Дыдактыка вучэбнага даследавання

- 17:14Навука і інавацыі, Якасць адукацыі

Звычайна, звяртаючыся да інавацыйнай дзейнасці, мы гаворым пра яе вынікі або анансуем пачатак інавацыйнага праекта. На “кухню” практычна ніхто не пускае, бо прамежкавыя вынікі могуць не ўражваць. Але гэта цалкам нармальна: не можа новае адразу падысці ўсім. Тут як з абноўкай: яна табе патрэбна, падабаецца і падыходзіць, але пачуццё няўпэўненасці ўсё роўна ўзнікае. Інавацыйны праект прымервае на сябе калектыў педагогаў і вучняў, але з сумненнямі даводзіцца змагацца разам. Перамагае калектыўны розум.

У сярэдняй школе № 2 Чавусаў Магілёўскай вобласці стадыю прыняцця інавацыйнага праекта ўжо прайшлі. У прынцыпе, яе і не было. Некаторую няўпэўненасць усяляла пачуццё педагагічнай адказнасці: трэба адразу рабіць як трэба, а пажадана, каб увогуле ўсё было ідэальна. Насамрэч, выдатна, калі ўдзельнікі інавацыйнага праекта прыходзяць да неабходнасці імі стаць пэўным эвалюцыйным шляхам.
Інавацыйны праект “Укараненне мадэлі арганізацыі навучання як вучэбнага даследавання навучэнцаў (прадметы прыродазнаўчанавуковага цыкла)” пачаў рэалізоўвацца ў другой школе Чавусаў не проста так. Напярэдадні гэтая навучальная ўстанова не адзін год дэманстравала добрыя вынікі сваіх вучняў на навукова-практычных канферэнцыях. Цяпер, у рамках існавання інавацыйнага праекта, юныя даследчыкі ўзняліся яшчэ на прыступку вышэй.
Як заўважыла кіраўнік інавацыйнага праекта дырэктар школы Наталля Сцяпанаўна Кірпічова, зараз даследчыцкая дзейнасць іх школьнікаў арганізавана больш сістэмна. Акрамя таго, кансультантамі інавацыйнага праекта з’яўляюцца кандыдат педагагічных навук загадчык кафедры фізікі і тэхнічных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Віктар Міхайлавіч Кротаў і старшы выкладчык кафедры фізікі і тэхнічных дысцыплін гэтага ўніверсітэта Сяргей Уладзіміравіч Дарасевіч.
Праект стартаваў у 2014 годзе і працягнецца да 2017-га. У ім удзельнічаюць дырэктар установы, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, чатыры педагогі-прадметнікі, педагог-псіхолаг. Інавацыйнай дзейнасцю ахоплены 87 навучэнцаў цяпер ужо 8—10 класаў.
Для якаснай рэалізацыі праекта ў школе маецца дастатковы кадравы патэнцыял. Створаны матэрыяльна-тэхнічныя, навукова-метадычныя, інфармацыйныя і псіхолага-педагагічныя ўмовы, але недастаткова ўкамплектаваны кабінеты біялогіі, хіміі. Работа з педагагічнымі кадрамі будавалася на аснове асобасна арыентаванага падыходу з дапамогай арганізацыйна-метадычнага суправаджэння. Створаны ўмовы для ўдасканалення прафесійных кампетэнцый педагогаў праз удзел у семінарах, канферэнцыях, конкурсах.
— Навізна праекта ў тым, што ў яго рамках арганізавана самастойная пазнавальная вучэбная дзейнасць кожнага вучня праз актыўнае планаванне, выкананне і аналіз сістэмы вучэбных даследаванняў, накіраваных на адкрыццё прадметных ведаў праз дзейнасць у групе, парах, і ўзаеманавучанне пры сацыялізацыі атрыманых вынікаў.
Мэтай інавацыйнага праекта з’яўляецца стварэнне і апрабацыя дыдактычнага забеспячэння фарміравання ў вучняў сярэдняй школы даследчай кампетэнцыі (бачыць праблемы, вылучаць гіпотэзы, даваць вызначэнні паняццяў, класіфікаваць, назіраць, праводзіць доследы, абагульняць, рабіць высновы, тлумачыць, даказваць і абараняць свае ідэі), развіццё ў іх цікаўнасці і пошукавай актыўнасці пры вывучэнні прадметаў прыродазнаўчанавуковага цыкла.
Для таго каб сфарміраваць усвядомленыя і трывалыя веды, уменні і навыкі, неабходна зрабіць так, каб у вучняў да вучэбнай дзейнасці было актыўнае стаўленне. Для фарміравання такога стаўлення ў адукацыйным працэсе мэтазгодна выкарыстоўваць камунікатыўныя адукацыйныя тэхналогіі, у тым ліку такія, што прадугледжваюць розныя віды і тыпы дыферэнцыяцыі вучэбнага працэсу (парныя і групавыя формы заняткаў, спаборніцтвы, конкурсы і г.д.).
Канцэпцыямі вучэбных прадметаў “Фізіка”, “Хімія”, “Біялогія” былі вызначаны найбольш дзейсныя педагагічныя тэхналогіі, якія ўключаюць практычна значную для навучэнцаў дзейнасць, звязаную з выбарам дзеянняў, самостойным выкананнем розных відаў работ на аснове як зададзеных алгарытмаў, так і ўласна праектаваных спосабаў вырашэння вучэбных і практычных задач, — адзначыла кіраўнік інавацыйнага праекта Наталля Сцяпанаўна Кірпічова.
У ходзе рэалізацыі любога праекта ўзнікаюць цяжкасці. Былі яны і ў сярэдняй школе № 2 Чавусаў, дзе педагогі — удзельнікі інавацыйнага праекта — адзначалі свае праблемы. У некаторых узнікалі сумненні пры ўключэнні ў інавацыйную дзейнасць у адукацыйным працэсе, адзначалася наяўнасць прафесійных цяжкасцей і недахоп педагагічнай кампетэнтнасці асобных педагогаў, гаварылася пра верагоднасць пераацэнкі адукацыйных вынікаў праекта, неабходнасць пераарыентацыі дзейнасці навучэнцаў у рамках прадметнага навучання на індывідуальныя, парныя, групавыя віды дзейнасці даследчага, пошукавага, творчага плана, няпоўнасць матэрыяльна-тэхнічнай базы па біялогіі, хіміі.
Шляхамі вырашэння праблем і страхаў, якія ўзнікаюць, сталі выразныя кіруючыя, паэтапныя дзеянні, прафесійны дыялог, уключэнне сістэмы стымулаў для педагогаў. Была створана творчая група з ліку педагогаў, матываваных на інавацыйную дзейнасць, з пазітыўным стаўленнем да праектнай дзейнасці. Акрамя таго, вялікая ўвага была ўдзелена арганізацыі павышэння кваліфікацыі для той часткі калектыву, якая была гатова да пераходу на інавацыйную дзейнасць, былі наладжаны кансультацыі, прафесійны дыялог, адбывалася сістэматычнае выкарыстанне праектнай, даследчай, пошукавай дзейнасці на ўроках і ў пазакласнай рабоце. Праводзіліся псіхалагічныя трэнінгі, навучанне школьнікаў уменню працаваць у камандзе.
У рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта арганізавана даследчая дзейнасць педагогаў, вызначаны тэмы даследаванняў. Напрыклад, сярод тэм для даследаванняў па біялогіі прапанаваліся такія, як “Уплыў нікаціну і алкаголю на сардэчна-сасудзістую сістэму”, “Чаму арыстакратаў у мінулым стагоддзі называлі “блакітнай крывёй”, “Першая дапамога пры крывацёках. Донарства, яго значэнне для выратавання жыцця людзей, захоўвання іх здароўя”.
Настаўніца біялогіі Наталля Міхайлаўна Тужыкава адзначае павышэнне пазнавальнай актыўнасці ў вучняў, якія займаюцца на сярэднім узроўні, падчас урока, але самастойная падрыхтоўка да ўрока не дае пакуль патрэбнага выніку. А вось настаўніца фізікі Вольга Віктараўна Сярогіна адзначыла, што мэты, пастаўленыя перад навучэнцамі ў эксперыментальных даследаваннях, дасягнуты, пра што сведчаць выступленні навучэнцаў з дакладамі і прэзентацыямі на ўроках сацыялізацыі. Важнае значэнне мае кабінет фізікі, які ў школе з’явіўся ў кастрычніку 2015 года. Да недахопаў яна аднесла тое, што адзнака навучэнцам не выстаўляецца паўрочна і рэйтынгавая сістэма ацэнкі ў поўнай меры не замяняе звыклы бягучы кантроль.
У рамках псіхолага-педагагічнага суправаджэння інавацыйнай дзейнасці педагогам-псіхолагам праводзілася вывучэнне матывацыі навучэнцаў. Калі параўнаць вынікі вывучэння матывацыі на пачатку рэалізацыі праекта, даныя прамежкавага даследавання і даныя на цяперашнім этапе рэалізацыі праекта, можна зрабіць выснову аб тым, што ў ходзе рэалізацыі праекта ў вучняў павышаецца ўзровень матывацыі дасягнення поспеху. На пачатку праекта 72 працэнты навучэнцаў былі матываваныя на поспех, імкнуліся да яго, шмат працавалі для дасягнення поспеху. 28 працэнтаў апытаных былі матываваныя на няўдачу, праяўлялі няўпэўненасць у сабе. Цяпер практычна 90 працэнтаў навучэнцаў матываваныя на поспех.
— У выніку ўкаранення мадэлі арганізацыі навучання як вучэбнага даследавання ў адукацыйным працэсе сталі сістэматычна выкарыстоўвацца: метад праектаў (як на ўроках, так і ва пазаўрочнай дзейнасці), арганізацыя вучнёўскіх даследаванняў пры вывучэнні новага матэрыялу на ўроках прыродазнаўчанавуковага цыкла, тэхналогія крытычнага мыслення, “мазгавы штурм”, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі для арганізацыі і інфармацыйна-метадычнага суправаджэння праектнай дзейнасці, тэхналогіі Web 2.0 для арганізацыі дыстанцыйнага ўзаемадзеяння “настаўнік-вучань” у праектнай і вучэбнай дзейнасці.
Дынаміка паспяховасці па фізіцы і біялогіі станоўчая. Па хіміі было некаторае зніжэнне паспяховасці, але гэта можна растлумачыць тым, што вучэбны прадмет мае сваю спецыфіку і пачынаецца ў 7 класе, не заўсёды навучэнцы з нізкай паспяховасцю гатовы да выступлення на ўроках сацыялізацыі, не могуць яны працаваць і самастойна. Усё гэта патрабуе і больш зладжанай дзейнасці настаўніка.
У мінулым навучальным годзе былі адкрыты факультатыўныя заняткі па фізіцы і біялогіі ў класах, дзе ажыццяўляецца рэалізацыя інавацыйнага праекта. Педагогі на занятках супастаўляюць вядомыя заканамернасці і вынікі практычных даследаванняў, вылучаюць гіпотэзы для тлумачэння цяжкасцей у працэсе эксперымента, што спрыяе развіццю вучэбна-кіраўнічых уменняў.
Нашы навучэнцы працягваюць навучанне ў завочнай шматпрадметнай школе па біялогіі і фізіцы Магілёва. Ёсць школьнікі, якіх залічылі ў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, дзе яны займаюцца дыстанцыйна. Такія формы работы якраз і спрыяюць арганізацыі самастойнай пазнавальнай вучэбнай дзейнасці кожнага навучэнца з дапамогай актыўнага выканання і аналізу сістэмы вучэбных даследаванняў, накіраваных на адкрыццё прадметных ведаў праз работу ў групе, парах, і ўзаеманавучання.
З мэтай фарміравання даследчых кампетэнцый педагогаў і навучэнцаў працягнута работа па ўключэнні вучняў у даследчую і праектную дзейнасць. У школе працуе навуковае таварыства “Алімпія”, у якое ўвайшлі навучэнцы 3—11 класаў. Настаўнікі біялогіі арганізавалі пазакласную работу па біялогіі. Навучэнцы 8-х класаў з’яўляюцца ўдзельнікамі клуба “Крылаты дазор” пры прыродаахоўнай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Такі від дзейнасці дазваляе выконваць і ацэньваць вынікі эксперыментаў, вылучаць гіпотэзы і будаваць мадэлі, прымяняць атрыманыя веды для тлумачэння разнастайных з’яў і ўласцівасцей; ацэньваць дакладнасць прыродазнаўчай інфармацыі; выкарыстоўваць прадметныя веды ў праектнай дзейнасці, што з’яўляецца адной з асноўных мэт і задач вучэбных прадметаў прыродазнаўчага цыкла, — адзначыла Наталля Сцяпанаўна Кірпічова.
Усе ўдзельнікі інавацыйнага праекта адзначаюць эфектыўнасць гэтай мадэлі. Фарміруецца даследчая кампетэнцыя вучняў, развіваецца цікавасць і пошукавая актыўнасць пры вывучэнні прадметаў прыродазнаўчага цыкла. Павышаецца функцыянальная пісьменнасць педагогаў, узровень навукова-метадычнай падрыхтоўкі, яны ўсё часцей выкарыстоўваюць тэхналогію вучэбнага даследавання.
Разам з тым узнікаюць праблемы, цяжкасці пры дасягненні меркаванага канчатковага выніку. У прыватнасці, недастаткова сфарміравана самастойнасць навучэнцаў, больш камфортна навучэнцы адчуваюць сябе пад знешнім кантролем педагога. Выяўляецца недахоп ведаў школьнікаў у галіне фізікі, біялогіі, недастаткова сфарміравана патрэба і ўменне практычнага мадэлявання, узнікаюць цяжкасці і ў арганізацыі практычнай дзейнасці навучэнцаў. Тым не менш інавацыйны праект працягваецца і развіваецца. І цяпер ён не толькі прывабны. Яго ўдзельнікі сталі больш матываванымі на поспех і ўпэўненымі ў неабходнасці далейшага росту. Новая “сукенка” не толькі падышла, але і натхніла.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.