірнай табліцы. Усяго можна было набраць 600 балаў.

Асаблівасцю сёлетняй алімпіяды было тое, што арганізатары адмовіліся ад мовы праграмавання Pascal, удзель­нікі алімпіяды выкарыстоўвалі мовы праграмавання С++, Java. Дарэчы, і апошняй з іх карысталася вельмі мала навучэнцаў, таму пакуль застаецца адкрытым пытанне па вызначэнні яшчэ адной мовы праграмавання для выкарыстання на гэтых міжнародных спаборніцтвах. Па словах кіраўніка каманды А.А.Буслаўскага, каб ісці ў нагу з часам, у найбліжэйшыя гады на трэцім і заключным этапах нацыянальнай алімпіяды плануецца таксама адмовіцца ад мовы праграмавання Pascal.

Яшчэ адна адметнасць алімпіяды — яе празрыстасць і адкрытасць: усе ўдзель­нікі знаходзяцца ў аднолькавых умовах (пранесці на алімпіяду можна было толькі ўласныя мышку і клавіятуру, якія, дарэчы, правяраліся на наяўнасць у іх убудаваных носьбітаў даных), вынікі правяраюцца аўтаматызаванай сістэмай, кожны з удзельнікаў па ходзе спаборніцтваў адразу бачыць сваё становішча ў выніковай табліцы. Гэта, з аднаго боку, дае магчымасць кантраляваць працэс рашэння задач, з другога — аказвае моцнае псіхалагічнае ўздзеян­не.

Самы лепшы вынік прадэманстравалі расійскія школьнікі, заваяваўшы чатыры залатыя медалі, 2-е і 3-е месцы занялі каманды ЗША і Кітая.

— Узровень прапанаваных школьнікам задач сапраўды вельмі высокі: ні адзін з удзельнікаў алімпіяды не набраў максімальны бал. Найлепшы вынік, як, дарэчы, і летась, прадэман­страваў прадстаўнік ЗША Бенджамін Кі, набраўшы 547,09 бала, — адзначае А.А.Буслаўскі. — Сёлета былі прапанаваны задачы і на адкрытыя тэсты, і на бібліятэку, чаго не было ў мінулым го­дзе. Менш было прадстаўлена задач на структуру даных. Прадбачыць, якія раз­дзелы будуць прапанаваны на алімпія­дзе, вельмі складана, а таму навучэнцам даводзіцца рыхтавацца па ўсіх напрамках.

Па выніках алімпіяды 28 школьнікаў узнагароджаны залатымі, 54 — сярэбранымі і 81 — бронзавымі медалямі. Лепшым сярод беларусаў сёлета стаў віцяблянін Яраслаў Барысаў, які набраў 373,59 бала. Заваяваны медаль стаў другім для хлопца ў гэтым годзе. У студзені ў Казахстане ён стаў уладальнікам бронзавага медаля ХV Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды па інфарматыцы.

Па словах мамы Яраслава, Хрысціны Віктараўны, якая вельмі задаволена вынікам і з вялікім хваляваннем сачыла за выступленнем сына анлайн, хлопчык рос спакойным, уседлівым, з 2-х гадоў гадзінамі праседжваў за збіраннем пазлаў. З 4 класа пачаў наведваць аўтарскі факультатыў Веранікі Паўлаўны Лакціной. З задавальненнем хадзіў на заняткі і ў выхадныя, гаворачы, што на іх проста адпачывае. Так настаўніцы ўдалося захапіць хлопца.

Як расказала В.П.Лакціна, сціплы, нават сарамлівы хлопчык шмат займаўся, удзельнічаў ва ўсемагчымых вочных і завочных конкурсах, алімпіядах, спаборніцтвах па інфарматыцы. Паступова набіраўся вопыту і ведаў, паверыў у свае сілы і вырас у пераможца міжнароднага ўзроўню.

Старанная напружаная праца як у сваіх установах адукацыі, так і на падрыхтоўчых зборах (да міжнароднай алімпіяды нашы навучэнцы рыхтаваліся з камандай выкладчыкаў пад кіраўніцтвам А.А.Толсцікава, у склад якой увайшлі былыя міжнародныя алімпіяднікі) прывяла нашых навучэнцаў да пераможных медалёў. Вялікае значэнне даў і вопыт удзелу ў шматлікіх міжнародных спаборніцтвах, дзе хлопцы таксама выходзілі пераможцамі. Напрыклад, Аляксей Філіновіч стаў сёлета пераможцам адкрытай алімпіяды школьнікаў па праграмаванні ў Маскве, Усерасійскай каманднай алімпіяды школьнікаў па інфарматыцы і праграмаванні ў Санкт-Пецярбургу і інш.

Па словах удзельнікаў і кіраўнікоў каманды, арганізатары спаборніцтваў стварылі цудоўныя ўмовы не толькі для работы, але і для  адпачынку і вольнага часу. У рамках культурнай праграмы былі арганізаваны экскурсіі па Баку, у Габустан, Янардаг, Дом-музей братоў Нобеляў і інш. Новыя знаёмствы і яркія ўражанні застануцца ў памяці надоўга.

ХХХІІ Міжнародная алімпіяда па інфарматыцы ў наступным годзе пройдзе з 19 па 26 ліпеня ў Сінгапуры.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.