Да партнёраў Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа афіцыйна далучылася Смаленская акадэмія прафесійнай адукацыі, паведаміў карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» дырэктар ВДТК Аляксандр Ласякін.
Па словах А. Ласякіна, заключанае пагадненне прадугледжвае правядзенне сумесных адукацыйных, пазнавальных і навукова-даследчых мерапрыемстваў у вочнай і дыстанцыйнай форме, рэалізацыю даследчых і творчых праектаў, а таксама ўзаемнае аказанне кансультатыўнай і метадычнай дапамогі, абмен вопытам, удзел навучэнцаў і педагогаў у канферэнцыях, алімпіядах і конкурсах прафесійнага майстэрства.
Аналагічны дагавор падпісалі кіраўнікі Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа і Пскоўскага кааператыўнага тэхнікума.
— Акрамя таго, нашымі гасцямі сталі прадстаўнікі Велікалуцкага механіка-тэхналагічнага каледжа, пагадненне з якім мы заключылі ў мінулым годзе, — праінфармаваў дырэктар ВДІК Руслан Вінакураў. — Вялікую цікавасць у расіян выклікалі нашы інавацыйныя праекты, арганізацыя работы цэнтра кампетэнцый у сферы грамадскага харчавання, прафарыентацыйнай і пазабюджэтнай дзейнасці, падтрымка маладзёжных ініцыятыў. І, несумненна, практыка-арыентаванае навучанне, якое стала пазнавальным брэндам каледжа. Імідж установы ў першую чаргу фарміруе моладзь. Набытыя тэарэтычныя веды нашы навучэнцы з захапленнем паглыбляюць на практыцы, у тым ліку працуючы на нашых фірменных навучальных аб’ектах, у магазіне «Дамавік» і сетцы «Кафэ № 16».
У ходзе візіту ў Беларусь дэлегацыі ўстаноў прафесійнай адукацыі з Расіі азнаёміліся з работай цэнтраў кампетэнцый, матэрыяльнай базай і падрыхтоўкай кадраў на ўзроўнях прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў паўночным рэгіёне, прынялі ўдзел у семінарах, майстар-класах і круглых сталах, абмеркавалі шырокі спектр пытанняў двухбаковых адносін і перспектывы ўзаемадзеяння.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным вучэбна-метадычным
цэнтрам прафесійнай адукацыі