Дыхаць напоўніцу

- 11:23Навука і інавацыі

Летась магістарская работа Іны Рэвінскай “Методыка рэгістрацыі дыхальных рухаў чалавека” была прызнана лепшай у намінацыі “Радыёэлектроніка і тэлекамунікацыі”. У сваёй рабоце дзяўчына апісала інструментальныя метады і сродкі даследавання параметраў знешняга дыхання чалавека. Актуальнасць тэмы, па словах Іны, абумоўлена пачаткам пандэміі і яе наступствамі. Зараз, ужо ў аспірантуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Іна Рэвінская працягвае свае даследаванні.

Любімымі школьнымі прадметамі Іны (дзяўчына вучылася ў Бакштаўскай сярэдняй школе Іўеўскага раёна) былі фізіка і матэматыка, якія выкладаў Томаш Гражынскі — яе класны кіраўнік. Дзякуючы Томашу Уладзіміравічу, Іна ўдзельнічала ў раённых і абласных алімпіядах па названых прадметах. Ёй таксама хацелася, каб гэтыя дысцыпліны мелі месца і ў будучай прафесіі. Так з часам і здарылася: увагу школьніцы прыцягнула спецыяльнасць “Медыцынская электроніка” ў БДУІР. Дзяўчына адразу ўсвядоміла актуальнасць гэтага напрамку, які аб’яднаў яе тэхнічнае мысленне і любоў да медыцыны.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Іна вырашыла паспрабаваць свае сілы ў магістратуры (спецыяльнасць “Прыборы, сістэмы і вырабы медыцынскага прызначэння”). Яна раўнялася на будучых калег, якія зараз ужо кандыдаты тэхнічных навук, на свайго навуковага кіраўніка — дацэнта кафедры электроннай тэхнікі і тэхналогіі факультэта камп’ютарнага праектавання БДУІР Паўла Камлача. Тут жа сур’ёзна захапілася навукай.

— Узаемадзеянне з навуковым кіраўніком — камандная работа. Такі настаўнік, як ён, заўсёды гатовы дапамагчы, і для маладога вучонага, якому патрэбна падтрымка, гэта важна, — разважае маладая даследчыца. — Маладому спецыялісту не варта баяцца пачынаць нешта новае, трэба вызначыцца, для чаго ён гэта робіць, і ўпэўнена рухацца ў напрамку сваіх ідэй. Было прыемна, калі маю работу прызналі лепшай. Гэта сведчыць пра тое, што я рухаюся ў правільным кірунку, і вельмі падбадзёрвае.

Сутнасць работы Іны Рэвінскай заключаецца ў тым, што былі распрацаваны апаратна-праграмны комплекс і методыка правядзення даследаванняў параметраў знешняга дыхання. Комплекс дазваляе вымяраць адхіленне грудной клеткі і жывата чалавека падчас дыхання. Даныя перадаюцца па Wi-Fi на персанальны камп’ютар, дзе выконваюцца іх апрацоўка і фільтрацыя, а потым праводзіцца разлік асноўных параметраў дыхання.

Апноэ (дыхальная паўза падчас сну) вызначаецца адсутнасцю ці значным змяншэннем паветранай плыні на ўзроўні рота і носа працягласцю больш за 10 секунд. Частае спыненне дыхання за ноч павялічвае рызыку развіцця артэрыяльнай гіпертэнзіі, інфаркту і інсульту, парушае рытм сэрца і можа стаць прычынай раптоўнай смерці, што сведчыць аб актуальнасці даследаванняў у гэтым напрамку.

— Мяркую, што ў перспектыве комплекс можа выкарыстоўвацца ў дыягнастычнай і спартыўнай медыцыне (напрыклад, у даследаваннях спынення дыхання падчас сну), — дзеліцца Іна Рэвінская. — Я хачу, каб вынікі маёй навуковай работы былі карысныя: як для доктара, які дыягнастуе хваробы, так і для чалавека, які мае патрэбу ў медыцынскай дапамозе.

Ірына ІВАШКА.
Фота з асабістага архіва І.Рэвінскай.