Дыпломы за сістэмную падрыхтоўку

- 10:57Навіны рэгіёнаў

Рэспубліканская алімпіяда па матэматыцы праходзіла на базе гімназіі № 56 Мінска. Адміністрацыя і педагагічны калектыў пастараліся, каб юным матэматыкам было максімальна камфортна. Падчас урачыстага закрыцця ў адрас гаспадароў прагучала нямала слоў падзякі. Алімпіяда прайшла на ўзроўні. Заданні выкананы, узнагароды атрыманы.

Дыпломы І ступені былі ўручаны 14 навучэнцам, ІІ — 24, ІІІ ступені — 36 навучэнцам. Прыз міністра атрымаў вучань 9 класа сярэдняй школы № 30 Гомеля Сяргей Міхалёў.

Сярод васьмікласнікаў дыпломы І ступені атрымалі Міхаіл Хартон з гімназіі № 34 Мінска, Максім Давідзенка з сярэдняй школы № 13 Гомеля, Антон Клімза з гімназіі № 10 Мінска.

Дыпломы І ступені атрымалі вучні 9-х класаў Кацярына Дуль (гімназія № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага), Віктар Макоўскі (сярэдняя школа № 11 Віцебска), Уладзіслаў Кашчанка (гімназія № 1 Баранавіч).

У 10 класе лепшымі былі прызнаны Уладзіслаў Зверык, Георгій Гамезардашвілі з Ліцэя БДУ, Аляксандра Новік з гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага, Павел Вярыга з гімназіі № 71 Гомеля.

У 11 класе дыпломы І ступені заваявалі Артур Якаўлеў (на фота) з сярэдняй школы № 31 Віцебска, Яўген Баяк з сярэдняй школы № 13 Гродна, Арына Галубіцкая і Андрэй Нарадзецкі з Ліцэя БДУ.

У Рэспубліканскай алімпіядзе па матэматыцы прынялі ўдзел167 навучэнцаў 8—11 класаў з усіх рэгіёнаў краіны. У матэматычных здольнасцях спаборнічалі 114 хлопцаў і 53 дзяўчыны. Гасцямі алімпіяды сталі расійскія (6 чалавек 9—10 класаў) і ўкраінскія (5 чалавек 8—10 класаў) школьнікі.

Як адзначыў старшыня журы, загадчык кафедры вышэйшай матэматыкі ФПМІ Белдзяржуніверсітэта, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Сяргей Мазанік, алімпіяда прайшла нармальна. Заданні былі розныя (больш складаныя і менш, рашаліся ў два туры), але гэта не кантрольная работа, каб гаварыць пра тыповыя памылкі.

“Алімпіядныя заданні, зразумела, адрозніваюцца ад школьных. Па-ранейшаму пры рашэнні алімпіядных задач вітаецца творчасць, і нам заўсёды прыемна, калі школьнікі рашаюць задачу больш простым шляхам, чым задумвалі аўтары. Такія выпадкі былі і на гэтай алімпіядзе. Усе ўдзельнікі рэспубліканскай алімпіяды, калі будуць працягваць працаваць, дасягнуць высокіх вынікаў”, — заўважыў Сяргей Аляксеевіч.

А на гэтай алімпіядзе высокія вынікі прадэманстравалі прадстаўнікі Віцебскай вобласці. На рахунку каманды, якая складалася з 21 школьніка, 12 дыпломаў і 2 пахвальныя водгукі. Адзін з кіраўнікоў каманды, настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 31 Віцебска Наталля Уладзіміраўна Шчаглова, з гордасцю адзначыла, што гэта адзін з лепшых вынікаў вобласці на Рэспубліканскай алімпіядзе па матэматыцы.

“Такі поспех абумоўлены сістэмнай работай у працэсе падрыхтоўкі. Падрыхтоўчыя зборы праводзяцца ў нас планамерна, падчас іх мы засяроджваемся на тых тэмах, якія найбольш часта сустракаюцца ў алімпіядных задачах. Напрыклад, на алімпіядах заўсёды ёсць задачы па камбінаторыцы, тэорыі графаў, функцыянальныя ўраўненні. У падрыхтоўцы каманды ўдзельнічалі не толькі нашы школьныя настаўнікі, але і выкладчык з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта А.А.Казлоў, за што яму вялікі дзякуй.

У гэтым годзе да нас далучыўся выкладчык Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава С.М.Бародзіч, які чытаў нашым алімпіяднікам тэорыю па мнагачленах. Плённа працуюць настакўнікі матэматыкі Віцебска Л.П.Іванова, Г.В. Крыванос, М.М.Волкаў, А.У.Шугаль. Акрамя таго, у гэтым годзе нам удалося праводзіць зборы на базе дзвюх устаноў — сярэдняй школы № 31 і гімназіі № 8 Віцебска. Вялікі ўсім дзякуй. Наша каманда спрацавала”, — адзначыла Наталля Уладзіміраўна Шчаглова.

Другі кіраўнік каманды, настаўніца матэматыкі гімназіі № 8 Віцебска Святлана Васільеўна Цюльпак, заўважыла, што сёлетняя каманда Віцебскай вобласці была вельмі згуртаванай і эмацыянальна стабільнай, што таксама вельмі важна. Правільны настрой заўсёды працуе на станоўчы вынік. Пра гэта гаварыў і самы вопытны ўдзельнік алімпіяды вучань 11 класа сярэдняй школы № 31 Віцебска Артур Якаўлеў, які на рэспубліканскім этапе чацвёрты раз. Артур атрымаў дыплом І ступені.

“Я заўсёды любіў матэматыку. Гэта той прадмет, які мне даецца проста. А на алімпіядзе галоўнае — настроіцца на працоўны лад. Уменне канцэнтраваць увагу і засяроджвацца на галоўным — асноўныя спадарожнікі поспеху”, — запэўніў пераможца.

Як вядома, пасля рэспубліканскай алімпіяды для прэтэндэнтаў на ўдзел у міжнароднай арганізуюцца падрыхтоўчыя зборы. Сёлета ў такіх зборах будуць прымаць удзел 18 чалавек. А Міжнародная алімпіяда па матэматыцы пройдзе ў ліпені ў Румыніі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.