“Двойка” з мінусам

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка строга раскрытыкаваў якасць работы мясцовых органаў улады і кіраўніцтва прамысловай галіны па развіцці Аршанскага інструментальнага завода. Адпаведную заяву кіраўнік дзяржавы зрабіў 13 жніўня, наведваючы гэтае прадпрыемства.

Тое, што пастаўленыя задачы не выконваюцца належным чынам, прэзідэнт убачыў, яшчэ толькі пад’язджаючы да завода. Ён звярнуў увагу, што нават спробы навесці парадак на тэрыторыі не прынеслі належнага выніку. Усё было зроблена ў спешцы і няякасна. “Не любіце вы людзей, не любіце вы завод. Калі ўжо робіце тут нейкую паказуху, зрабіце бардзюр, навошта ў траву класці асфальт. Гэта што, культура? Вось за гэта чыноўнікаў і ненавідзіць часам народ — за вашы бязладнасць і непарадак”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У гэтым жа рэчышчы размова ішла і пасля наведвання прадпрыемства. Прэзідэнт застаўся вельмі незадаволены ўбачаным. “Хутчэй за ўсё, міністра (міністра прамысловасці Віталя Воўка. — Заўвага БелТА.) сюды накіруем да цябе працаваць. У яго выбар адзін: або турма, або сюды, — публічна аб гэтым кажу. Пакуль “двойка” з мінусам, і да цябе прэтэнзій шмат. Ніколі не займайся ашуканствам. Ты малады кіраўнік. Ты тут галоўны. Не дай бог, я перад новым годам прыеду і маё вока зачэпіцца за што-небудзь. Ты ведаеш, што будзе”, — папярэдзіў прэзідэнт, звяртаючыся да дырэктара завода Уладзіслава Бардзюкова.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму так важна аднавіць эфектыўную работу прадпрыемства. Гэта звязана з тым, што ў эканоміцы краіны шмат прадпрыемстваў апрацоўчай і перапрацоўчай накіраванасці, і на кожным ёсць патрэбнасць у тых ці іншых інструментах — пачынаючы ад буйных вытворчасцей, накшталт “Гомсельмаша”, і заканчваючы невялікімі сельгаспрадпрыемствамі. “Я за яго не чапляўся б, калі б нам гэты прадукт не быў патрэбны, — падкрэсліў беларускі лідар. — Таму інструментальны завод трэба аднавіць на самым высокім узроўні, каб “Гомсельмаш”, МТЗ, МАЗ і ўсе іншыя прадпрыемствы, нават перапрацоўкі ў сельскай гаспадаркі, атрымалі добры інструмент. Вось чаму я чапляюся за гэты завод”.

“Пакуль гэта ідыёцкае стаўленне да майго даручэння. Але я ведаю, што рабіць. Улады ў мяне хопіць. А міністра прамысловасці з заўтрашняга дня сюды — і няхай пачынае працаваць. На якой пасадзе — вызначы”, — заявіў прэзідэнт.

Аляксандру Лукашэнку ў час наведвання прадпрыемства далажылі пра фінансава-эканамічны стан завода, перспектывы развіцця і меры, якія прымаюцца па вывядзенні на ўстойлівую работу. Пэўныя намаганні ў гэтым напрамку прыкладзены, і ёсць пазітыўныя зрухі, аднак Аляксандр Лукашэнка выказаўся са строгай крытыкай наконт таго, што ўсё робіцца вельмі марудна, з парушэннем абазначаных тэрмінаў і без гаспадарчага падыходу пры выкарыстанні маёмасці прадпрыемства і вытворчых памяшканняў. Большая частка з іх утрымліваецца ў абсалютна непрыглядным выглядзе, месцамі працякае дах. “Хіба гэта рабочыя месцы?! Турма нейкая! Катаржныя людзі працуюць за 200 долараў у месяц!” — абурыўся кіраўнік дзяржавы ўмовамі працы рабочых.

Незадаволены прэзідэнт і аператыўнасцю вырашэння пытанняў па закупцы новага абсталявання. Яно вельмі неабходна для выканання прадпрыемствам больш складаных, а адпаведна і больш прыбытковых заказаў, у той час як цяпер даводзіцца працаваць на станках, якім не адзін дзясятак гадоў. Кіраўніцтва прадпрыемства правяло шэраг працэдур па арганізацыі закупкі, аднак практычных вынікаў пакуль няма. У той жа час Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што тут жа, у Аршанскім раёне, ёсць станказавод “Чырвоны барацьбіт”, кіраўнік якога Аляксандр Шульгін таксама прысутнічаў на мерапрыемстве. Ён пацвердзіў здольнасць свайго прадпрыемства аператыўна паставіць большасць неабходнага абсталявання. “Вы ведалі строгае патрабаванне прэзідэнта. Чаму не сказалі, што не патрэбны ніякі імпарт, ніякія конкурсы, у нас “Чырвоны барацьбіт” тут робіць?” — адрасаваў Аляксандр Лукашэнка пытанне адказным чыноўнікам.

Ён даручыў арганізаваць прамыя закупкі неабходнага абсталявання як у названага прадпрыемства, так і іншых айчынных вытворцаў, а закупіць па імпарце толькі тое, што яны не змогуць паставіць. “З сённяшняга дня пачынай сюды пастаўку станкоў. Пад тую рэнтабельнасць, якая ў цябе ёсць. Забірайце гэтыя лоты і заказы і пачынайце па існуючых цэнах пастаўляць станкі”, — распарадзіўся беларускі лідар, звяртаючыся да дырэктара “Чырвонага барацьбіта”.

Прэзідэнт таксама запатрабаваў у сціслыя тэрміны навесці парадак як унутры цэхаў, якія не выкарыстоўваюцца, так і на тэрыторыі завода, адрамантаваць дах, падумаць, як эфектыўна выкарыстоўваць пакуль не задзейнічаныя ў вытворчасці памяшканні. Аляксандр Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў, што ўсё гэта неабходна рабіць якасна і па-гаспадарску, арыентуючыся на перспектыву і не займаючыся паказухай.

Аршанскі інструментальны завод спецыялізуецца на выпуску рэжучага, дапаможнага і вымяральнага інструменту, арыентуючыся на аснашчэнне машынабудаўнічых прадпрыемстваў. Цяпер тут рэалізоўваецца інвестыцыйны праект па арганізацыі вытворчасці сучаснага металарэжучага і дапаможнага інструменту з укараненнем інавацыйных тэхналагічных працэсаў. Першы этап мадэрнізацыі завода плануецца завяршыць да другога квартала 2019 года. Чакаецца, што выпуск прадукцыі будзе павялічаны да Br1 млн. Усяго пасля мадэрнізацыі будзе асвоена і пастаўлена на серыйную вытворчасць не менш як 200 найменняў новых відаў рэжучага і дапаможнага інструменту павышанай дакладнасці і прадукцыйнасці.

У выніку плануецца штомесяц выпускаць прадукцыі на суму да Br3 млн да 2021 года.

Пасля наведвання Аршанскага інструментальнага завода Аляксандр Лукашэнка наведаў яшчэ шэраг прадпрыемстваў горада, у іх ліку мясакансервавы камбінат.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з арганізацыяй яго работы і вытворчай базай. Наведаўшы некалькі цэхаў, ён раскрытыкаваў гаспадарчую дзейнасць прадпрыемства, тое, як утрымліваюцца памяшканні, і матэрыяльна-тэхнічную базу.

“Да 7 лістапада 2020 года тут гэтага быць не павінна. Трэба выдзеліць сродкі, арганізаваць новы забойны цэх, усё гэта знесці (адносна старых будынкаў. — Заўвага БелТА.) і зрабіць сучаснае прадпрыемства. Яно павінна быць як самыя лепшыя мясакамбінаты”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама пабываў у ААТ “Оршааграпраммаш”, якое ўваходзіць у холдынг “Бабруйскаграмаш”. Яго праінфармавалі пра фінансава-эканамічныя паказчыкі завода, прадэманстравалі прадукцыю, якая выпускаецца, і расказалі пра перспектывы развіцця прадпрыемства.

Генеральны дырэктар “Бабруйскаграмаша” Аляксандр Ерамееў папрасіў дапамагчы ў рэструктурызацыі даўгоў. Усяго холдынгам накоплена крэдытаў прыкладна на Br50 млн. “Падрыхтаваны праект указа, які ўзгоднены з міністрамі. Атрымаецца эканамічны эфект Br10,2 млн, — адзначыў Аляксандр Ерамееў. — Мы грошай лішніх не просім, толькі адтэрміноўка”.

Кіраўнік дзяржавы даручыў кіраўніцтву Адміністрацыі прэзідэнта тэрмінова разабрацца ў гэтым пытанні, далажыць у найбліжэйшы час і ўнесці свае прапановы.

“Але май на ўвазе, не дай бог, не будзе выкананы ўказ і ты зноў прыйдзеш за адтэрміноўкай або растэрміноўкай — наракай сам на сябе”, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падрабязна азнаёміўся з работай ААТ “Оршааграпраммаш”, пацікавіўся загрузкай прадпрыемства, пашырэннем рынкаў збыту. Асаблівая ўвага была звернута на неабходнасць мэтавага выкарыстання вытворчых памяшканняў і прывядзення ў парадак матэрыяльна-тэхнічнай базы завода.

Кіраўнік дзяржавы наведаў таксама ААТ “Тэхніка сувязі” ў Барані. Прадпрыемства знаходзіцца ў распараджэнні Дзяржкамваенпрама і ўваходзіць у склад холдынга “Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання”. Ставілася задача развіваць вытворчасць на існуючых плошчах, пашыраючы выпуск і наменклатуру запатрабаванай на рынку прадукцыі.

Аднак па факце многія будынкі і памяшканні або не выкарыстоўваюцца, або выстаўлены на продаж, або плануюцца пад знос. Кіраўніку дзяржавы ў цэлым далажылі пра планы па развіцці прадпрыемства, дадатную дынаміку — растуць аб’ёмы выпускаемай прадукцыі, ствараюцца новыя рабочыя месцы. Тым не менш Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу кіраўніцтва галіны, што яго даручэнні выконваюцца далёка не ў поўным аб’ёме, а заява пра тое, што астатніх вытворчых плошчаў дастаткова, — толькі тлумачэнне недастаткова эфектыўнай работы. “Калі нічога не рабіць, то дастаткова. А калі паставіць перад сабой мэту… бо першапачаткова задача ставілася, каб гэта ўсё было вамі асвоена і там вырабляўся прадукт, патрэбны для рынку, — сказаў прэзідэнт. — А вы легкадумна падышлі: гэта, гэта і гэта пад бульдозер. А гэта — прададзім. Ну што за завод будзе?! Я і без вас гэта зрабіў бы. Я бачу, вы наогул не думалі над рашэннем той задачы, якая была пастаўлена”.

“Навошта мне міністэрства і міністр такі (размова пра Дзяржкамваенпрам. — Заўвага БелТА.), які пад бульдозер будзе пускаць тое, што я яму сказаў асвоіць”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка змяніў першапачаткова прапанаваны маршрут наведвання і асабіста агледзеў вытворчую тэрыторыю прадпрыемства. На паверку высветлілася, што ў многіх месцах не тое што не арганізавана вытворчасць, а нават не наведзены элементарны парадак. “Вось ваш твар, калі ўжо вы сюды прывялі паказаць нешта і паказалі… Ну так вы не планавалі, што я зайду ў ваш “туалет”. Вы ператварылі праз паверх гэтае памяшканне ў туалет, дзе ніхто ніколі не прыбіраў. Мы сёння пакажам усяму народу, як вы працуеце”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

“Вы вырашылі са мной абысціся, не затрачваючы шмат сіл і сродкаў. Вось, цяпер пакажам: увайшлі, на ліфце падняліся, там нейкія платы стругаюць… У нас усё добра, — адзначыў прэзідэнт. — Гэта ж трэба дадумацца… Два гады пра адно і тое ж гавару. Прыехаў — “цуды”. Пачынаючы ад дзяржсакратара, кіраўніка Адміністрацыі і прэм’ер-міністра, вы так працуеце”.

Завод у Барані заснаваны ў 1873 годзе. Цяпер прадпрыемства спецыялізуецца на распрацоўцы і вытворчасці лічбавых і аналагавых сістэм радыёсувязі кароткіх хваль і ўльтракароткахвалевых дыяпазонаў, тэлекамунікацыйнага абсталявання для правадных ліній сувязі, антэнна-мачтавых устройстваў, а таксама вытворчасці тавараў народнага спажывання, аказвае паслугі па вытворчасці радыёэлектронных модуляў, металаапрацоўцы, гальванічным і лакафарбавым пакрыцці, праектаванні і вырабе прэс-форм, вырабе спецыяльнай тары і паліграфічнай прадукцыі. Прэзідэнт, у прыватнасці, азнаёміўся з арганізацыяй вытворчасці браняшлемаў і сродкаў радыёсувязі.