Дыханне часу

- 10:41Год гістарычнай памяці

Год гістарычнай памяці можна праводзіць па­рознаму. Я раю падарожнічаць па Бацькаўшчыне, наведваючы музеі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта храмы ўсенароднай памяці. Для нас і пра нас, для сучаснікаў і нашых нашчадкаў…

Як добра, што залы, пакоі, экспазіцыі, раздзелы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай, ёсць літаральна ва ўсіх гісторыка-краязнаўчых музеях Беларусі. Больш за тое, ваенныя экспазіцыі адкрыты ў многіх школах, і не можа не радаваць, што там экскурсіі праводзяць юныя экскурсаводы.

У музеях Беларусі мы бачым бясцэнныя рарытэты, знаёмімся з хронікамі гародоў, пасёлкаў і вёсак. Тут захоўваюцца ўспаміны салдат, партызан і падпольшчыкаў, вязняў лагераў… Перад наведвальнікамі паўстаюць як драмы асобных жыццяў, так і трагедыя ўсяго беларускага народа. Тут мы знаёмімся з тымі маленькімі перамогамі, з якіх і склалася Вялікая Перамога. І як добра, што кожны рэгіён Бацькаўшчыны захоўвае гэтую святую памяць. Як самыя дарагія госці тут сёння і ветэраны Вялікай Айчыннай, якіх, на жаль, з кожным годам становіцца ўсё менш…

У горадзе над Дзвіной добра вядомы Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза М.П.Шмырова. У музеі мы даведваемся пра дзіцячыя і юнацкія гады Міная Піліпавіча, яго жыццё, пра арганізацыю і пашырэнне партызанскага руху, стварэнне 1-й Беларускай партызанскай брыгады. У музеі захоўваюцца матэрыялы пра вызваленне Віцебска ў выніку аперацыі “Баграціён”.

Прыязджаючы ў любы горад, я перш за ўсё імкнуся наведаць мясцовыя музеі. Гэта ўнікальныя энцыклапедыі: там нібы спынілася і адначасова жыве само дыханне часу. Асаблівую гордасць, пачуццё патрыятызму адчуваеш у ваенным музеі.

Нядаўна мне пашчасціла пабываць у Гомельскім абласным музеі ваеннай славы, які быў створаны 16 лютага 2004 года. Шматлікія экспанаты адлюстроўваюць ваенную гісторыю Гомельшчыны. Так, з раздзела “Вялікая Айчынная вайна” даведваемся пра пачатак вайны, мабілізацыю, эвакуацыю, пераход прадпрыемстваў на выпуск ваеннай прадукцыі, фарміраванне палка народнага апалчэння, контрнаступленне войскаў 21-й арміі, абарону Гомельшчыны войскамі Цэнтральнага фронту ў жніўні 1941 года, акупацыйны рэжым на тэрыторыі Гомельскай і Палескай абласцей, партызанскі і падпольны рух, вызваленне Гомельшчыны, заключны этап вайны.

Завіталі мы з сябрамі і ў Музей бітвы за Днепр, што быў адкрыты ў Лоеве 9 мая 1985 года ў гонар 40-годдзя Вялікай Перамогі. Разам з пляцоўкай баявой тэхнікі на беразе Дняпра ён стаў мемарыяльным помнікам удзельнікам знакамітай аперацыі.

Мне пашчасціла тройчы наведаць Музей абароны Брэсцкай крэпасці, які быў адкрыты 8 лістапада 1956 года.

А ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны я пабываў ужо чатыры разы. Сёння гэта адзін з найбуйнейшых ваенных музеяў свету, адзін з самых важных айчынных цэнтраў патрыятычнага выхавання.

Давайце пройдзем дарогамі герояў, давайце разам падарожнічаць па ваенных музеях Бацькаўшчыны!

Канстанцін КАРНЯЛЮК,
ветэран педагагічнай працы.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.