Два “серабра”

Юлія Еўчык стала ўладальніцай 2 сярэбраных медалёў на спаборніцтвах па мастацкай гімнастыцы ў рамках ХХХ Сусветнай летняй універсіяды ў Неапалі.

20.370 — такую ацэнку Юлія атрымала ў фінале ў практыкаваннях з абручом. Уладальніцай “золата” ў гэтай дысцыпліне стала гімнастка з Расіі Кацярына Селязнёва — 21.200. Бронзавы медаль заваявала спартсменка з Украіны Ева Меляшчук — 20.150.

Удача ўсміхнулася беларусцы і ў практыкаваннях з мячом: вынік — 19.150 і выніковае “сярэбранае” месца. У лідарах усё тая ж расіянка Кацярына Селязнёва — 21.550. Бронзавы медаль павязе ў Эстонію Вікторыя Багданава — 18.850.

“Я вельмі старалася ўзяць медаль для сваёй краіны, — адзначыла адразу пасля выступлення студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. — А тут 2 медалі… У практыкаваннях з абручом спрабавала настроіцца і паказаць лепшае выступленне. Не думала ні пра што, і гэта дапамагло мне пазбегнуць памылак.

На практыкаванні з мячом выходзіла ўжо больш упэўнена. Але гэта якраз было небяспечна, разумела, што мне варта забыць пра поспех у абручы. Усё пачынаецца нанава! Зала вельмі падтрымлівала мяне, і я злавіла гэты настрой”.

“Мы стараліся, проста вельмі стараліся, і ў нас атрымалася, — пракаменціравала трэнер гімнасткі Вольга Аляксандраўна Страхава. — Увесь наш трэнерскі штаб падтрымаў Юлію. Універсіяда вельмі высокага ўзроўню, спартсменкі ўсе моцныя. Я рада, што Юля змагла паказаць сябе ў гэтых двух відах”.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Марыі КОЖДАН.