Расказаць пра сённяшняга героя я збіралася даўно. Па-першае, гэтага неардынарнага, шматграннага чалавека ведаюць не толькі многія мінчане, але і далёка за межамі сталіцы. А па-другое, ён, як ніхто іншы, выкарыстоўвае музей у якасці адукацыйнай прасторы, дзе вучыць беларускіх школьнікаў разумець і любіць мастацтва, робячы яго цікавым і захапляючым. Думаю, што і большасць з вас чула яго імя — Мікіта МОНІЧ, мастацтвазнавец, усходазнавец, экскурсавод, радыёвядучы і выдатны прафесіянал, адданы сваёй справе.
— Мікіта, я не раз чула ад вас, што вы “служыце экскурсаводам”. Як вы пачалі такое служэнне?
— Нарадзіўся я ў 1989 годзе ў Мінску. Вучыўся ў гімназіі № 74 з паглыбленым вывучэннем французскай мовы, пасля — у філіяле Універсітэта Мантэск’ё Бардо ІV на юрыста, але кінуў, бо стала нецікава. Паступіў у БДУ на факультэт міжнародных адносін на спецыяльнасць “Лінгвакраіназнаўства”, таму фармальна з’яўляюся кітаязнаўцам, усходазнаўцам, міжнароднікам і перакладчыкам. Аднак замест дыпламатычнай кар’еры выбраў работу ў Нацыянальным мастацкім музеі, куды трапіў па размеркаванні ў 2012 годзе. Там працую і сёння. Адвучыўся ў магістратуры гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і ў аспірантуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Зараз праводжу экскурсіі дзецям у межах курса “Дзеці ў музеі”, а таксама дарослым, у тым ліку і замежным турыстам, бо валодаю іспанскай, французскай, англійскай і кітайскай мовамі.
“Лічу сябе стэндаперам, бо ўсе сур’ёзныя мастацкія і не толькі тэмы падаю праз жарты, якія дапамагаюць выходзіць на больш значныя рэчы”.
Калі ты працуеш у музеі, чытаеш лекцыі, водзіш людзей па залах, вывучаеш стосы літаратуры, то міжволі становішся пасрэднікам паміж мастацтвам і публікай. Гэта і ёсць служэнне ідэі і свайму прызванню.
— А ў якім узросце пачалося ваша захапленне мастацтвам?
— Па-першае, у школе мне пашчасціла з настаўніцай па сусветнай мастацкай культуры — Таццянай Алегаўнай Шылавай. Варта адзначыць, што яна не мела педагагічнай адукацыі, але настолькі добра выкладала прадмет, што я і сёння памятаю некаторыя тэмы. Гэта было цікава, хоць я на той час не быў аматарам музеяў, а больш цікавіўся камп’ютарнымі гульнямі. Яшчэ Таццяна Алегаўна вяла тэатральную студыю ў нашай гімназіі. Другім крокам да мастацтва стала запрашэнне паўдзельнічаць у тэатральным калектыве. І гэта настолькі мяне захапіла, што, нягледзячы на вялізную нагрузку ў час навучання ва ўніверсітэце, я заснаваў “Босы студэнцкі тэатр” і, шчыра кажучы, праводзіў у ім больш часу, чым за вывучэннем кітайскай мовы.
Па-трэцяе, у межах нашай тэатральнай дзейнасці мы з сябрамі пазнаёміліся з супрацоўнікамі Нацыянальнага мастацкага музея, якім патрэбна была дапамога ў правядзенні “Ночы музея”. І з 2008 года, калі я быў на другім крусе, мы штогод аказвалі такую дапамогу. У гэты ж час я сустрэўся з ужо, на жаль, былой супрацоўніцай нашага музея Аленай Уладзіміраўнай Сянкевіч — неверагодным, вельмі разумным і іранічным чалавекам з рознабаковай адукацыяй і адзіным, на мой погляд, спецыялістам у нашай краіне па мастацтве Усходу. Яна стала для мяне майстрам, гуру і настаўнікам, да якога я мэтанакіравана ішоў спачатку на практыку, а пасля і на работу. Менавіта яна адкрыла мне цудоўны свет мастацтва, пра які, як аказалася, я вельмі мала ведаў. Пры гэтым Алена Уладзіміраўна не класічны настаўнік, але неверагодны педагог у гуманітарным і светаўспрымальным сэнсе. Яна стала для мяне як Арыстоцель для Аляксандра Вялікага.
— Мікіта, а калі, як і ў каго ўзнікла ідэя стварыць адукацыйны праект “Дзеці ў музеі”?
— Як заўсёды, усё атрымалася выпадкова. Вясной 2018 года я праводзіў экскурсіі ў Нацыянальным гістарычным музеі па выставе Сальвадора Далі. Там быў пастаўлены асабісты рэкорд, бо на адной экскурсіі пабывала каля 150 чалавек. Было неверагоднае адчуванне, калі я ўбачыў такую колькасць людзей, якія прыйшлі паслухаць менавіта мяне. Людзі стаялі вялізным натоўпам і многія нават не бачылі тое, пра што я расказваў, бо гэта былі маленькія графічныя творы. Я дзве гадзіны стараўся як мага цікавей расказаць пра Дантэ і Далі, бо ў экспазіцыі былі прадстаўлены ілюстрацыі Далі да “Боскай камедыі” Дантэ Аліг’еры.
Аднойчы пасля такой экскурсіі да мяне падышла жанчына і запыталася, ці праводжу я такія экскурсіі для дзяцей, і прапанавала прыдумаць курс пра мастацтва для падрастаючага пакалення. Так я пазнаёміўся з Інгай Амелавай — матуляй, якая і стала ініцыятарам нашага праекта “Дзеці ў музеі”. Гэта штомесячны курс з дзевяці лекцый, які доўжыцца з верасня па май і прадугледжвае сяміразовае наведванне Нацыянальнага мастацкага музея, а таксама Дома Ваньковічаў і “Восеньскага салона”. Пасля адбыўся цуд: мы закінулі інфармацыю ў Facebook пра камерцыйны праект і набралі 8 груп (130 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 9 да 15 гадоў). Па праўдзе кажучы, для мяне гэта стала выклікам, чэленджам, як зламаць стэрэатыпы пра музейныя экскурсіі. І, здаецца, нядрэнна атрымалася.
“Наш курс “Дзеці ў музеі” — гэта значна больш, чым проста навучанне спажываць і карыстацца мастацтвам”.
— Якія тэмы разглядаеце на працягу навучальнага года ў час гэтых дзевяці сустрэч?
— Курс складаецца з трох блокаў: “Восень”, “Зіма” і “Вясна”. Спачатку мы знаёмімся з мовамі мастацтва — якім чынам выяўленчае мастацтва звяртаецца да нас. Праўда, усё гэта ўмоўна, бо, па-першае, я адштурхоўваюся ад таго, што ёсць, а па-другое, ад таго, што я паспею ўкласці ў пэўны тэрмін. Канечне, куды больш прадукцыйна было б правесці 50 заняткаў, а не 9. Таму спачатку — мова памеру, колеру, дзеянняў у мастацкім творы, экспрэсіі самога аўтара і яго пэўнай страсці. Пасля — камунікатыўныя механізмы сучаснага мастацтва, дзеля чаго мы ідзём на “Восеньскі салон” і размаўляем там пра тое, як, чаму, навошта і што яно можа даць.
Затым мы разглядаем матэрыялы мастацтва. Натуральна, мастакі стагоддзямі і тысячагоддзямі звярталіся і будуць звяртацца да розных матэрыялаў, але мы ходзім па мастацкім музеі і не бачым скульптуру з чыпсаў або жывапісны твор з шакаладнай пасты. А ўсё таму, што гэтыя матэрыялы не адпавядаюць пэўным характарыстыкам і ідэям. Пасля ідзе іканаграфічны блок, у час якога мы размаўляем пра тое, каго малююць: чалавечыя і антрапаморфныя істоты (багі, паўбагі), гістарычныя асобы. І праз усё гэта зноў-такі падыходзім да ідэі выяўленчых моў, сімволікі, філасофскага падмурка той ці іншай эпохі. Не абыходзім увагай ікону. Я тлумачу, як яна ствараецца і чаму менавіта на дрэве, а заадно тлумачу, чым адрозніваецца функцыя іконы ў храме і ў музеі. У выніку становіцца зразумела, чаму ў храме ўсё новенькае і ёсць паняцце панаўлення, а ёсць музейная ці навуковая рэстаўрацыя. Гэта выводзіць на больш важныя ідэі навукі, яе метадалогіі і духоўныя практыкі.
Узяць, напрыклад, выдатнае велізарнае палатно вызвалення сталіцы мастака Валянціна Волкава “Мінск 3 ліпеня 1944 года”, з якім мы знаёмімся на першых занятках. Гэтая карціна дае магчымасць паразмаўляць пра мову памеру і пра тое, што яе могуць бачыць адначасова сотні людзей. А побач вісіць маленечкае палатно, якое і 10 чалавек не змогуць разгледзець разам. Дарэчы, на маё пытанне, дзе магла б вісець карціна Волкава памерам 5 на 3 метры, дзеці не могуць адказаць. Крок за крокам мы выходзім да думкі, што карціна была створана для Дома ўрада. Адначасова прыходзіцца тлумачыць, дзе знаходзіцца гэты будынак, што такое ўрад і парламент.
Зімой мы разглядаем супергерояў і міфічных звяроў разам з сімволікай. У лютым ідзём у Дом Ваньковічаў, каб паразмаўляць пра тое, што мастацтва створана не толькі для музеяў, а для жыццёвых прастор, што ім напаўнялі інтэр’еры і дамы. А ў вясновым блоку гаворым пра жанры: эвалюцыю партрэта (класічны, рамантычны, сэлфі), пейзаж і скульптуру. Між іншым нават з дарослых амаль ніхто не ведае, што маляваць прыроду дзеля пейзажа пачалі толькі ў ХVIII стагоддзі. Я бачыў неверагодную трансфармацыю маіх юных слухачоў: дзеткі, якія прыходзілі ў верасні, праз 30—40 хвілін, нават калі ім цікава, стамляліся, і ў іх пачыналі балець спінка, ножкі, галава. А вясной тыя, хто прайшоў маю школу, пасля 7—8 заняткаў мужна вытрымлівалі паўтары гадзіны складанага матэрыялу, адказвалі на мае пытанні і задавалі свае. І гэта цудоўна!
— Што найбольш цікава сучасным дзецям?
— На мой погляд, усё, што падаецца як вартае іх увагі, пры гэтым у нефармальнай, але змястоўнай форме. Я слухаю іх, падсмейваюся з іх, але я не строю іх. Да таго ж яны бачаць, наколькі мне цікава тое, што я раблю.
“Я ўвесь час вучуся і пазнаю новае, і гэта добры варыянт не страціць матывацыю”.
— А ці складана ўтрымаць увагу хлопчыкаў і дзяўчынак?
— Дзеці — бязлітасныя істоты ў добрым сэнсе. Калі ты нецікавы — у цябе ёсць 20 секунд, каб зноў стаць цікавым. Не атрымаецца — значыць, дзеці дзе-небудзь прысядуць са смартфонам у руках. І такі факт прымушае трымаць неверагодна высокі ўзровень змястоўнасці, не дазваляе збегчы ў тэрміналагічныя лекцыі. Калі даросламу расказваеш нешта складанымі словамі, то ён робіць выгляд, што цябе разумее, а калі нецікава дзеткам, то ўсё прапала.
Прайшоў першы курс, і восенню 2019 года мы пачалі другі, на які ўжо прыйшлі 16 груп, а гэта 250 дзетак. А яшчэ зараз больш як сто чалавек у лісце чакання. Усё гэта неверагодны еxperience з пункту гледжання гуманістычных ідэалаў, бо сотні дзетак вучацца любіць музей, знаёмяцца з базавымі тэрмінамі мастацтва. Яны ўжо дакладна будуць ведаць, дзе знаходзіцца мастацкі музей, як ім карыстацца і якія яшчэ ёсць музеі.
— Мікіта, а сучасныя дзеці адрозніваюцца ад сваіх папярэднікаў?
— Мне здаецца, што так. Яны больш смелыя ў паводзінах, але моцна прывязаны да гаджэтаў, таму адбываецца разрыў у валоданні абстрактным і вобразным мысленнем. Дзеці цяпер больш адкрытыя ў зносінах, але горш фармулююць свае думкі. Гэта звязана з тым, што яны мала чытаюць, але пры гэтым больш канкрэтныя: яны дакладна ведаюць, чаго хочуць, менш сумняваюцца і больш дзейнічаюць.
— Многія экскурсаводы не вельмі любяць дзіцячыя групы, бо працаваць з імі складана і энергазатратна. Аднак сёння музей становіцца дадатковай адукацыйнай прасторай, якую пастаянна наведваюць школьнікі. Пры гэтым экскурсаводы не могуць утрымаць увагу дзяцей.
— Так, гэта вельмі складана. Аднак дзеці адназначна больш сумленныя, чым дарослыя. Як толькі ім нецікава, яны адразу даюць гэта зразумець. Далей усё залежыць ад экскурсавода. Нават добры вучоны не заўсёды добры педагог, а добры педагог можа нічога не ўяўляць сабой як вучоны, толькі зрэдку гэта супадае. Тое ж самае з калегамі: ёсць тыя, хто мае вопыт і псіхалагічныя схільнасці да таго, каб працаваць з дзецьмі, а ёсць тыя, хто не мае. Прынамсі, экскурсавод і не павінен умець рабіць усё. У кожнага свая спецыялізацыя.
Было б выдатна, каб нашы настаўнікі навучыліся выкарыстоўваць музей як неверагодную пляцоўку для адукацыі. На нашых экспанатах, напрыклад, можна тлумачыць гісторыю, літаратуру, грамадазнаўства. Але трэба кожнаму: і педагогу, і экскурсаводу — пашукаць свае механізмы ўздзеяння на слухачоў і падыходзіць да работы з гумарам. Так, пры знаёмстве з экспазіцыяй варта звяртаць увагу на тое, што ўжо знаёма дзецям (на анімалістычны, казачны жанр, выявы дэталей). Расказвайце гісторыі, выкарыстоўваючы карціну як ілюстрацыю ў кнізе. Ператварайце музейную прастору ў інструмент гульні з дзецьмі. Прыдумляйце заданні накшталт “давайце адшукаем таго, хто схаваўся на гэтай карціне”. І, бадай, самае галоўнае — праяўляйце сваю зацікаўленасць музейнай экспазіцыяй.
Музей — гэта рэсурс, і пытанне толькі ў тым, ці маем мы досвед, каб карыстацца ім. Наогул, у музей трэба хадзіць не толькі дзеля часовых выстаў, але і на пастаянную экспазіцыю. А ў мастацкім музеі яна складаецца з аддзелаў рускага, беларускага мастацтва, Заходняй Еўропы, Усходу. На ёй паказаны ўсяго тры працэнты ад нашых фондаў, у якіх налічваецца 30 тысяч экспанатаў. Чым часцей вы прыходзіце ў музей, тым глыбей спазнаяце творы мастацтва і атрымліваеце ад іх задавальненне.
“Калі мне ўдаецца даказаць дзецям, што хадзіць у музей карысна і крута, то далей яны пачынаюць цікавіцца мастацтвам самастойна”.
Нацыянальны мастацкі музей прапануе розныя адукацыйныя праекты (“Маленькі эксперт”, “Любіце жывапіс, паэты…”), працуе народная мастацка-адукацыйная студыя “У госці да Цюбіка”. Кожны год да нас прыходзяць настаўнікі на курс павышэння кваліфікацыі. Але нам не хапае смеласці ўступіць у дыскусію, што можна і чаго нельга рабіць у музеі, на якой мове мы павінны мець зносіны як з дарослымі, так і з дзецьмі, якія не разумеюць мастацтвазнаўчай мовы.
З сучаснымі наведвальнікамі неабходна гаварыць на сучаснай мове.
Такой атрымалася размова, з аднаго боку, пра чалавека, а з другога — пра адметны адукацыйны рэсурс — музейную прастору, якой насамрэч варта навучыцца карыстацца. Бо мастацтва, як нішто іншае, вучыць нас адчуваць і напаўняе эмоцыямі.
Музейны чэлендж
Праз некаторы час мне пашчасціла трапіць у Нацыянальны мастацкі музей на экскурсію па экспазіцыі рускага імпрэсіянізму ХІХ — пачатку XX ст. да Мікіты Моніча. У музейных залах знаходзіцца пара соцень карцін Абрама Архіпава, Сяргея Вінаградава, Канстанціна Каровіна, Валянціна Сярова, Пятра Пятровіча, Аляксея Сцяпанава і іншых. Чым яны адметныя, у які час ствараліся, якія ёсць агульныя рысы ў імпрэсіяністаў і пра многае іншае Мікіта расказваў з гумарам і сур’ёзна на працягу паўтарагадзіннай экскурсіі для групы наведвальнікаў з 40 чалавек, палова з якіх — дзеці.
Варта адзначыць, што ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея рускае мастацтва займае значнае месца. Сёння яго калекцыя налічвае больш за 3,5 тысячы адзінак жывапісу, скульптуры, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Цэласнасць калекцыі, высокая якасць сабраных у ёй твораў даюць магчымасць прасачыць асноўныя этапы развіцця рускага мастацтва, пазнаёміцца з творчасцю шматлікіх вядомых мастакоў Расіі, адчуць мастацкую атмасферу часу, дух эпохі.
“Усе мы павінны любіць Эдуарда Манэ, Клода Манэ, Рэнуара і ўсю кампанію. Але апошніх гадоў восем стала модным не любіць імпрэсіянізм. Аднак рускі імпрэсіянізм — гэта вельмі цікава. Спадзяюся, што кожны знойдзе штосьці для сябе”, — пачынае свой аповед Мікіта.
Падчас экскурсіі ён звяртае ўвагу на дэталі і подпісы мастакоў, тлумачыць, як карціны трапілі ў Беларусь, чаму Шышкін цудоўны, як ён надаваў сваім творам ілюзіянісцкі эфект і якую лекцыю можна паглядзець на YouTube, каб лепш разумець яго творчасць. А далей ён расказвае, што мастакі стагоддзямі не пісалі на вуліцы, а хадзілі, глядзелі, рабілі замалёўкі і толькі пасля дома стваралі свае карціны, робячы іх такімі, як ім хочацца. Адзначае, што Каровін першым змог намаляваць імпрэсіянісцкі Парыж, бо яму не патрэбна жывое сонейка.
“Творчасць — гэта заўсёды пэўная ступень свабоды, і ў каго яна большая, той і стварае больш адметных карцін, — сцвярджае М.Моніч. — Куінджы разумеў, што неабходна працаваць не толькі над самім палатном, але і над яго экспанаваннем. Ён разумеў, што паміж вачыма і карцінай ёсць адлегласць, і прыдумаў, што з ёй рабіць. Таму першым з рускіх мастакоў пачаў выстаўляць свае работы ў прыцемненым памяшканні са стандартнай крыніцай святла для стварэння такога эфекту, каб ні адзін непатрэбны прамень не трапляў у вока, акрамя тых, што адбіваюцца ад палатна. Каб аднавіць прыём Куінджы з дапамогай нашых рук, трэба сціснуць далонь у кулак так, каб у ім была невялічкая шчыліна, і паглядзець скрозь яе на карціну. Гэта дазволіць убачыць дадатковую глыбіню, 3D становіцца яшчэ больш ярка выяўленым. І гэта той эфект, які і хацеў дасягнуць Куінджы”.
Вось так Мікіта Моніч нецікавыя даты чаргуе з малавядомымі фактамі. Работы мастакоў XIX стагоддзя тлумачыць з дапамогай трэндаў XXI, параўноўваючы, напрыклад, будысцкую канцэпцыю з фільтрамі ў Instagram, пры гэтым часам пераходзячы на англійскую ці французскую мову. А яшчэ ў час экскурсій расказвае не толькі пра мастакоў і карціны, але і пра тое, як мастацтва робіць нас больш эфектыўнымі ў любой сферы нашага жыцця, на што варта звяртаць больш увагі, праводзячы паралелі з камерцыйнай дзейнасцю выбітных мастакоў. “Я заўсёды дзялюся з наведвальнікамі сваімі адкрыццямі і атрымліваю ад гэтага сапраўдны драйв. А гледачы гэта адчуваюць, слухаюць уважліва, а некаторыя нават занатоўваюць, каб не забыць”, — прызнаецца Мікіта.
А я тым часам звяртаю ўвагу на дзяцей, як яны ловяць кожнае слова экскурсавода, ходзячы за ім хвосцікам. Становіцца зразумела, што яны не першы раз на яго экскурсіях, а таму добра ведаюць яго, любяць і паважаюць, прымаюць за настаўніка і ў той жа час за свайго, бо ён гаворыць мовай, зразумелай ім, валодае неверагоднай энергетыкай і, безумоўна, настолькі захоплены справай і мастацтвам, што можа заражаць гэтай захопленасцю ўсіх, хто знаходзіцца побач.
“Мікіта вельмі эмацыянальны і харызматычны, цікава яго слухаць, бо ён захапляюча расказвае, — адзначае Марат Галадушка, удзельнік праекта “Дзеці ў музеі”, 13-гадовы вучань сярэдняй школы №15 Мінска. — У музей варта прыходзіць, каб вочы прывыкалі да добрага і прыгожага, каб спасцігаць мастацтва і вучыцца разумець яго”.
А васьмікласніца Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вера Бярозкіна падкрэсліла, што такія незвычайныя экскурсіі пашыраюць свядомасць і дапамагаюць развівацца: “Звычайна, калі наведваеш музей, думаеш: хутчэй бы ўсё скончылася. А з Мікітам усё па-іншаму, ён падае інфармацыю з пазіцыі сучаснага чалавека, выкарыстоўваючы паралелі, гумар і жарты. Ён вучыць нас бачыць глыбей”.
Мікіта Моніч — экскурсавод, здольны зацікавіць любога чалавека і зрабіць наведванне музея незабыўным. Магчыма, таму, што да кожнай экскурсіі ён рыхтуецца і прадумвае ўсё, што скажа пэўнай аўдыторыі, а часам нават піша сапраўдныя сцэнарыі — і яго экскурсіі ператвараюцца ў спектаклі, якія ён, нібы артыст, паказвае ў музейнай зале, як на сцэне.
Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.