Дваццаць маршрутаў

- 11:19Культура, Рознае

У гэтыя выхадныя адзначаецца Дзень горада Мінска. Мінчан і гасцей сталіцы чакае багатая праграма святочных мерапрыемстваў. Ім будзе куды пайсці і што паглядзець у горадзе, які па буднях жыве ў імклівым рытме сучаснага еўрапейскага мегаполіса, а ў дні свят ператвараецца ў агромністы кірмаш канцэртаў, прэзентацый, выстаў, тэатральных паказаў, спартыўных акцый і рознага іншага кшталту шоу. Асабліва “завесці” публіку ў гэтым годзе абяцаюць такія дзеі, як фестываль “Мінск гістарычны” і ІІ фестываль мастацтваў беларусаў свету, Кубак Мінска па сілавым экстрыме і біятлонны фестываль Дар’і Домрачавай, маладзёжнае свята “У рытме сталіцы” і міжнародны форум вулічных тэатраў, вялікая канцэртная праграма “Мелодыі нашага горада” і вячэрні салют. Арганізатары называюць прыблізную лічбу — 70 святочных мерапрыемстваў, але, несумненна, на самай справе ў горадзе з двухмільённым насельніцтвам і плошчай у 322 квадратныя кіламетры іх будзе значна больш — вялікіх і не вельмі, разлічаных на шырокую публіку і арыентаваных на пэўныя вузкія колы людзей, чыста забаўляльных і не пазбаўленых інтэлектуальнага ці эстэтычнага складніка.

Але, мабыць, знойдуцца гэтымі днямі сярод жыхароў і гасцей Мінска і тыя, для каго Дзень горада стане добрай нагодай для таго, каб спазнаць сам горад, пазнаёміцца бліжэй з яго найбольш цікавымі мясцінамі, паблукаць па яго вуліцах, вулках і завулках з шырока расплюшчанымі вачыма і ўбачыць твар сталіцы — з суровымі адмецінамі-маршчынамі мінулага і добразычлівай усмешкай сучаснасці. А, магчыма, і гэта будзе, напэўна, самы радыкальны варыянт, Дзень горада падштурхне каго-небудзь, наадварот, уцячы ад святочнай мітусні і шуму за межы сталіцы — хай нават у найбліжэйшыя ваколіцы, якія таксама хаваюць у сабе мноства таямніц, прыроднай прыгажосці і турыстычных іскрынак. Надоечы ў сталічным Доме прэсы адбылася прэс-прэзентацыя самага поўнага пуцяводніка па Мінску і яго ваколіцах, які нядаўна пабачыў свет у выдавецтве “Беларусь”.
Адзін з аўтараў кнігі “Мінск і ваколіцы” старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Мікола Чырскі (другім аўтарам з’яўляецца яго сын Яўген Чырскі) пачаў гутарку з журналістамі з таго, што ўзгадаў, як яшчэ ў далёкія савецкія часы (экскурсаводам ён працуе з 1971 года і да гэтага часу праводзіць экс-курсіі) падчас службовых камандзіровак у Ленінград ён з зайздрасцю глядзеў на расійскія пуцяводнікі кшталту “Ленінград і прыгарады”. “У нас жа падобных кніг не было, — адзначыў Мікола Арсенцьевіч. — Хаця турысты, для якіх я праводзіў экскурсіі, бясконца пыталіся, пабываўшы ў тых ці іншых мясцінах: “А дзе пра ўсё гэта можна пачытаць?” Запомніць жа ўсё, што расказвае экскурсавод, практычна немагчыма. А чалавеку, прыехаўшы дадому, сапраўды, вельмі хочацца пачытаць пра тое, што ён бачыў. Так паступова і ўзнікла задума напісаць такую кнігу. У 2007 годзе выйшла першае выданне, цяпер вось — значна дапоўненае другое. Фактычна, перад намі стаяла задача апі-саць маршруты, дзе найчасцей бываюць турысты”.

Пуцяводнік складаецца з дзвюх частак — “Мінск” і “Мінскія ваколіцы”. Прадстаўляючы першую з іх, якая змяшчае апісанне дзесяці маршрутаў па сталіцы, Мікола Чырскі заўважыў, што гэта пераважна класічныя экскурсіі, якія экскурсаводы праводзяць кожны дзень. Так, тут можна пазнаёміцца з такімі маршрутамі, як “Верхні горад”, “Ніжні горад”, “Востраў мужнасці і смутку”, “Траецкае прадмесце”, “Парк імя Янкі Купалы” і інш. Але ў новым выданні пуцяводніка апісваюцца і многія знакавыя аб’екты, якія ў першым выданні па аб’ектыўных ці суб’ектыўных прычынах не згадваліся. Гэта, у прыватнасці, Храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых у нашай Айчыне на перасячэнні вуліц Каліноўскага і Усясвяцкай, мемарыял Першай сусветнай вайны на Старажоўцы, парк-музей валуноў ва Уруччы і інш. Прэзентуючы маршрут “Парк-музей валуноў”, Мікола Чырскі падкрэсліў, што гэты аб’ект унікальны, такіх музеяў пад адкрытым небам больш няма ні ў адной з еўрапейскіх сталіц. На плошчы ў сем з паловай гектараў там сабрана 2135 камянёў, звезеных з самых розных куточкаў Беларусі, і гэта, насамрэч, трэба бачыць, як магічна ўздзейнічаюць валуны на турыстаў, якія пачынаюць іх гладзіць, абдымаць, фатаграфаваць і нават прыносіць да іх на наступны пасля экскурсіі дзень свае ахвяраванні быццам у часы язычніцтва.
“Что я сижу в дому? Что изучуся? Лучше в странствии умом обогачуся” — гэтымі словамі пачынаецца другі раздзел “Мінскія ваколіцы”, які таксама складаецца з дзесяці маршрутаў.
Так, маршрут “Гарадзішча на Менцы” дазволіць турысту пазнаёміцца з аднайменным археалагічным помнікам
ІХ—ХІ стагоддзяў, да якога прывядзе старая Койданаўская дарога. Побач з Гарадзішчам на Менцы знаходзіцца Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, гісторыя і экспазіцыя якога таксама падрабязна апісваюцца ў пуцяводніку.
Маршрут “Ажываюць сівыя стагоддзі” праходзіць па Старавіленскім шляху праз вёскі Тарасава і Ратамка. Два галоўныя турыстычныя аб’екты на гэтым маршруце — горад Заслаўе з мноствам сваіх архітэктурных помнікаў і музейна-выставачным комплексам і гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”, адкрыты 30 чэрвеня 2005 года.
Маршрут “Гісторыка-культурная спадчына мястэчак Ракава і Івянца” — гэта цікавыя сваёй гісторыяй архітэктурныя комплексы гэтых населеных пунктаў, іх адметныя музеі, дамы рамёстваў, аповед пра такіх неадназначных асоб беларускай гісторыі, як кантрабандыст і пісьменнік Сяргей Пясецкі, тэрарыст, як ён сам называў сябе, Барыс Савінкаў і інш.

Сваіх заўзятараў, безумоўна, знойдзе і маршрут “О, спорт! Ты мір!”, які спачатку прывядзе турыста ў знакаміты Рэспубліканскі спартыўны комплекс алімпійскай падрыхтоўкі “Раўбічы” з яго жывапіснай панарамай, а потым да аб’ектаў пабудовы найноўшага часу — спартыўна-аздараўленчага комплексу “Лагойск” і Рэспубліканскага гарналыжнага цэнтра “Сілічы”. Ну, а знаходзячыся так недалёка ад Лагойска, наўрад ці хто з падарожнікаў устрымаецца ад магчымасці наведаць гэты старажытны горад, гісторыя якога звязана найперш з імёнамі выдатных дзеячаў нацыянальнай культуры братоў Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў. Дзякуючы ім, у 1855 годзе быў створаны адзін з найбуйнейшых у Еўропе Віленскі музей старажытнасцей. Дамінанты культавай архітэктуры Лагойска — вельмі арыгінальныя Свята-Нікольская царква і касцёл Святога Казіміра. Ёсць тут і знакамітая на ўсю Міншчыну жыватворная крыніца. Вось толькі вельмі шкада, што колішні шыкоўны лагойскі парк сёння знаходзіцца фактычна ў запусценні. “Мы неяк вельмі несправядліва не раскруцілі турыстычны брэнд пад назвай “Лагойск”, напрыклад, як гэта зрабілі ў выпадку з Заслаўем”, — заўважыў на прэс-прэзентацыі Мікола Чырскі.
Маршрут “Памяць зямлі беларускай” — гэта найперш мемарыяльны комплекс “Хатынь”, манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне і Курган Славы Савецкай Арміі.
Знаёміць пуцяводнік і з двума літаратурнымі маршрутамі па ваколіцах Мінска — “Зямлёй Купалы” (Вязынка, Радашковічы, Карпілаўка, Акопы, Харужанцы) і “Зямлёй Коласа” (Акінчыцы, Альбуць, Ласток, Мікалаеўшчына, Смольня, Бярвенец).
Нарэшце, у асобны падраздзел “У вянок старадаўніх беларускіх сядзіб” уключаны тры наступныя маршруты — “Смілавіцкая мазаіка”, “Падарожжа ў Дудуткі” і “Сядзібы Чапскіх на Міншчыне”. Аўтары пуцяводніка падкрэсліваюць, што ў культурна-гістарычнай спадчыне Беларусі старадаўнія сядзібы займаюць асаблівае месца, увабраўшы ў сваю архітэктуру практычна ўсе еўрапейскія стылявыя хвалі. Чытача і, адпаведна, турыста чакае займальны аповед пра сям’ю Манюшкаў і іх родавыя сядзібы ў Смілавічах і Убелі (першая захавалася, другая — не), ураджэнца Смілавіч мастака-экспрэсіяніста Хаіма Суціна, выдатных дзеячаў з дынастыі Чапскіх і іх сядзібы ў Прылуках і Станькаве. Арыгінальна расказваецца і пра музей старадаўніх народных промыслаў і тэхналогій у Дудутках, зону адпачынку “Стайкі”, колішні дом творчасці ў Каралішчавічах і пісьменнікаў, якія там працавалі.
Наогул, пуцяводнік напісаны жывой, месцамі нават эмацыянальнай мовай, а выдатнае паліграфічнае выкананне, зручны для турыста кампактны фармат і дыхтоўнае аздабленне жывапіснымі фота Анатоля Клешчука робіць даведнік “Мінск і ваколіцы” знаходкай, якую да апошняга часу трэба было яшчэ пашукаць… і ўсё адно не знайсці. А яшчэ вельмі істотна тое, што адзін з яго аўтараў — экскурсавод-практык, які 45 гадоў жыцця аддаў улюбёнай справе, удоўж і ўпоперак выхадзіў “свае” маршруты і цяпер з радасцю дзеліцца з намі ўласным вопытам. Цудоўны падарунак мінчанам і гасцям сталіцы да Дня горада!

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.