Дыпламаты наведалі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей з жонкай сустрэліся з акрэдытаванымі ў рэспубліцы кіраўнікамі дыпламатычных місій і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый і іх мужамі і жонкамі з нагоды навагодніх і калядных свят.

Па традыцыі гэтае мерапрыемства дае яшчэ адну магчымасць для дыпламатычнага корпуса азнаёміцца з новай, не звязанай непасрэдна з іх прафесійнай дзейнасцю сферай жыцця беларускага грамадства і дзяржавы. У бягучым годзе ўдзельнікі мерапрыемства акунуліся ў атмасферу прыгажосці, грацыі і спорту, наведаўшы Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы, дзе азнаёміліся з яго дзейнасцю, умовамі, у якіх рыхтуюцца будучыя чэмпіёнкі — гераіні беларускага спорту.

Кіраўнік МЗС Уладзімір Макей у сваім выступленні на мерапрыемстве падкрэсліў, што выбар спартыўнай тэматыкі невыпадковы, паколькі наступны год у Беларусі ў многім пройдзе пад знакам міжнароднага спорту. Краіна рыхтуецца прыняць значную для спартыўнага і культурнага жыцця ўсяго еўрапейскага кантынента падзею — II Еўрапейскія гульні.

Паводле слоў міністра, ужо зроблена многае, каб гасцям Беларусі было камфортна. Уведзены бязвізавы рэжым для ўдзельнікаў спаборніцтваў і балельшчыкаў, прадугледжана вызваленне ад выплаты за праезд па асобных участках платных дарог, а таксама шэраг іншых ільгот, падтрыманых кіраўніком Нацыянальнага алімпійскага камітэта Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Падводзячы вынікі адыходзячага года, кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў, што агульнымі намаганнямі год быў багатым на візіты на вышэйшым і высокім узроўнях, важныя міжнародныя падзеі. На думку міністра, усе тыя дасягненні і вынікі, якія можна занесці ў актыў па выніках года, былі б немагчымы без непасрэднага ўдзелу і падтрымкі замежных партнёраў і сяброў.

Уладзімір Макей павіншаваў гасцей з надыходзячымі навагоднімі і каляднымі ўрачыстасцямі, пажадаў міру, згоды і росквіту народам замежных дзяржаў.

Як адзначылі замежныя дыпламаты, мерапрыемства атрымалася цікавым і пазнавальным, асабліва ў кантэксце маючых адбыцца ў наступным годзе II Еўрапейскіх гульняў.