Настаўнікі з Іўеўскай сярэдняй школы Ала і Валерый Талерчык — яскравы прыклад таго, як умеюць жыць на зямлі беларускай у ладзе-згодзе, каханні ды штодзённай стваральнай працы католікі з праваслаўнымі. Слухаючы іх сямейна-педагагічную гісторыю, лёгка пераканацца, што адзіная сіла вядзе ўсіх нас па жыцці, а што ні здараецца — да лепшага. І калі ёсць у сэрцы любоў і вера, то ўрэшце ўсё будзе складна і прыгожа. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Добрыя людзі
Са згадак пра добрых людзей пачнём нататкі, крыху змяніўшы паслядоўнасць аповеда Алы Альбінаўны і Валерыя Мікалаевіча. Бо што ні кажы, якраз цеплыня і дабрыня зносін паміж людзьмі застаецца пасля ўсяго намі перажытага.
“У мяне быў цудоўны класны кіраўнік у школе з 4 па 9 клас — Альфрэд Антонавіч Ладыка, — поўніцца цеплынёй голас Алы Альбінаўны. — Гэта заслужаны настаўнік Беларусі, выкладае матэматыку цяпер у лідскай гімназіі. Мы праводзім штогод вечары сустрэч выпускнікоў, адзначылі 40-годдзе з часу, як у 1985-м пакінулі школу. Кожныя 5 гадоў сустракаемся, і Альфрэд Антонавіч заўсёды з намі: забіраем з Ліды, едзем сюды — і столькі ўспамінаў тады ў нас! Лепшага класнага я не ведаю. І лепшага настаўніка таксама. Штогод, пачынаючы з 4 класа, былі ў нас экскурсіі, паходы — як па Беларусі, так і па Украіне, там і па тыдні. Пачыналі з адной начоўкай, потым усё даўжэйшыя. Мы з вялікім імпэтам разам збіралі металалом і макулатуру і займалі заўсёды 1-е месца па школе. А ўзнагародай былі паездкі: Брэсцкая крэпасць, Хатынь… Арганізатарскія здольнасці настаўніка рабілі цуды, і матэматык ён, як кажуць, ад Бога. Калі яму трэба было пераехаць у Ліду, плакалі мы ўсе, і ён таксама. Альфрэд Антонавіч — гэта для мяне ўзор настаўніка, яго прыклад дапамог выбраць у жыцці педагогіку”.
А Валерый Мікалаевіч добрым словам згадаў былога дырэктара школы: Тамара Пятроўна Соя вельмі дапамагла маладой настаўніцкай пары асвоіцца ў Іўі.
“Гэта якраз той чалавек, з-за якога мы тут і засталіся, — расказвае пад адабрэнне жонкі. — Я пры ёй 17 гадоў адпрацаваў. Чалавек-душа, сапраўдны прафесіянал — і кіраўнік, і педагог. Быў час, калі мы хацелі з’ехаць на родную маю Дзятлаўшчыну. Але ж яна так тонка і душэўна падышла да нас, да нашай жыццёвай сітуацыі… Мы ўсё яшчэ раз узважылі — і яе чалавечнасць, душэўнасць усё пераважыла”.
Талерчыкі жылі спачатку пры школе ў двухпавярховіку-інтэрнаце на дзве сям’і. Потым здарылася бяда: на хутары Хаваншчына ў мамы Алы Альбінаўны згарэла паўхаты, і трэба было вырашаць, як жыць далей. Урэшце пачалі там адбудоўвацца, і школа, дырэктар, чым толькі маглі, дапамагалі ў няпростыя 1990-я.
“Дзякуючы Тамары Пятроўне Соі, склаўся ў школе дружны творчы калектыў, неяк усе адно да аднаго туліліся. А калі хто сыходзіў, па розных прычынах, то горда і прыгожа. Мы ўсе адчувалі: тут нехта за нас перажывае, можа дапамагчы, абараніць, падтрымаць… Дык і мы ў адказ імкнуліся ўсе сілы аддаваць школе, не падводзіць, хоць і ўсяк у жыцці бывае”, — гаворыць Валерый Мікалаевіч.
Ала Альбінаўна дадае, што Тамара Пятроўна — выдатнік адукацыі Беларусі, а медаль ”За працоўныя заслугі” ўручаў ёй сам Прэзідэнт. Яна ўжо на пенсіі, жыве ў Іўі, былыя калегі наведваюць. Наконт “Застацца ці сысці?” патлумачыла, што паколькі ў мужа рукі залатыя, то шмат куды яго “сваталі”, большыя заробкі абяцалі, але ж у школе застаўся. З усмешкай прыпамінае, як умела працавала з каштоўнымі кадрамі Тамара Пятроўна, са зваротам да ўсяго лепшага, што ёсць у душы чалавечай. І ў ніводнай метадычцы не прапішаш такі ювелірны вопыт кіраўніцтва. Яна выкарыстоўвала пераважна метад перніка, які мае шмат пераваг перад метадам бізуна. Зрэшты, у народзе знайшлі ўжо іх тонкую раўнавагу, заўважылі: не хочаш паслухаць ласкавае слова — паслухаешся ліхога кія…
Памятае Ала Альбінаўна дырэктарскія ўрокі дабрыні, чуласці. Трапіла ў бальніцу, і неяк прыязджае да яе з кветкамі сама дырэктар: падтрымаць-суцешыць, слоўца добрае сказаць. Ад такіх станоўчых эмоцый немач адступае. А калі маладыя настаўніцы станавіліся мамамі, то і ў радзільны дом Тамара Пятроўна спяшалася з кветкамі: разам парадавацца, павіншаваць. Такой дырэктар была да ўсіх, з такім стылем кіраўніцтва, і тое святло і цяпло і сёння многіх асвятляе і сагравае.
Калгасная бульба і настаўніцкія лёсы
Вы ўжо зразумелі, што за людзі ўтварылі гэты настаўніцкі дуэт? У тым, як хораша гавораць пра іншых, бачна духоўную сутнасць Алы Альбінаўны і Валерыя Мікалаевіча. Яны ж разгледзелі адно аднаго дзякуючы слаўнай савецкай традыцыі. “Пазнаёміліся ў калгасе, калі студэнтаў Мазырскага педінстытута ў сярэдзіне 1980-х адправілі на бульбу ў Акцябрскі раён, — з лёгкім гумарам расказвае настаўнік. — Гэта быў лёс. Мы студэнцкую бульбу заўсёды ўспамінаем толькі з добрага боку. Там пазнаёміліся, паглядзелі, хто чаго ў працы варты, прадоўжылі сустрэчы, і не прайшло і года, як пажаніліся. Ала была на трэцім курсе, я — на другім”.
Вядома ж, не толькі студэнцкая бульба спрыяе стварэнню настаўніцкіх дуэтаў. Але ж і яе варта браць пад увагу, дбаючы пра гарманічныя настаўніцкія сем’і. Традыцыі талакі, сумеснай працы, печанай у прыску бульбы і песень ля вогнішча нельга спісваць з педпрактык як састарэлыя. А ў нашым выпадку важна, што Ала і Валерый змалку былі да сялянскай працы прывучаны. Ён родам з Дзятлаўшчыны, з вёскі Дварэц, яна расла на згаданым хутары Хаваншчына паблізу Іўя.
Ала Талерчык, у дзявоцтве Лапата, з сялянскага роду. Мама працавала касірам, гадавала дачку і сына, яе муж загінуў маладым, таму дзеці ўнікалі ў справы па гаспадарцы. І з дзяцінства падабалася дзяўчынцы збіраць мясцовых малых, нешта пісаць для іх на металічнай будзе ад машыны — як на класнай дошцы, заданні давала. Падабалася і тэхніка, сама ездзіла на матацыклах і машынах. Таму выбрала ў інстытуце інжынерна-педагагічны факультэт — і не памылілася: долю сваю там знайшла. Расказваючы, з цеплынёй глядзіць на мужа. Цяпер, прадаўжае, на матацыкл не садзіцца, і за руль машыны таксама: “Разам увесь час, муж — за рулём: у школу і са школы едзем. Жывём за метраў 150 ад гарадской мяжы, на хутары Хаваншчына — оперная такая назва, да школы кіламетры можа тры з паловай”.
Ёй пашчасціла прыйсці працаваць у родную школу: “Мае настаўнікі добра сустрэлі. Дапамаглі асвоіцца мой класны кіраўнік Ірына Мікалаеўна Грыневіч, потым — Данута Станіславаўна Расюкевіч, Рэгіна Браніславаўна Куніца… І расказвалі, і паказвалі. Але ж я год адпрацавала — і ў дэкрэт, і ўжо сямейную педагогіку асвойвала”.
Настаўнікі слаўныя вучнямі
Валерыя Талерчыка студэнтам прызвалі ў армію, адслужыў два гады і прадоўжыў вучобу. Таму прыехаў настаўнічаць у Іўе за жонкай толькі ў 1991-м, калі яна ўжо год адпрацавала. Ён педагог па працоўным навучанні, вёў некаторы час і заняткі па дапрызыўнай падрыхтоўцы. У студэнцтве меў добрую практыку, нават на зборачным канвееры Мінскага трактарнага завода 4 месяцы працаваў, і служба ў аўтамабільных войсках шмат дала для разумення жыцця і спасціжэння нюансаў педагагічнай навукі. Цяпер, прызнаецца сам, і жонка тое пацвярджае, умее рабіць усё, што трэба па доме, гаспадарцы, рамонце тэхнікі. Як падымалі хутар, давялося шмат займацца цяпліцамі, агародам, а потым “у школе спраў дадалося, і сіл-здароўя меншае з гадамі, то ўжо няма калі”.
У яго многа добрых вучняў, асаблівыя таленты праявілі ў працоўным навучанні. У школе — дзве майстэрні, Валерый Мікалаевіч па першым часе ў сталярнай гаспадарыў. Яго вучні ў прадметных алімпіядах на раёне і вобласці займалі прызавыя месцы. Разумныя і працавітыя. І ў дапрызыўнай падрыхтоўцы хлопцы добра выступалі: раён, вобласць, на рэспубліканскі ўзровень траплялі. “А галоўнае — добрымі людзьмі выраслі, — задаволены Валерый Мікалаевіч. — У некага ўжо свая справа ў аўтасэрвісе, нехта — інжынер ці майстар, ёсць і рамеснікі, фермеры. Мая праца пайшла ім на карысць”.
Ала Альбінаўна ў школе не толькі фізік — выкладае працоўнае навучанне і чарчэнне, астраномію. Стаць настаўніцай шырокага профілю дапамагло веданне агульнатэхнічных дысцыплін і фізікі, яна ўмее нават і з дрэвам, і з металам на станках працаваць. І таму ва ўсіх работах па гаспадарцы мужу добрая памочніца. Слухаючы, як ён расказвае пра поспехі выхаванцаў, заўважае: у яго больш вучняў, вартых увагі, а “ў фізіку” мала хто ідзе. Але ж і ёй на таленавітых шанцуе.
“Летась выпусціўся ўзорны клас, у якім пашчасціла мне быць класным кіраўніком, — расказвае. — 26 вучняў, многія вывучалі фізіку на павышаным узроўні, 25 з іх паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі. З іх большая палова — на фізмат, інжынерныя спецыяльнасці, чалавек восем — ва ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Адна дзяўчына з добрым атэстатам пайшла ў каледж: захацела так спасцігаць будучую прафесію. І гэта ўсё мае дзеці!”
Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Людміла Станіславаўна Бакун, якая прысутнічала пры размове, згадала, што ў 1998 годзе ў школе былі чатыры 11-я класы, звыш сотні вучняў і з іх — 42 медалісты. Таксама зорны выпуск!
Пра веру
Па ходзе размовы даведаўся: Валерый Талерчык — праваслаўны па хрышчэнні, Ала Альбінаўна з маленства — у каталіцкай веры. Гэта бабуля Марыя Юзэфаўна Ластоўская, якая была шчырай верніцай, прывяла ўнучку да Бога. На зямлі нашай жывуць побач у міры-згодзе людзі розных веравызнанняў — так павялося і на Іўеўшчыне. І для яго пытанне веры ніколі востра не стаяла. Разважае так: “Бог адзіны, гэта людзі кожны па-свойму спрабуюць яго зразумець. А сапраўдная вера жыве не ў царкве ці касцёле — у нашых сэрцах”.
Напярэдадні свята Уваскрэсення Хрыстова, якое адзначалася ў 2025-м у адзін дзень у праваслаўных і католікаў, мы ўсе задумваліся пра тое, што хрысціянская вера, хоць і падзеленая на заходнюю і ўсходнюю, усё ж па сваёй сутнасці адзіная. У Валерыя Талерчыка жыццё склалася так: “У 16 гадоў з’ехаў з дому. Калі ажаніўся, трапіў да жонкі ў сям’ю, у каталіцкае асяроддзе. А як сюды прыехаў, то стаў практычна поўным католікам. Мы дзяцей пахрысцілі ў касцёле, і жонка туды ходзіць — я падвожу яе, а часам і сам зайду. Набажэнствы там па-польску і па-беларуску — розныя службы. Я і польскую мову разумею, і нямецкую, французскую, італьянскую — калі што трэба, толькі гаварыць не змагу”.
А Усявышні, кажуць, нас і без слоў чуе і разумее. І сапраўднай веры, напэўна, словы не патрэбны: толькі шчырае памкненне сэрца і розуму. Таму і называюць усіх у хрысціянстве братамі і сёстрамі.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара