Двухколавы сябар і сотні ўражанняў

Вясна — пачатак веласезона, незабыўных падарожжаў па родным краі. Асфальтавая шаша, палявыя і лясныя дарогі, звілістыя сцяжынкі на берагах рэк і азёр клічуць аматараў велавандровак пад высокае неба. Хіба можна не адгукнуцца на гэты заклік? Разам з навучэнцамі і педагогамі Камуна-Ленінскага ясляў-сада — базавай школы Чачэрскага раёна адкрыем веласезон і здзейснім падарожжа па ваколіцах аграгарадка Вазнясенскі.

Палюбіць рамантыку велападарожжаў вельмі проста: для гэтага трэба пераадолець на двухколавым сябры хаця б сотню кіламетраў. Калі, узмакрэлы і стомлены, вы будзеце адчуваць сябе самым шчаслівым чалавекам, то лічыце, што сталі велатурыстам-аматарам. У хуткім часе вам захочацца зноў кіламетр за кіламетрам слухаць ціхае і размеранае гудзенне спіц, адчуваць, як успацелае пасля дальняй дарогі цела лашчыць прахалодны вецер, наталяць смагу падчас прыпынкаў крынічнай або калодзежнай вадой, любавацца чароўнымі краявідамі.

Плюсоў у велападарожжаў мноства. Самы істотны — магчымасць пракладваць маршрут практычна па любых мясцінах. Там, дзе не праедзе аўтамабіль, а тым больш аўтобус, веласіпед з лёгкасцю прамчыцца. Ды і ў выпадку непрадбачанай у дарозе сітуацыі двухколавага сябра можна проста ўскінуць на плячо і перанесці праз перашкоду. Перад аматарамі велападарожжаў адкрыты ўсе шляхі-дарогі. Але толькі ў чыстай ад радыенуклідаў зоне. У раёнах з высокай забруджанасцю ёсць пэўныя абмежаванні для перамяшчэння на веласіпедах.

“На жаль, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС рэзка знізілася магчымасць свабоднага перамяшчэння па Чачэрскім раёне. Нашы маршруты пралягаюць па найпрыгажэйшых мясцінах Пасожжа, аднак перамяшчэнне на веласіпедах неабходна праводзіць толькі пасля належнай падрыхтоўкі, улічваючы ўзровень забруджанасці тэрыторый. Тым не менш веласіпедны спосаб перамяшчэння дазваляе выкарыстоўваць асфальтаваныя і грунтавыя дарогі, абмінаючы месцы, непажаданыя для знаходжання навучэнцаў”, — паведаміла актыўны арганізатар велапаходаў настаўніца пачатковых класаў Людміла Вячаславаўна Кебікава.

Актыўна праводзіць велапаходы ў Камуна-Ленінскай школе пачалі гадоў 15 назад, а некалькі гадоў назад, дзякуючы дапамозе італьянцаў, было закуплена 12 веласіпедаў. Новенькія, спрытныя, яны даставяць вучня любога ўзросту ў любы пункт раёна. Галоўнае — падтрымліваць тэхніку ў добрым стане і сачыць за сваёй фізічнай формай. Дарэчы, у велапаходы адпраўляюцца толькі самыя вынослівыя, самыя дысцыплінаваныя школьнікі, бо дарога патрабуе дысцыпліны і паслухмянасці. Кагосьці бяруць і авансам, але вучань разумее, што павінен апраўдаць давер.

“Вучні ўжо з 2 класа ўдзельнічаюць у велапаходзе. Усе спісы зацвярджаюцца ў ДАІ, перад паходам мы ацэньваем фізічную падрыхтаванасць дзяцей, а на тэрыторыі школы праводзім фігурнае ваджэнне, каб убачыць, наколькі дзеці ўпэўнена кіруюць веласіпедам. У дарозе, як вядома, можа адбыцца рознае, таму з намі абавязкова едзе аўтамабіль суправаджэння, часцей за ўсё з дырэктарам школы Ганнай Яўгенаўнай Хрысцінай. Пасля набыцця новых веласіпедаў паездкі стала прасцей арганізоўваць, павялічылася і колькасць юных велатурыстаў, мы нават дзелімся на некалькі груп, — расказвае настаўніца. — У дзяцей азарт, што ім даверылі такую адказную справу — удзельні­чаць у велапаходзе. Нашы маршруты цікавыя вучням тым, што даюць уяўленне пра рэльеф Чачэрскага раёна, а таксама спрыяюць умацаванню здароўя, вынослівасці арганізма, станаўленню маральных і грамадзянскіх якасцей”.

Маршруты распрацоўваюць з улікам узроставых і фізічных асаблівасцей вучняў настаўнік гісторыі кіраўнік групы “Пошук” Уладзімір Анатольевіч Мохараў, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Сяргей Валяр’янавіч Рудзін, а таксама  Людміла Вячаславаўна Кебікава (яны і з’яўляюцца пастаяннымі ­ўдзельнікамі велападарожжаў). А закладвала традыцыі велапаходаў Тамара Мікалаеўна Івалгіна. Асноўная мэта паходаў — знаёмства з адметнасцямі малой радзімы, сустрэчы з цікавымі жыхарамі, старажыламі вёсак, збор краязнаўчага матэрыялу.

Не ўсе адметныя мясціны раёна даступны для наведвання. На­прыклад, Бердыжская стаянка, вядомая кожнаму з нас яшчэ з падручнікаў па гісторыі. Апошні раз Людміла Вячаславаўна разам з калегамі была на яе тэрыторыі гадоў 20 назад. Цяпер гэта закрытая для наведвання зона. Аднак не значыць, што вучні не ведаюць пра знакамітае месца. Уладзімір Анатольевіч Мохараў абавязкова расказвае дзецям, калі ў іх краі з’явіліся лю­дзі, як яны жылі, які вялі лад жыцця. Калі б не Чарнобыль, то гэта, несумненна, быў бы ­адзін з самых папулярных у турыстаў аб’ектаў, не менш папулярны, чым знакамітая стаянка першабытнага чалавека ў Юравічах.

Кожны велапаход яркі, адметны. Велакалона перамяшчаецца ў спецыяльных майках, са сцяжкамі, на аўтамабілі суправаджэння — транспаранты. Сустрэчныя машыны ў знак вітання сігналяць. Гэта, безумоўна, узнімае настрой у падарожнікаў. Для вёсак, па якіх праязджае велакалона, гэта таксама свята. Людзі выходзяць з двароў, вітаюць дзяцей. “Такія дробязі, з якіх складаецца паход, грэюць душу. Дзеці прыязджаюць дадому радасныя, што ўбачылі шмат цікавага. Расказваюць сваім бацькам, сябрам, дзеляцца адчуваннямі, эмоцыямі. Помню, заехалі ў канцы велапаходу ў госці да Тамары Мікалаеўны Івалгінай і яна пачаставала нас салдацкай кашай. Дзеці ж асабліва не хочуць есці аўсянку, а тут елі з задавальненнем, аж за вушамі трашчала”, — з усмешкай узгадала Людміла Вячаславаўна.

Кожны велапаход — гэта не толькі яркія эмоцыі, цудоўны настрой, фізічная загартоўка, але і магчымасць сабраць каштоўны матэрыял для краязнаўчых даследаванняў. Школьнікі на працягу многіх гадоў вядуць пошукавую работу на тэрыторыі Ленінскага сельсавета. У выніку напісаны даследчыя работы, прысвечаныя землякам-героям: Грышу Падабедаву, Леаніду Гаўрылаву, Мікіту Круглікаву. На аснове сабранага матэрыялу ў школе створаны музейны пакой. У аграгарадку вучні сустракаліся з відавочцам апошняга бою піянера-героя Грышы Падабедава Зінаідай Ягораўна Кузьмянковай. Дзякуючы жанчыне, былі адкрыты новыя акалічнасці гібелі хлопца.

Асобная ўвага краязнаўцаў-велатурыстаў да подзвіга танкіста Мікіты Конанавіча Круглікава, ура­джэнца вёскі Залессе. У баях на тэрыторыі Украіны ён здзейсніў по­дзвіг, за які быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Мікіта Круглікаў загінуў, але памяць пра яго жыве сярод землякоў. У будынку сельскага Дома культуры адкрыты музейны пакой, які абавязкова наведваюць удзельнікі велапаходу. Доўгі час школьнікі падтрымлівалі адносіны з братам героя Аляксеем Конанавічам. Вучні запісалі невялікае відэаінтэрв’ю, успаміны пра даваеннае жыццё сям’і Круглікавых. Помнік Мікіту Конанавічу ў вёсцы Крутое Чачэрскага раёна абавязкова ўваходзіць у веламаршруты.

“Мы вызначылі найбольш цікавыя месцы для арганізацыі турыстычнай дзейнасці на тэрыторыі Ленінскага сельсавета. Кожны велапаход пачынаецца з ускладання кветак да мемарыяльнай дошкі ў памяць пра паэта-франтавіка Леаніда Гаўрылава. Калі велапаход адбываецца ў вёску Бердыж, то на месцы дома, дзе, як лічыцца, нарадзіўся Леанід Гаўрылаў, прахо­дзіць імправізаваны мітынг, зачытваюцца вершы паэта. Яшчэ адзін пункт веламаршрутаў — абеліск у вёсцы Чарняўскія Малынічы. Помнік усталяваны ў памяць пра жыхароў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны і ў партызанскіх атрадах. Трагічнае месца ў гісторыі Чачэршчыны — Лысая гара каля райцэнтра. 28 снежня 1941 года нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі 432 чалавекі. 20 красавіка 1942 года было расстраляна яшчэ 118 чалавек. У спісах загінуўшых і прозвішчы нашых аднавяскоўцаў. На Замкавай гары Чачэрска знаходзіцца брацкая магіла, дзе пахаваны воіны, якія аддалі свае жыцці пры вызваленні раёна восенню 1943 года. Перад помнікам знаходзіцца мармуровая пліта, месца пахавання балгарскай патрыёткі Ліліі Карастаянавай. Усе гэтыя аб’екты ўваходзяць у нашы веламаршруты”, — паведаміла настаўніца.

Чачэрскі раён, па якім пралягаюць веламаршруты герояў нашага матэрыялу, 34 гады назад аказаўся ў зоне радыяцыйнага забруджання са шчыльнасцю па цэзію-137 ад 1 да 40 Ku/км2. Наведванне большасці лясоў забаронена. Ужыванне дзікарослых грыбоў і ягад, выкарыстанне вады з адкрытых вадаёмаў магчыма толькі пасля іх даследавання на ўтрыманне радыенуклідаў. Пешае і велаперамяшчэнне магчыма толькі пасля ўзгаднення ніткі маршруту з раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі. Абмежаванняў шмат, аднак яны не з’яўляюцца перашкодай для яркіх, запамінальных велападарожжаў, для шчырай любові да малой ра­дзімы, няхай пакуль яшчэ з незагоенымі чарнобыльскімі ранамі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва ўстановы адукацыі.