Дынаміка, інавацыі, творчасць

- 12:01Навіны рэгіёнаў

Дзе можна за кароткі час атрымаць зарад бадзёрасці і пазітыву ад выступлення крэатыўных чырлідараў, таленавітых вакалістаў і танцораў, пабачыць прэзентацыі радыёкіруемых мадэлей, робатаў і беспілотных лятальных апаратаў, прайсці майстар-класы па пескаграфіі і стварэнні шыкоўнага экадывана з выкарыстаннем пілавіння, яблыкаў, кветак, лісця і іншых прыродных матэрыялаў, пазнаёміцца з сакрэтамі падводнага царства, даведацца новае пра жыццё і паводзіны знаёмых незнаёмцаў — свойскіх жывёл і птушак, прадэгуставаць экалагічна чыстую прадукцыю, уласнаручна правесці доследы па выкарыстанні альтэрнатыўных крыніц энергіі, прыняць удзел у рабоце гульнявых і творчых пляцовак, выставах і квестах? Тысячы юных жыхароў паўночнага рэгіёна не раздумваючы адкажуць: “Вядома ж, у Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі!”

Прастора ініцыятывы, крыніца натхнення, лабараторыя росту для юных лідараў, даследчыкаў, інаватараў і вынаходнікаў — такім ведаюць Палац многія пакаленні віцяблян. Гэта вялікі ўтульны дом, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі развіваюць свае здольнасці і жаданні дзякуючы заняткам любімай справай — мастацкай і тэхнічнай творчасцю, турысцка-краязнаўчай і эколага-біялагічнай дзейнасцю, спортам, грамадскай і даследчай работай.

— Мы імкнёмся далучыць дзяцей да розных сфер нашага жыцця, каб яны маглі максімальна сябе рэалізаваць, — адзначае дырэктар палаца Дзмітрый Андрэеў. — У нас працуюць вопытныя педагогі, жыццёвым прызваннем якіх стала раскрыццё патэнцыялу моладзі, выхаванне актыўнай асобы, здольнай да творчай дзейнасці і самарэалізацыі, фарміраванне ў навучэнцаў устойлівай гарманічнай сістэмы адносін да гісторыі, грамадства, працы, іншых людзей, да сябе. Створаны дастойныя — і мы крок за крокам іх паляпшаем — умовы для развіцця творчых здольнасцей дзяцей і моладзі, дасягнення імі высокіх вынікаў. Выхаванцы палаца прымаюць актыўны ўдзел у абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, турнірах, выставах, спаборніцтвах, навукова-практычных канферэнцыях, фестывалях. Гордасцю палаца з’яўляюцца 8 узорных калектываў — пастаянных пераможцаў і лаўрэатаў конкурсаў рознага ўзроўню. Практыка паказвае, што менавіта ў дадатковай адукацыі дзіця атрымлівае першапачатковую прафесійную арыентацыю, і мы ганарымся нашымі выпускнікамі, для якіх гурткі і студыі сталі першай прыступкай у прафесію.

Абласны палац дзяцей і моладзі — сучасная шматпрофільная ўстанова дадатковай адукацыі. Тут дзейнічаюць больш за 400 аб’яднанняў па інтарэсах. У новым навучальным годзе працягваюць заняткі папулярныя ў юных жыхароў горада “Дзіцячы

АўтаМотаКлуб”, “Суднамадэляванне”, “LEGO-канструяванне і асновы робататэхнікі”, “РобаЛэнд”, “Web-дызайн”, “3D-мадэляванне”, “Камп’ютарная графіка”, “Мультыстудыя”, кадэцкая школа, інтэрактыўны кантакт-цэнтр “#Актыўная моладзь” і школа валанцёра. Плённа працуюць аб’яднанні пешаходнага, веласіпеднага, воднага і лыжнага турызму, турысцка-прыкладнога мнагаборства, спартыўнага арыентавання і скалалажання, паўэрліфтынга. Аматары прыроды з задавальненнем наведваюць “Экалагічны экспрэс”, “Заалогію”, “Іхтыялогію”, “Экасвет” і “Акварыумістыку”. У аддзеле эстэтычнага выхавання займаюцца знаёмыя далёка за межамі вобласці і рэспублікі калектывы, якія маюць званне “ўзорны”: студыя-школа “Парасткi”, студыя выяўленчага мастацтва, тэатр моды “Наш стыль”, харэаграфічны ансамбль “Рамонкi”, дзіцяча-юнацкі тэатр “Мара”, цымбальны аркестр, вакальна-харавы калектыў “Дзвіна”, вакальная студыя “Асоль”, вакальна-эстрадная студыя “Серпанцін”.

Адметнасць гэтага навучальнага года — шматлікія новыя аб’яднанні, сярод якіх — “Прататыпаванне”, “Тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў”, “Мехатроніка”, “Травазнайка”, “Свет роднай прыроды”, “Юны гідролаг”, аб’яднанне блогераў і дзіцячая тэлестудыя, “Юнармеец”, “Тэатр гульні”, “Саксафон”, “Труба, трамбон, барытон”. Кожны можа знайсці справу па душы, і кожнага тут чакаюць і рады бачыць. Традыцыі дабрыні, дзяцінства, творчасці і мары захоўваюцца і прымнажаюцца, а значыць, жыццё ў палацы і далей будзе напоўнена яркімі перамогамі і здзяйсненнямі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.