Дыдактыка і метадалогія французскай мовы

Штогадовая Рэспубліканская канферэнцыя настаўнікаў і выкладчыкаў французскай мовы “Французская мова і культура на пачатковым, прасунутым і завяршальным этапах вывучэння: вопыт, праблемы і перспектывы” прайшла на мінулым тыдні на базе Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Арганізатарамі мерапрыемства сталі Беларускае грамадскае аб’яднанне выкладчыкаў французскай мовы, МДЛУ, аддзел супрацоўніцтва і культуры Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь.

На два лютаўскія дні Мінск ператварыўся ў цэнтр французскай мовы. Сюды на штогадовую канферэнцыю з’ехаліся настаўнікі і выкладчыкі французскай мовы з усёй Беларусі. Канферэнцыя праводзіцца ўжо восьмы раз дзякуючы ініцыятыве Беларускага грамадскага аб’яднання выкладчыкаў французскай мовы і МіДЛУ, актыўнаму ўдзелу Пасольства Францыі ў нашай краіне, Міністэрству адукацыі і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Удзельнікамі канферэнцыі сталі больш за 100 настаўнікаў і выкладчыкаў французскай мовы, якія падчас заняткаў у Мінску пазнаёміліся з новымі педагагічнымі і метадычнымі тэхналогіямі і абмяняліся ідэямі, вопытам і меркаваннямі.

Для правядзення лекцый і майстар-класаў былі запрошаны беларускія, расійскія і замежныя спецыялісты ў сферы выкладання, дыдактыкі і метадалогіі французскай мовы. Іх галоўным пасылам быў творчы падыход. І канферэнцыя стала не сумным акадэмічным мерапрыемствам, а свое-асаблівым французскім фестывалем. На майстар-класах стваралі мультфільмы на французскай, знаёміліся з сучасным французскім тэатрам і казкай.

Круглы стол па праблеме пераемнасці навучання французскай мове ва ўстановах сярэдняй і вышэйшай адукацыі з удзелам прарэктара па выхаваўчай рабоце БДЭУ М.В.Мішкевіча, дэкана факультэта міжнародных адносін БДУ В.Г.Шадурскага, расійскіх і французскіх спецыялістаў і прадстаўнікоў Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь дазволіў знайсці адказы на вострыя пытанні, якія ўзнікаюць падчас выкладання французскай мовы.

Падводзячы вынікі канферэнцыі, пасол Францыі Дзідзье Канес адзначыў, што асноўнай мэтай такога прафесійнага форуму з’яўляецца абмен педагагічным вопытам, павышэнне прафесійнай падрыхтоўкі настаўнікаў французскай мовы. “Удзел пасольства ў арганізацыі і правядзенні гэтай канферэнцыі — унёсак у падтрымку і развіццё французскай мовы ў Беларусі. Акрамя таго, мы штогод запрашаем беларускіх педагогаў на стажыроўку ў Францыю. З наступнага года ў беларускіх універсітэтах пачнуць выкладаць чатыры лектары французскай мовы”, — адзначыў пасол.

Французскую мову ў беларускіх школах вывучаюць 20 тысяч вучняў, што ў два разы менш, чым было 10 гадоў назад. Як заўважыў Дзідзье Канес, гэтыя лічбы ідуць у разрэз з сусветнымі тэндэнцыямі. Колькасць франкамоўных у свеце расце. Французская мова з’яўляецца афіцыйнай у 29 краінах, яна чацвёртая мова зносін у інтэрнэце, трэцяя бізнес-мова ў свеце, другая мова ў Еўропе.

Веданне французскай мовы адкрывае шлях да навучання ў Францыі, якая з’яўляецца чацвёртай краінай у свеце па колькасці замежных студэнтаў. Штогод тут вучыцца больш за 350 тысяч студэнтаў-замежнікаў, якія прымаюцца ў французскія ўніверсітэты без дыскрымінацыі. Навучанне ў дзяржаўных універсітэтах Францыі бясплатнае для ўсіх.

Заключны вечар канферэнцыі сімвалічна прайшоў у Доме дружбы. Гасцямі і ўдзельнікамі вечарыны сталі Дзідзье Канес, аташэ па адукацыі і культуры Ксаўе Ле Тарывелек, рэктар лінгвістычнага ўніверсітэта Наталля Баранава, настаўнікі школ і выкладчыкі ВНУ. Гучала французская музыка, песні, для гасцей быў арганізаваны майстар-клас па французскіх танцах.

Акрамя таго, у вечарыне прынялі ўд зел акцёры франка-беларускай асацыяцыі Demain le printemps. Больш за 10 гадоў у Беларусь з Францыі ў рамках праекта “Тэатр” прыязджаюць маладыя людзі, якія вывучаюць у нас акцёрскае майстэрства і знаёмяцца з сістэмай Станіслаўскага. Французская вясна прыйшла на некалькі дзён у Мінск.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.