Дыпломы — юным даследчыкам

- 14:02Адукацыйная прастора, Рознае

У пачатку мая ў Маскве на базе Акадэміі сацыяльнага кіравання адбыўся ІІ тур VIII Міжнароднага конкурсу “Матэматыка і праектаванне”, у якім удзельнічалі 283 прадстаўнікі Беларусі, Балгарыі, Казахстана і Расіі. Беларускую каманду прадставілі навучэнцы і педагогі Брэсцкай і Мінскай абласцей.

Першыя майскія дні для навучэнцаў і педагогаў навучальных устаноў Расіі, Казахстана, Балгарыі і Беларусі, чые работы прайшлі папярэдні адбор і былі дапушчаны да ўдзелу ў другім (міжнародным) этапе, сталі “гарачымі”. 283 удзельнікі змагаліся за званне самых лепшых у сямі намінацыях: “Матэматычныя мадэлі рэальных працэсаў у прыродзе і грамадстве”, “Геаметрычныя мініяцюры”, “Матэматыка і мастацтва”, “Гісторыя матэматыкі”, “Навука матэматыка”, “Электронны тэматычны часопіс”, “Выкарыстанне матэматычных метадаў для рашэння прафесійна арыентаваных задач”.

Беларуская дэлегацыя прымала ўдзел у конкурсе ўжо ў пяты раз і зноў паказала высокія вынікі: у скарбонцы каманды чатыры дыпломы, і ўсе яны заваяваны прадстаўнікамі Мінскай вобласці.
У намінацыі “Электронны тэматычны часопіс” дыплома І ступені была ўдастоена Марыя Дойлід, навучэнка 11 класа сярэдняй школы № 4 Дзяржынска (навуковы кіраўнік Святлана Рыгораўна Пузіноўская). Яшчэ адзін дыплом І ступені ў намінацыі “Геаметрычныя мініяцюры” атрымала навучэнка 11 класа сярэдняй школы № 3 Мар’інай Горкі Вольга Саўчанка (навуковы кіраўнік Вольга Сяргееўна Раткевіч). Навучэнка гімназіі Фаніпаля Настасся Вайцяховіч была адзначана дыпломам ІІ ступені ў намінацыі “Навука матэматыка” (навуковы кіраўнік Галіна Аляксандраўна Васількевіч).

У рамках конкурсу праходзіў фестываль аўтарскіх метадычных распрацовак настаўнікаў і выкладчыкаў устаноў адукацыі, найлепшыя праекты якога вызначаліся ў намінацыі “Арганізацыя праектнай і даследчай дзейнасці навучэнцаў”. У гэтай намінацыі дыплом ІІІ ступені атрымала аўтар гэтых радкоў.
Экспертызу работ другога, міжнароднага этапу конкурсу ажыццяўляла міжнароднае журы, якое фарміруецца па ўзгадненні з краінамі — удзельніцамі конкурсу. У міжнароднае журы ўвайшлі вядучыя вучоныя ў галіне матэматыкі, методыкі навучання матэматыцы, інфарматыцы і методыкі навучання інфарматыцы. Старшыня журы — дэкан факультэта педагагічнай адукацыі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава, акадэмік Расійскай акадэміі адукацыі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Мікалай Хрыставіч Розаў, сустаршыня — прафесар Інстытута матэматыкі і інфарматыкі Балгарскай акадэміі навук, доктар педагагічных навук, прафесар Сава Гроздзеў. У гэтым годзе і мне ўдалося пабыць у якасці члена міжнароднага журы.

Міжнародны конкурс “Матэматыка і праектаванне” мае свае багатыя традыцыі. Разам з конкурснымі мерапрыемствамі яго праграма ўключала і пазнавальныя экскурсіі, што дазволіла ўдзельнікам конкурсу далучыцца да культурнай спадчыны Масквы. Праграма прадумана да дробязей — кожны год яна розная. У бягучым годзе ўдзельнікі конкурсу з вялікай цікавасцю наведалі аглядную экскурсію “Вячэрняя Масква” і аўтобусную экскурсію “Дзмітраў — малодшы брат Масквы”.

На цырымоніі закрыцця былі ўручаны дыпломы і каштоўныя падарункі 87 пераможцам і прызёрам конкурсу. Адным з самых жаданых падарункаў для юных даследчыкаў былі пуцёўкі на інтэлектуальную змену ў лагер “Арляня”, размешчаны ў маляўнічым месцы на беразе Чорнага мора. Прызы пераможцам уручалі педагогі з Балгарыі, Казахстана, Расіі і Беларусі, выхаванцы якіх на працягу многіх гадоў неаднаразова займалі прызавыя месцы ў розных намінацыях конкурсу. Цырымонія закрыцця ператварылася ў сапраўднае свята. Удзельнікі конкурсу парадавалі ўсіх, хто сабраўся, нумарамі мастацкай самадзейнасці: нацыянальныя балгарскія і казахскія песні, вершы ўласнага сачынення, бальныя танцы, песні сучасных аўтараў зрабілі цырымонію святочнай і запамінальнай.
ІХ Міжнародны конкурс “Матэматыка і праектаванне” ўжо ў кастрычніку пачне свой адлік часу. Да сямі традыцыйных намінацый арганізатары абяцаюць дадаць яшчэ дзве. Такім чынам, шансы для ўдзельнікаў павышаюцца.

Святлана ПУЗІНОЎСКАЯ,
настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 4 Дзяржынска.