Дыпломы — самым разумным

Прэміі Гомельскага гарвыканкама атрымаў 61 школьнік. Яны прысуджаны ўсім дзецям, якія заваявалі дыпломы ў фінале рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Традыцыі ўшаноўваць навучэнцаў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у інтэлектуальнай дзейнасці, ужо 11 гадоў. За гэты час уладальнікамі прэмій сталі больш як 300 юных гамяльчан. 61 дыплом сёлета — гэта вынік сістэмнай работы таленавітых педагогаў, усебаковай падтрымкі бацькоў і неверагоднага імкнення дзяцей. Дарослыя просяць падлеткаў працягваць вучыцца і працаваць над сабой. Толькі так, запэўніваюць, можна стаць прафесіяналам сваёй справы.

Напрыклад, дзевяцікласнік Арцём Асіпенка з Гомельскай Ірынінскай гімназіі марыць займацца біятэхналогіямі. Юнак цалкам адданы хіміі.

— Так, навука даволі складаная, але, дзякуючы ёй, можна адкрываць шмат невядомага і пры гэтым усё правяраць на практыцы. Да таго ж хімія развіваецца з кожным днём. Думаю, тое, што мы бачым сёння ў фантастычных фільмах, магчыма, хутка стане нашай рэальнасцю, — упэўнены Арцём.

Святлана Лушакова сёлета ўжо заканчвае гомельскі гарадскі ліцэй № 1. Будучыню дзяўчына вырашыла звязаць з IT-сферай. І ўсё ж для астраноміі, па якой заваявала дыплом пераможцы, абяцае заўсёды знаходзіць час.

— Аднойчы, калі ездзіла на прыроду, зірнула на неба — і ўсё, улюбілася, — усміхаецца дзяўчына. — Ведаеце, як ні дзіўна, калі падае зорка, абавязкова загадваю жаданне.