Дынастычныя старонкі Гродзеншчыны

Ёсць сем’і, члены якіх прысвячаюць сябе адной прафесіі з пакалення ў пакаленне. І педагогі сярод іх не выключэнне, а, хутчэй, правіла. На Гродзеншчыне налічваецца больш за 300 педагагічных дынастый. Гісторыю некаторых з іх больш дасканала пачалі вывучаць у абласным Інстытуце развіцця адукацыі.

Да педагагічнай дынастыі, агульны стаж якой складае 720 гадоў, належыць Тамара Міхайлаўна Карасёва (фота “Дынастычныя старонкі Гродзеншчыны (1)”), якая з 1970 па 1981 год была настаўніцай хіміі ў сярэдняй школе № 6 Гродна, потым з 1981 па 1982 год — намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 5 Гродна і з 1982 па 2001 год працавала настаўніцай хіміі гродзенскай сярэдняй школы № 19. Зараз на пенсіі, але працягвае педагагічную дзейнасць. Яе стаж — 45 гадоў.
У іх сям’і налічваецца 25 педагогаў. Пачалася гісторыя сям’і Тамары Міхайлаўны з дзядулі Ціхана Іванавіча Апанэля (1875—1932), які быў загадчыкам уезнага аддзела народнай адукацыі, і бабулі Марыі Іванаўны Апанэль (1886—1932), якая вучыла дзяцей пісьменнасці ў царкоўнапрыходскай школе (фота Дынастычныя старонкі Гродзеншчыны (2).
Маці, Зінаіда Ціханаўна Кудраўцава, і тата, Міхаіл Яфімавіч Кудраўцаў, працавалі ў Ашмянах. Маці была настаўніцай пачатковых класаў Гальшанскай сярэдняй школы. Тата — настаўнік гісторыі, замежных моў Гальшанскага дзіцячага дома, школы-інтэрната пасёлка Антонава Ашмянскага раёна. Цётка, Ніна Ціханаўна Беразоўская, таксама была педагогам (настаўніцай беларускай мовы і літаратуры). Яшчэ адна цётка, Таццяна Ціханаўна Семяняка, працавала настаўніцай хіміі ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. Дзядзька, Уладзімір Адамавіч Семяняка, быў настаўнікам матэматыкі ў той жа вёсцы. Родны і стрыечныя браты Тамары Міхайлаўны таксама пайшлі ў педагогі, і іх жонкі працуюць у школах. Тры стрыечныя сястры, 7 пляменнікаў і пляменніц — педагогі. Дачка Алена Эдуардаўна Радзівонава — выхавальнік.
Вялікая настаўніцкая сям’я Вайтулевіч-Кебіч-Хітрушка. Дынастыя Вайтулевічаў пачынаецца з Антона Іосіфавіча, настаўніка гісторыі, і Зінаіды Васільеўны, настаўніцы пачатковых класаў Краснасельскай школы. Антон Іосіфавіч Вайтулевіч (фота Дынастычныя старонкі Гродзеншчыны (3)) у 1944 годзе добраахвотна пайшоў на фронт. Ваяваў на 1-м Беларускім фронце ў складзе 3-й ударнай арміі 316-га асобнага знішчальнага процітанкавага дывізіёна. Быў удзельнікам вызвалення Варшавы і штурмаваў Берлін. Ён быў узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені, медалямі “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй”, медалём Жукава і шматлікімі юбілейнымі медалямі. Мае асабістую падзяку Сталіна. Антон Іосіфавіч быў заўсёды творчым чалавекам. Ён пісаў карціны, іграў на многіх музычных інструментах, меў прыгожы голас, займаўся разьбой па дрэве і пляценнем. У 1951 годзе заняў 2 месца ў абласным першынстве па веласіпедным спорце ў шашэйнай гонцы на 50 км. Жонка Зінаіда Васільеўна была не менш творчай асобай. Яна мела літаратурныя здольнасці — пісала вершы для дзяцей, друкавалася ў раённай і абласной прэсе. У 2001 годзе выпусціла кнігу “Вясёлы дзянёк”. Вельмі любіла рукадзельнічаць — шыла, вязала, ткала і інш. Зінаіда Васільеўна была ўзнагароджана медалём “Ветэран працы”.
Дачка Людміла Антонаўна Кебіч (фота Дынастычныя старонкі Гродзеншчыны (4)) была настаўніцай музычна-тэарэтычных дысцыплін у Гродзенскім культурна-асветніцкім вучылішчы, з 1996 года — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гродзенскага каледжа мастацтваў. У 1981 годзе скончыла ГрДУ імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Філолаг, настаўнік рускай мовы і літаратуры”. З’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, а з 2005 года — старшынёй абласнога аддзялення “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Людміла Антонаўна прайшла шлях ад педагога да намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Была ўзнагароджана шматлікімі граматамі ад Міністэрства адукацыі і Міністэрства культуры, а таксама дыпломам Саюза пісьменнікаў Беларусі. З’яўляецца аўтарам падручніка на беларускай мове для навучэнцаў вучылішч культуры і мастацтва “Элементарная тэорыя музыкі”. Лаўрэат прэміі імя А.І.Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ў 2002 годзе” ў намінацыі “Пісьменнік года”. У 2014 годзе Людміла Антонаўна стала “Чалавекам года” ў намінацыі “Грамадска-палітычная дзейнасць”.
Муж Людмілы Антонаўны Генадзь Іванавіч (фота Дынастычныя старонкі Гродзеншчыны (5)) скончыў аддзяленне народных інструментаў Маладзечанскага музычнага вучылішча і працаваў настаўнікам па класе баяна ў дзіцячай музычнай школе Ваўкавыска, дзіцячай музычнай школе № 1 Гродна, у Гродзенскім культурна-асветніцкім вучылішчы і інш. Генадзь Іванавіч іграе на многіх музычных інструментах, піша інструментальную музыку, стварае фанаграмы. Удзельнічаў у аглядах-конкурсах, канцэртах, мерапрыемствах гарадскога, абласнога, рэспубліканскага і ўсезаюзнага ўзроўняў. З’яўляецца аўтарам зборніка песень на вершы сваёй жонкі “Чароўны лістапад”, зборніка песень “Словы прызнання”. За сваю педагагічную дзейнасць і творчыя дасягненні Генадзь Іванавіч мае шэраг узнагарод, сярод якіх адна з самых прэстыжных — дыплом лаўрэата Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор 2009 года” ў намінацыі “Песенны жанр” за музыку цыкла песень “Словы прызнання”. Яго песні “Кубачак кавы” і “Вулкі Гародні” адзначаны дыпломам Саюза кампазітараў Беларусі.
Дастойным прадаўжальнікам сямейных традыцый стала дачка Вольга Генадзьеўна Хітрушка (фота Дынастычныя старонкі Гродзеншчыны (6)), настаўніца гісторыі. У школе яна працуе з 1989 года. Была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў школе № 23 Гродна, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў гімназіі № 5, а цяпер у гэтай жа гімназіі з’яўляецца дырэктарам.
Яшчэ адна вялікая дынастыя з агульным педагагічным стажам 200 гадоў жыве і працуе на Свіслаччыне — сям’я Жук-Семяняка. Першыя карані ў гэтай прафесіі пусцілі Яўген Аляксандравіч і Ірына Іосіфаўна Жук. Яўген Аляксандравіч быў настаўнікам музыкі ў Бераставіцкім і Ваўкавыскім педвучылішчах, дырэктарам Сантакоўскай сярэдняй школы, музычным кіраўніком у дзіцячым садзе. Мае ўзнагароду “Ветэран працы”. Ірына Іосіфаўна аддала любімай рабоце амаль 40 гадоў. Яна была педагогам Вішнёўскай васьмігадовай школы, выхавальнікам Свіслацкай школы-інтэрната, Свіслацкага дзіцячага сада, дырэктарам Сантакоўскай пачатковай школы, настаўніцай сярэдняй школы № 1 пасёлка Свіслач. Іх дзеці пайшлі па слядах бацькоў.
Сыны Яўген і Святаслаў Жукі працягваюць справу бацькі. Дачка Інеса Семяняка стала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, працуе ў гімназіі № 1 імя К.Каліноўскага Свіслачы. За 23 гады многія яе вучні сталі педагогамі, нехта абараніў дысертацыю, іншыя працягваюць навучанне ў педагагічных ВНУ. Інеса Яўгенаўна была пераможцай раённага этапу конкурсу “Настаўнік года”, з’яўляецца стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітай моладзі. Па выніках 2008—2009 года яе імя занесена на дошку гонару
У дынастыі Салаўянюк усе працавалі і працуюць у школах для сляпых. Аляксандр Мікалаевіч Салаўянюк у гады вайны падарваўся на нямецкім снарадзе. Яго аперыравалі ў Варшаўскім шпіталі, але ён згубіў зрок назаўсёды. Таму ў 1945 годзе бацькі пераехалі ў Гродна, дзе адкрылася школа для сляпых дзяцей. Тут ён скончыў толькі 8 класаў, бо ў 9—10 вучняў не набралася. Скончыў сярэднюю школу Аляксандр Мікалаевіч у Саратаве. Затым была вучоба на гістарычным факультэце БДУ. З 1959 па 1994 год А.М.Салаўянюк працаваў настаўнікам школы рабочай моладзі № 1 Гродна. Атрымаў званне ветэрана беларускага таварытсва сляпых.
Ніна Нікіфараўна Салаўянюк таксама вучылася ў спецыяльнай школе для сляпых у Гродне, дзе і пазнаёмілася з будучым мужам. У 50-х яна вучылася ў Гродзенскім педагагічным вучылішчы (атрымала спецыяльнасць “Настаўнік пачатковых класаў”), а потым завочна на факультэце дэфекталогіі Ленінградскага педагагічнага інстытута імя Герцэна. Працавала настаўніцай пачатковых класаў Гродзенскай школы-інтэрната для сляпых дзяцей.
Дачка Алена Аляксандраўна Пракопчык (Дынастычныя старонкі Гродзеншчыны (7)) скончыла Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча, Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Горкага на музычна-педагагічным факультэце. З 1987 года і па сённяшні дзень працуе ў Гродзенскай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем зроку. З’яўляецца выдатнікам адукацыі Рэспублікі Беларусь, стваральнікам і кіраўніком узорнага хору “Светлячок”. Вучні Алены Аляксандраўны сталі лаўрэатамі і дыпламантамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў у Маскве (гран-пры), Кіеве і Санкт-Пецярбургу.
Дынастыю Федаровіч узначальвае Ганна Сцяпанаўна Краўчанка. У гады Вялікай Айчыннай вайны яна была радысткай Вілейскага падпольнага абкама ЛКСМБ, якім кіраваў П.М.Машэраў. За баявыя заслугі ў гады вайны яна была ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені і 12 медалямі. Яе педагагічная дзейнасць пачалася ў 1955 годзе. За заслугі ў галіне народнай адукацыі Ганне Сцяпанаўне прысвоена званне заслужанага настаўніка Беларусі. Увесь свой вопыт і веды яна перадала дочкам Святлане і Наталлі, унучкам Алене і Святлане.
Наталля пасля заканчэння педінстытута выкладала біялогію ў сярэдняй школе № 10 Гродна. Была намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 18 Гродна, метадыстам, начальнікам аддзела Гродзенскага абласнога інстытута павышэння кваліфікацыі. Муж Фёдар Фёдаравіч Мардухай — старшы выкладчык фізічнай культуры ГрДУ імя Янкі Купалы.
І вось трэцяе пакаленне дынастыі — унучкі Ганны Сцяпанаўны Краўчанка — Алена Станіславаўна Федаровіч, настаўніца матэматыкі гімназіі № 6 Гродна, і Святлана Фёдараўна Кулеш, выкладчык фізічнай культуры ГрДУ імя Янкі Купалы.
Спіс педагагічных дынастый Гродзеншчыны можна доўжыць. Гэта і дынастыя Сухоцкіх, і Швабовіч, і Семянчук-Антаняк і многія іншыя. Усе яны ведаюць гісторыю сваіх сем’яў, традыцыі і працягваюць іх. І, можа, менавіта сямейная пераймальнасць прафесіі адыграе важную ролю ў падняцці прэстыжу педагагічнай дзейнасці.

Антаніна ЖВІРЫДОЎСКАЯ.