Дыпадносіны з Іранам разарваны

- 10:23Інфармацыйная гадзіна

Саудаўская Аравія разарвала дыпламатычныя адносіны з Іранам, паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы. Саудаўскі міністр замежных спраў Адэль Ібн Ахмед аль-Джубейр заявіў, што разрыў адносін звязаны з нападзеннем на дыпмісію Саудаўскай Аравіі ў Тэгеране.

Таксама ён запатрабаваў, каб іранскія дыпламаты пакінулі яго краіну на працягу двух сутак. Як паведамлялася, 3 студзеня паліцыя Ірана затрымала 40 чалавек пасля нападзення на Пасольства Саудаўскай Аравіі ў Тэгеране. Раней, 2 студзеня, Міністэрства ўнутраных спраў Саудаўскай Аравіі аб’явіла пра пакаранне 47 чалавек, абвінавачаных у тэрарызме і падбухторванні да яго. Сярод пакараных — адзін з лідараў ячэйкі “Аль-Каіда” ў Саудаўскай Аравіі Фарыс аз-Захрані, а таксама знакаміты шыіцкі прапаведнік Німр ан-Німр. Дэманстранты, якія пратэставалі супраць пакарання шыіцкага прапаведніка, атакавалі Пасольства Саудаўскай Аравіі ў іранскай сталіцы ў ноч з суботы на нядзелю. Пасля гэтага да пасольства для навядзення парадку прыбылі паліцэйскія. Расследаванне інцыдэнту працягваецца. Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун выказаў спачуванне ў сувязі з дзеяннямі дэманстрантаў у дачыненні да саудаўскага пасольства ў Тэгеране. Генсек заклікаў да спакою і стрыманасці ў адказ на пакаранне прапаведніка і заклікаў рэгіянальных лідараў правесці работу, каб пазбегнуць абвастрэння міжрэлігійнай напружанасці.