Дыплом за велападарожжа

У ІІ Міжнародным фестывалі прафесійнага майстэрства педагогаў “Пазнанне ў сутворчасці” ўзялі ўдзел больш за 100 педагогаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з суседняй Латвіі. Сярэднюю школу № 3 г. Ашмяны прадстаўлялі С.У.Лабачэўская і Т.К.Паўтаржыцкая.

Фота да матэрыяла: Дыплом за велападарожжа.Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Святлана Уладзіміраўна Лабачэўская і Таццяна Казіміраўна Паўтаржыцкая прадставілі праект адукацыйнага падарожжа “Цудоўная і непаўторная Ашмяншчына: літаратурна-турыстычныя велавандроўкі”. Праект мае на мэце актывізаваць цікавасць да чытання, літаратурнай спадчыны малой радзімы, развіваць мясцовы турызм і падтрымліваць здароўе праз велавандроўкі па Ашмяншчыне.

Для наступных этапаў конкурсу быў падрыхтаваны стэндавы даклад і прэзентацыя праекта.

Цікавым аказаўся вопыт групавой работы па правядзенні міні-даследавання “Я б у прафесію пайшоў…”. Нашай групе выпала прафесія кіроўцы. Вынікам чатырохгадзіннай працы стаў прафарыентацыйны сайт “Я кіроўца”.

Кожны канкурсант у ходзе фестывалю ўдзельнічаў у майстар-класах па выкарыстанні тэхналогій адкрытай адукацыі, пры гэтым сам мог выбраць тэму заняткаў.

Па выніках усіх этапаў конкурсу настаўнікі сярэдняй школы № 3 Ашмян адзначаны дыпломам І ступені.

Святлана ЛАБАЧЭЎСКАЯ,
настаўніца сярэдняй школы № 3 Ашмян.